Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Восем беларускіх прадпрыемстваў трапілі ў «чорны сьпіс» Рассельгаснагляду


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Рассельгаснагляд абмежаваў пастаўкі з трох і ўвёў рэжым узмоцненага кантролю прадукцыі пяці беларускіх прадпрыемстваў. Санкцыі набудуць моц 11 красавіка, піша БелаПАН.

Абмежаваньне паставак тычыцца філіялу «Слаўгарадзкі» прадпрыемства «Бабушкина крынка» (паўторнае выяўленьне натаміцыну ў сыры), Гомельскага бялкова-тлушчавага заводу (паўторнае выяўленьне неадпаведнасьці масавай долі тлушчу ў кармавой мяса-касьцявой муцэ) і 1-й Менскай птушкафабрыкі (паўторнае выяўленьне сальманэляў у мясе птушак).

Рэжым узмоцненага лябараторнага кантролю ўводзіцца ў дачыненьні да прадукцыі, якая выпрацоўваецца агракамбінатам «Сноў» (выяўленьне афляксатыну ў каўбасных вырабах), Горадзенскім мясакамбінатам (бактэрыі роду Listeria monocytogenes у ялавічыне), прадпрыемствамі «Пухавічымясапрадукт» (энрафляксатын у каўбасных вырабах) і «Юніміт» (дынітрыкарбанілід у каўбасных вырабах), а таксама салігорскім філіялам Слуцкага сыраробнага камбінату (бактэрыі групы кішачнай палачкі ў тварагу).

«У выпадку працягу выяўленьня прадукцыі, неадпаведнай вэтэрынарна-санітарным нормам і патрабаваньням ЭАЭС, Рассельгаснаглядам будзе разгледжанае пытаньне аб магчымым абмежаваньні паставак у Расейскую Фэдэрацыю прадукцыі вышэйпералічаных прадпрыемстваў», — адзначаецца ў рэлізе.

Рассельгаснагляд «занепакоены выпадкамі паступленьня ў Расею зь Беларусі жывёлагадоўчай прадукцыі з парушэньнем вэтэрынарна-санітарных патрабаваньняў і нормаў Эўразійскага эканамічнага саюзу і Расейскай Фэдэрацыі, якія прынялі сыстэмны характар».

Ведамства зьвярнулася ў Дэпартамэнт вэтэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі з просьбай правесьці расьсьледаваньне «названых выпадкаў» і прыняць меры дзеля недапушчэньня паставак прадукцыі, якая не адпавядае вэтэрынарна-санітарным патрабаваньням і нормам ЭАЭС і РФ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG