Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Apple ня выдала зьвесткі пра 110 акаўнтаў на запыт беларускіх уладаў. Раней выдавала


A 3D printed Apple logo is seen in front of a displayed cyber code - generic

Паводле «справаздачы аб празрыстасьці» Apple, за першую палову 2018 году кампанія атрымала адзін запыт ад беларускіх уладаў, зьвязаны з раскрыцьцём зьвестак пра 110 акаўнтаў. Запыт, сьцьвярджае Apple, цалкам адхілілі, ня выдалі ніякіх зьвестак.

Гэта быў самы аб’ёмны запыт беларускіх уладаў да Apple. Год таму беларускія ўлады атрымалі ад Apple зьвесткі паводле трох запытаў адносна прыладаў (адзін пра 18 прыладаў, другі пра адну), двух запытаў адносна фінансавых ідэнтыфікатараў (агулам сем ідэнтыфікатараў) і аднаго запыту наконт акаўнту. Два гады таму Apple выдала зьвесткі пра акаўнт паводле аднаго беларускага запыту, тры гады таму — паводле двух. У 2013 годзе Apple адхіліла запыт беларускіх уладаў і ня выдала зьвестак пра акаўнт.

Ва ўсіх выпадках, як сьцьвярджала Apple, яна выдавала некаторыя зьвесткі, якія ня тычыліся кантэнту (перапіскі, фота і г.д.).

Google сьцьвярджае ў аналягічнай справаздачы, што не выдавала беларускім уладам ніякіх зьвестак, але вядома, што на запыт беларускіх уладаў Google у 2014 годзе выдаляла з пошуку спасылку на нейкія файлы карыстальніка з Google Drive.

Microsoft заяўляе, што апошні раз атрымлівала зварот ад беларускіх уладаў у другой палове 2016 году, і той адхіліла. Яшчэ па чатыры запыты кампанія адхіліла ў 2015 і 2014 годзе, яшчэ два адхіліла і адзін задаволіла ў 2013-м.

Twitter піша, што не атрымліваў запытаў зь Беларусі і, адпаведна, не раскрываў беларускім спэцслужбам чыесьці зьвесткі.

Колькі запытаў атрымлівала і задавальняла «ЎКантакце», якой валодае расейская Mail.ru Group, і колькі сама Mail.ru, не паведамляецца. Таксама такіх зьвестак не даюць расейскі «Яндэкс», мэсэнджэр WhatsApp, які цяпер належыць Facebook, мэсэнджэр Viber, які мае беларуска-ізраільскія карані. Amazon не ўдакладняе ў аналягічных справаздачах, зь якіх краінаў прыходзілі запыты. Мэсэнджэр Telegram абяцаў даваць «справаздачы аб празрыстасьці», але пакуль адпаведны канал пусты.

Беларускі партал Tut.by таксама не публікуе справаздачаў аб супрацы са спэцслужбамі, але вядомы прынамсі адзін выпадак такой супрацы.

Доступ да інфармацыі карыстальнікаў, іх пошты, мэсэнджэраў і сацсетак беларускія спэцслужбы могуць атрымаць і незаконна, у абыход уладальнікаў сэрвісаў. Ва ўзломе сваіх сацсетак спэцслужбы падазраваў стваральнік сайта 1863x.com Эдуард Пальчыс. Ня так даўно Сьледчы камітэт купіў праграму, якая нібыта ўзломвае любы гаджэт (насамрэч, верагодна, што такой няма і ў ФБР). Са спэцслужбамі актыўна, але, магчыма, не заўсёды па сваёй волі і часам супраць закону супрацоўнічаюць беларускія мабільныя апэратары — МТС, velcom і life:).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG