Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «Аднаклясьніках» расказалі, навошта пераклалі сацыяльную сетку на беларускую мову


©Shutterstock
©Shutterstock

Прадстаўнікі сацыяльнай сеткі «Аднаклясьнікі» распавялі Свабодзе, чаму вырашылі перакласьці інтэрфэйс на беларускую мову і як гэта ўплывае на беларускіх карыстальнікаў.

Напрыканцы сакавіка сацыяльная сетка «Аднаклясьнікі» прэзэнтавала інтэрфэйс на беларускай мове. Хаця б раз на месяц гэтай сацыяльнай сеткай карыстаецца 2,7 мільёна беларусаў.

Свабода распытала дырэктара па разьвіцьці і стратэгічным партнэрстве сацыяльнай сеткі «Аднаклясьнікі» Аляксандра Валодзіна і кіраўніка прэс-службы Сяргея Тамілава пра беларускіх карыстальнікаў.

«Беларуская — першая мова, якой нам не хапала»

— Чаму інтэрфэйс на беларускай мове ў «ОК» запусьцілі толькі цяпер?

Аляксандар Валодзін: Гэта важны кірунак для кожнай сацыяльнай сеткі, але, зь іншага боку, — гэта працаёмістая рэч. Пэўны час таму мы гэты працэс вырашылі глябальна не праводзіць, а паставіць на паўзу. Цяпер мы да гэтага вярнуліся. Беларуская — першая мова, якой нам не хапала.

Перакладам займалася камэрцыйнае агенцтва.

— Колькі людзей цяпер выкарыстоўваюць беларускую мову ў інтэрфэйсе?

А.В.: Беларускамоўны інтэрфэйс спрыяе выкарыстаньню мовы. Мы пакуль ня можам рабіць высновы, як гэта паўплывала. Каб падвесьці вынікі, трэба ацэньваць праз паўгода. Але мы бачым цікавасьць да гэтага. Хутчэй такая цікаўнасьць зьвязаная з элемэнтам навізны.

— Ці ўсё добра з прэмадэрацыяй, калі разьмяшчаць рэкляму па-беларуску?

А.В.: Уся рэкляма ў нас выстаўляецца праз сэрвіс MyTarget. Гэта можа заняць крыху больш часу, але праблемы з гэтым няма.

«Альгарытм паказвае беларускі кантэнт таму, каму гэта цікава»

— Кантэнт па-беларуску ў пабліках — як ён уплывае на карыстальнікаў?

А.В.: Мы зацікаўленыя, каб кантэнт быў на розных мовах, бо гэта добра, гэта разнастайнасьць. Колькасьць кантэнту на беларускай мове будзе расьці, мы прыкладзем для гэтага намаганьні.

Сяргей Тамілаў: У нас працуе разумны альгарытм, які дзейнічае з дапамогай нэўрасэтак і штучнага інтэлекту. Ён падбірае той кантэнт для карыстальнікаў, які адпавядае іхнім інтарэсам. Гэта залежыць ад сацыяльнага статусу, ад іншых цікавасьцяў, ад таго, як сябры асобнага карыстальніка рэагавалі на той ці іншы кантэнт.

Альгарытм падбірае карыстальнікам, якім цікавы беларускамоўны кантэнт, менавіта яго. Пасьля гэта разыходзіцца як сьнежны ком дзякуючы «клясам», рэпостам. Тым, каму больш цікавы расейскамоўны кантэнт, альгарытм выдае яго.

— Сёньня аўдыторыя «ОК» маладзее ці старэе ў Беларусі?

А.В.: Аўдыторыя маладзее, у тым ліку. Ёсьць шмат актыўнасьцяў: спорт, кібэрспорт, праца з блогерамі, што заваблівае да нас маладую аўдыторыю.

«У беларускай аўдыторыі меншы попыт на палітычны кантэнт»

— Які кантэнт больш папулярны ў Беларусі?

А.В.: На ўсёй постсавецкай прасторы найбольш папулярны кантэнт — гэта гумар. На другім месцы — здаровы лад жыцьця і падарожжы. У Беларусі папулярныя тэмы нічым не адрозьніваюцца ад іншых краін. Адзінае, што меншы попыт на палітычны кантэнт.

— А наколькі актыўныя дзяржаўныя органы Беларусі ў «ОК»?

А.В.: Цяпер сацыяльныя сеткі ў авангардзе працэсу па выбудоўваньні камунікацыі. У тым ліку гэта тычыцца дзяржаўных структур. Агулам, беларускія ўлады не на перадавой у гэтым напрамку.

Нават калі казаць пра суседнія краіны. Напрыклад, у Малдове раз на тры месяцы прэзыдэнт выходзіць у эфір са сваёй асабістай старонкі і адказвае на пытаньні карыстальнікаў. У Расеі ёсьць гарады, дзе ўлады выкарыстоўваюць сацсеткі, каб размаўляць з жыхарамі.

Дзяржаўныя органы Беларусі пакуль не асабліва працуюць у гэтым кірунку.

— Ці былі выпадкі, калі праваахоўныя органы Беларусі зьвярталіся з запытам заблякаваць нейкую групу ці выдаць зьвесткі пра ўладальніка?

А.В.: Гэта два розныя кірункі, іх ня варта абагульняць. Цяпер сацыяльныя сеткі часта выкарыстоўваюць для махлярства. Бываюць запыты ад праваахоўных органаў на блякаваньне, а бываюць рашэньні суду, згодна зь якімі групу трэба заблякаваць.

Па Беларусі, у асноўным, гэта запыты, зьвязаныя з махлярствам — іх мала, у сярэднім два на год, але дакладнымі падлікамі мы не займаемся.

«У „ОК“ у Беларусі папулярныя лякальныя СМІ»

— Ёсьць меркаваньне, што ў «ОК» у асноўным дзеляцца рэцэптамі ды месяцавым календаром для пасадкі на лецішчах. Ці праўда гэта?

А.В.: Калі людзі заходзяць у сацсетку і бачаць там кантэнт, то думаюць, што гэта ўвесь кантэнт. Але гэта ня ўсё. Калі ня бачыш нейкага кантэнту, гэта ня значыць, што яго няма.

С.Т.: Ёсьць важны момант па кантэнце, які адрозьнівае Беларусь ад іншых краін. У сьпісе самых папулярных СМІ — беларускія лякальныя мэдыя: пачынаючы ад Tut.by, сканчаючы «Белсатам». Лякальныя крыніцы інфармацыі найбольш папулярныя, недзе гэта рэгіянальныя навіны. У топе груп СМІ — таксама і Радыё Свабода.

— Калі людзі маюць свае праекты і прапановы, то куды яны могуць зьвярнуцца зь імі?

А.В.: Ёсьць форма камунікацыі праз службу падтрымкі, а таксама ёсьць наш блог. Можна знайсьці нейкага чалавека, які апякуецца нейкім кірункам, і напісаць яму на пошту.

— Ці плянуецца падтрымка нейкіх праектаў у Беларусі?

А.В.: Гэта вельмі цікавая тэма, але праектаў шмат, а нас — не. Калі будуць цікавыя прапановы, мы заўжды гатовыя прыдумляць нейкія формы інтэграцыі. Магчыма, мы самі будзем аддаваць больш часу, каб знаходзіць нейкія праекты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG