Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік Думы: Расея можа прызнаць «ДНР» і «ЛНР», «калі Парашэнка ператворыцца ў Саакашвілі»


Старшыня камітэту па СНД Дзяржаўнай думы Расеі Леанід Калашнікаў (фракцыя камуністаў) заявіў, што калі эскаляцыя канфлікту ў Данбасе працягнецца, а Ўкраіна пяройдзе да актыўных баявых дзеяньняў, тады з боку Расеі магчымыя любыя рашэньні, ажно да прызнаньня так званых «народных рэспублік» на Данбасе («ДНР» і «ЛНР»).

«Калі ўкраінская ўлада і надалей будзе адмаўляцца ад выкананьня Менскіх пагадненьняў, будзе катаваць людзей голадам і холадам, дык з боку Расеі магчымыя любыя варыянты», — сказаў ён РБК. І дадаў, што «магчыма і прызнаньне».

«Часта праводзяць аналёгіі з паўднёва-асэтынскім і абхаскім сцэнарам, калі спачатку былі прызнаныя пашпарты», — сказаў Калашнікаў, нагадаўшы падпісаны 18 лютага таму ўказ расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна аб прызнаньні ў Расеі дакумэнтаў, выдадзеных уладамі сэпаратысцкіх рэгіёнаў Украіны.

«Для гэтага Парашэнка павінен ператварыцца ў Саакашвілі. То бок, калі будзе рэальны збройны наступ Украіны», — растлумачыў сваю пазыцыю расейскі дэпутат.

У цяперашні час ніводзін з сэпаратысцкіх рэгіёнаў Данбасу не прызнаны афіцыйна як дзяржава, нават Расеяй, а прызнаньне пашпартоў «ДНР» і «ЛНР» расейскія ўлады тлумачаць «гуманітарнымі меркаваньнямі».

Сэпаратысцкія рэгіёны Грузіі Абхазія і Паўднёвая Асэтыя з пачатку 1990-х гадоў знаходзіліся ў стане неактыўнага ўзброенага канфлікту. У жніўні 2008 году ў Паўднёвай Асэтыі пачаліся баявыя дзеяньні паміж Грузіяй і прадстаўнікамі непрызнанай рэспублікі, якіх падтрымлівала Расея.

8 жніўня 2008 году прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў абвясьціў аб пачатку апэрацыі «прымусу да міру» у зоне канфлікту. Пасьля гэтага ў рэгіён былі ўведзеныя значныя расейскія сілы, якія выцесьнілі з Паўднёвай Асеціі грузінскія войскі. 26 жніўня Расея афіцыйна прызнала Паўднёвую Асецію і Абхазію ў якасьці незалежных дзяржаваў, а Грузія ў адказ разарвала дыпляматычныя адносіны з Расеяй, якія да гэтага часу не адноўленыя. Грузія лічыць Абхазію і Паўднёвую Асэтыю тэрыторыямі, акупаванымі Расеяй, і абвінавачвае Расею ў парушэньні тэрытарыяльнай цэласнасьці краіны, а сам факт прызнаньня незалежнасьці лічыць часткай анэксіі.

Глядзець камэнтары (4)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG