Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія банкі не абслугоўваюць кліентаў з пашпартамі «ДНР» і «ЛНР»


Пашпарт «ДНР», ілюстрацыйнае фота

Расейскія банкі адмаўляюцца прадастаўляць паслугі ўладальнікам пашпартоў, выдадзеных самаабвешчанай Данецкай і Луганскай народнымі рэспублікамі («ДНР» і «ЛНР»), нягледзячы на ўказ прэзыдэнта Пуціна аб прызнаньні гэтых пасьведчаньняў. Пра гэта паведамляе РБК.

Ніводзін банк з топ-30, апытаных выданьнем, прама не заявіў, што гатовы прымаць пашпарты «ДНР» і «ЛНР». У большай частцы крэдытных арганізацый адмовіліся абмяркоўваць гэтае пытаньне. У некалькіх банках растлумачылі, што ў іх існуюць афіцыйныя абмежаваньні на працу з кліентамі з так званых самаабвешчаных рэспублік. У Ашчадбанку паведамілі, што «ДНР» і «ЛНР» афіцыйна не прызнаныя, а значыць, іхныя дакумэнты не прымаюцца для банкаўскіх апэрацый.

Пазыцыя банкаў супярэчыць указу прэзыдэнта Расеі, адзначаюць юрысты РБК. Агульнае становішча Банка Расеі абавязвае працаваць з усімі дакумэнтамі, прызнанымі ў межах расейскага заканадаўства. У Цэнтрабанку пакуль не камэнтуюць сытуацыі.

18 лютага прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ аб прызнаньні расейскімі ўладамі дакумэнтаў, выдадзеных грамадзянам Украіны і асобам без грамадзянства, якія пражываюць на тэрыторыях асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны, што кантралююцца прарасейскімі сэпаратыстамі. У Крамлі заяўляюць, што прызнаньне Расеяй пашпартоў «ДНР» і «ЛНР» не парушае міжнароднага права.

XS
SM
MD
LG