Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіст «Белсату» патлумачыў, з чым зьвязаны ператрус

абноўлена

Алесь Залеўскі перад офісам «Белсату» падчас ператрусу

На сайце памылкова паведамілі, што затрыманы генэрал Андрэй Швед, які быў следчым у справе выбуху ў менскім мэтро.

9 красавіка з раніцы ў менскі офіс «Белсату» прыйшлі супрацоўнікі Сьледчага камітэту, цяпер там праходзіць ператрус.

Міліцыянт падчас ператрусу ў офісе тэлеканалу «Белсат» у Менску
Міліцыянт падчас ператрусу ў офісе тэлеканалу «Белсат» у Менску

Журналіст Алесь Залеўскі расказаў, што ператрус можа быць зьвязаны з крымінальнай справай, якую распачалі па факце адной з публікацый. Улетку ў сваім тэлесюжэце тэлеканал паведамляў, што ў межах расьсьледаваньня па карупцыі ў мэдыцынскай сфэры затрымалі Алега Шведа (дырэкатр «Медтэхнацэнтра»).

Калі інфармацыю прадублявалі на сайце ў тэксьце, памылкова ўказалі, што затрымалі абодвух братоў Шведаў, у тым ліку Андрэя Шведа, гэнерала, які быў сьледчым у справе выбуху ў менскім мэтро.

У канцы ліпеня «Белсат» на сваім сайце даў абвяржэньне гэтай інфармацыі, папрасіў прабачэньне ў Андрэя Шведа.

Андрэй Швед напісаў ліст Ігару Шуневічу, каб прыцягнуць да адказнасьці журналістаў за распаўсюд непраўдзівай інфармацыі. Сьледчы камітэт праводзіў праверку і летась у лістападзе прыняў рашэньне не заводзіць крымінальную справу. Але ў студзені 2019-га Менская пракуратура вярнулася да гэтай справы.

Алесь Залеўскі цяпер праходзіць сьведкам, сьледчыя спрабуюць высьветліць, хто распаўсюдзіў інфармацыю на сайце. Былі дапытаныя супрацоўнікі, Залеўскага правярала падатковая інспэкцыя.

Алег Швед: Мяне таксама не затрымлівалі

Тым часам дырэктар «Мэдтэхнацэнтру» Алег Швед паведаміў 9 красавіка Tut.by, што яго таксама не затрымлівалі.

«Сакратар далажыла, што з боку тэлеканалу былі званкі, хацелі пагаварыць з дырэктарам. На той момант я быў у камандзіроўцы ў Гомлі па будаўніцтве абʼекта, потым Віцебск, па-мойму, быў. І я так зразумеў, што на падставе гэтых няўдалых кантактаў такую інфармацыю выдалі. Ніякіх затрыманьняў не было ніколі», — сказаў сёньня Алег Швед.

Ён патлумачыў, што летам мінулага году пісаў заяву ў РУУС Менскага раёну і прасіў правесьці праверку ў сувязі з паклёпам на яго адрас з боку тэлеканалу «Белсат».

«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць

Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу

  • 430 («Атрыманьне хабару»),
  • 431 («Даваньне хабару»)
  • 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)

Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

  • 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).​
  • 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.​
  • 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).​
  • 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
  • Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
  • 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
  • 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
  • 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
  • 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.

«Ідзі і грабі». Былы высокапастаўлены чыноўнік Мінздароўя камэнтуе «справу мэдыкаў»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG