Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Першы прысуд за хэштэг». Міколу Дзядка аштрафавалі на 1020 рублёў за флэшмоб #яэкстрэміст


Архіўнае фота. Мікола Дзядок на акцыі ў падтрымку палітвязьняў
Архіўнае фота. Мікола Дзядок на акцыі ў падтрымку палітвязьняў

8 красавіка суд Фрунзенскага раёну Менску пакараў штрафам у 1020 рублёў (40 базавых велічыняў) актывіста Міколу Дзядка за выраб, распаўсюд і (альбо) захоўваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў (артыкул 17.11 КаАП).

Мікола Дзядок паведаміў у сваім тэлеграм-канале, што ў адну справу аб’ядналі адразу тры пратаколы за выкарыстаньне хэштэгу і флэшмоб #яэкстрэміст, які ён правёў супраць закону аб процідзеяньні экстрэмізму, па якім у Беларусі перасьледуюць усіх нязгодных.

Да справы былі далучаныя скрыншоты са старонак актывіста ў сацсетках.

Мікола Дзядок разам з адвакаткай даводзіў суду, але безвынікова, што абрэвіятура, прызнаная экстрэмісцкай, і хэштэг, які ён выкарыстоўваў, — «гэта розныя надпісы». У хэштэгу была рашотка і чатыры малыя літары бяз кропак паміж імі.

«Адбыўся прэцэдэнт — першы ў Беларусі прысуд за хэштэг», — піша Мікола Дзядок.

«Вельмі прыкольна, што зараз ты нават ня можаш расказаць, за што цябе судзілі, бо калі ты гэта расказваеш ці паказваеш, гэта зноўку дэманстрацыя экстрэмісцкіх матэрыялаў, і зноўку суд. І так можна да бясконцасьці».

Мікола Дзядок лічыць, што яго судзяць «не за гэтыя карцінкі, а за сукупнасьць анархісцкай дзейнасьці» і за тое, што ён «прасоўвае анархізм у публічнай прасторы».

«Таму я магу хоць перагледзець усе свае пасты за апошнія тры з паловай гады, прыбраўшы зь іх увесь экстрэмізм — усё роўна знойдуць, за што скласьці пратакол, уляпіць штраф ці, калі трэба, затрымаць. А калі я ім так замінаю, то, значыцца, дзейнічаю ў правільным кірунку», — лічыць Мікола Дзядок.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG