Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чаканьні расейскай блякады Ўкраіна дывэрсыфікуе пастаўкі нафтапрадуктаў


Ukraine - Fuel import infographics, 24Mar2019
Ukraine - Fuel import infographics, 24Mar2019

Украіна пасьля прэзыдэнцкіх выбараў апынулася пад пагрозай паліўнай блякады з боку Расеі і Беларусі. Свабода высьвятляла, як украінскія ўлады і рынак рэагуюць на гэтую пагрозу.

У чым пагроза

Расея з 1 чэрвеня спыняе пастаўку сырой нафты ва Ўкраіну і зьмяняе сыстэму экспарту нафтапрадуктаў на ўкраінскі рынак. Згодна з пастановай расейскага ўраду, для ажыцьцяўленьня паставак дызэльнага паліва і бэнзіну (якія найчасьцей пастаўляюцца ва Ўкраіну) трэба атрымаць спэцыяльны дазвол Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі.

Тым часам пастаўкі нафтапрадуктаў ва Ўкраіну спыніла Беларусь — на палову магутнасьці працуе Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, бо расейская нафта пайшла няякасная.

Паліўны балянс Украіны

Паліўны балянс Украіны (сьветлыя нафтапрадукты, у тым ліку бэнзін і дызэльнае паліва, звадкаваны газ і маторны алей) па выніках 2018 году:

  • пастаўкі з Расеі — 33%,
  • пастаўкі зь Беларусі — 32%,
  • выраб ва Ўкраіне — 17%,
  • пастаўкі зь Літвы — 7%,
  • зь іншых крыніц — 11%.

Што кажуць ва ўрадзе

Прэм’ер-міністар Украіны Ўладзімір Гройсман заявіў, што ня бачыць небясьпекі ад нафтавай блякады з боку Расеі:

«Расея працягвае сваю эканамічную вайну супраць Украіны, яны заўсёды спрабуюць нас блякаваць такім ці іншым чынам. Мы прагназавалі, што такое можа быць, цяпер мы робім пэўныя крокі, каб мінімізаваць нэгатыўны ўплыў ад такіх зьяў. Але гэта відавочна: мы мусім усё больш і больш адыходзіць ад узаемных дачыненьняў з Расеяй, нават калі размова ідзе пра нафтапрадукты. У нас ёсьць увесь сьвет, у якім мы можам набываць якасныя нафтапрадукты. Я думаю, што ўсё будзе добра».

Міністэрства эканамічнага разьвіцьця і гандлю Ўкраіны паведаміла, што супольна зь Міністэрствам энэргетыкі і вугальнай прамысловасьці, Міністэрствам фінансаў, Міністэрствам інфраструктуры і Дзяржаўнай фіскальнай службай правядуць дадатковую ацэнку абмежаваньняў, якія ўводзяцца Расеяй. На падставе гэтай ацэнкі ўрад ухваліць дадатковыя першачарговыя дзеяньні для мінімізацыі магчымых нэгатыўных наступстваў для эканомікі Ўкраіны.

Пазыцыя новаабранага прэзыдэнта Зяленскага

У камандзе новаабранага прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага таксама перакананыя, што каляпсу ня будзе і ўкраінскае войска не застанецца бяз паліва.

«Дызэль, які пастаўляўся з Расеі, не выкарыстоўваўся для ўкраінскага войска — яно забясьпечвалася або прадукцыяй уласных украінскіх заводаў, або імпартам зь іншых напрамкаў», — сказаў Свабодзе Андрэй Герус, дарадца Ўладзіміра Зяленскага ў пытаньнях энэргетычнага сэктару.

Паводле яго, і раней пастаўкі нафтапрадуктаў з Расеі ажыцьцяўляліся на падставе дазволаў.

«Раней такія дазволы выдавала Фэдэральная служба па мытным і экспартным кантролі, а цяпер гэтым будзе займацца Мінэканомразьвіцьця. Пастаўкі будуць працягвацца, але Ўкраіне трэба быць гатовай да таго, што яны могуць быць абмежаваныя або спыніцца. Патрэбна выбудоўваць апэратыўныя закупкі па іншых шляхах — морам, з краін Балтыі і Эўропы. Апроч таго, ва Ўкраіне ёсьць два вялікія заводы, якія могуць павялічыць вытворчасьць нафтапрадуктаў. Да гэтага трэба рыхтавацца і разглядаць сытуацыю спакойна», — дадаў Андрэй Герус.

Дарадца Ўладзіміра Зяленскага перакананы, што праблемы з пастаўкамі нафтапрадуктаў зь Беларусі — часовыя:

«Спадзяюся, што Беларусь вырашыць гэтыя праблемы. Я мяркую, што Беларусь будзе адной з тых краін, якія будуць пастаўляць нафтапрадукты ва Ўкраіну. Як і краіны Балтыі, Польшча, Румынія і Баўгарыя».

Як адрэагаваў рынак

На ўкраінскім рынку пакуль няма панікі. Найперш, паводле экспэртаў кансалтынгавай групы «А-95», гэта таму, што на пачатку году ўдалося сфармаваць вялікія запасы паліва, як дызэльнага, гэтак і розных гатункаў бэнзіну. Апроч таго, апошнія некалькі гадоў Украіна паступова зьмяншала пастаўкі нафтапрадуктаў з Расеі — на карысьць Беларусі, Літвы і іншых эўрапейскіх краін.

У той жа час першыя прыкметы ажыятажнага попыту ўжо адбіліся на цэнах — на раздробным рынку кошт дызэльнага паліва вырас на 0,7–0,8 грыўняў за літар (каля 6 беларускіх капеек у пераліку), а ў аптовым сэктары — амаль на 10%, да 30 тысяч грыўняў за тону, галоўным чынам таму, што апэратары скарацілі свае прапановы — яны прытрымліваюць рэалізацыю нафтапрадуктаў, чакаючы вырашэньня пытаньня аб аднаўленьні беларускіх паставак на рынак.

«Паводле аптымістычнага сцэнару, трэба будзе знайсьці 80–100 тысяч тон, а паводле пэсымістычнага — 150–180 тысяч тон. У немалой ступені посьпех гэтай няпростай праграмы будзе залежаць ад таго, наколькі адказна беларускія НПЗ і Беларуская нафтавая кампанія падыдуць да інфармаваньня рынку аб пэрспэктывах аднаўленьня адгрузак», — мяркуе дырэктар кансалтынгавай групы «А-95» Сяргей Куюн.

Каб пазьбегнуць паліўнага крызісу, экспэрты заклікалі ўрад паскорыць рэалізацыю захадаў па зьніжэньні энэргетычнай залежнасьці ад паставак з краін СНД. Найперш яны прапануюць унесьці на разгляд у парлямэнт законапраект аб стварэньні запасу нафты і нафтапрадуктаў, а таксама збалянсаваць падаткаабкладаньне нафтапрадуктаў, зьнізіць партовыя зборы на перавалку нафты і нафтапрадуктаў і ў прыярытэтным парадку забясьпечыць марскія нафтаперавальныя комплексы рухомым чыгуначным саставам.

Падарунак на інаўгурацыю

Выглядае, што сытуацыя на рынку нафтапрадуктаў можа абвастрыцца адразу пасьля інаўгурацыі новага прэзыдэнта Ўкраіны. У ягонай камандзе асноўным шляхам вырашэньня праблемы называюць дывэрсыфікацыю паставак нафтапрадуктаў.

Андрэй Герус таксама не выключае, што Беларусь і Ўкраіна могуць вярнуцца да праекту пастаўкі нафты на Мазырскі НПЗ праз нафтаправод «Адэса — Броды».

«Калі такі праект выгадны для ўсіх, то яго трэба вывучаць, аналізаваць, праводзіць тэхніка-эканамічнае абгрунтаваньне, і калі ён выгадны, то яго трэба рэалізоўваць», — падкрэсьліў раднік Уладзіміра Зяленскага ў энэргетычных пытаньнях.

У сваю чаргу, і трэйдэры заявілі пра гатоўнасьць павялічыць пастаўкі нафтапрадуктаў праз марскія парты. Але яны занепакоеныя, ці зможа Ўкраінская чыгунка хутка апрацоўваць грузы: «Укрзалізниця» ня мае дастатковага рухомага саставу, каб вывозіць нафтапрадукты з двух асноўных марскіх тэрміналаў.

Ці ёсьць сувязь паміж абмежаваньнем паставак з Расеі і Беларусі

Тарас Ткачук, экспэрт цэнтру DiXi Group, які займаецца дасьледаваньнямі і кансультацыямі ў сфэры энэргетыкі, пакуль выключае сувязь між увядзеньнем Расеяй абмежаваньняў на пастаўкі ва Ўкраіну і пастаўкамі няякаснай нафты на заводы Беларусі:

«Толькі далейшыя крокі Расеі могуць паказаць, ці былі гэтыя крокі нейкім чынам зьвязаныя між сабой».

Экспэрт ня бачыць падстаў для паліўнага крызісу ва Ўкраіне, бо пакуль расейскія абмежаваньні набяруць моц, ва ўкраінскіх трэйдэраў ёсьць час, каб пераарыентавацца і заключыць кантракты з эўрапейскімі пастаўшчыкамі:

«А калі адновяцца пастаўкі зь Беларусі, то большая частка расейскага экспарту якраз пяройдзе да Беларусі, бо там нафтапрадукты таньнейшыя, чым у Эўропе».

«Адзінае, на што можа паўплываць гэтая сытуацыя, — на цэнавую палітыку, але гэта таксама будзе часовай зьявай, таму што Антыманапольны камітэт рэагуе дастаткова хутка на павелічэньне цэнаў, калі яно неабгрунтаванае. Гэтаксама як адбылося, калі павялічыліся цэны на звадкаваны газ», — перакананы Тарас Ткачук.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG