Лінкі ўнівэрсальнага доступу

33 каровы, 280 хамякоў і леапард-нелегал: якіх жывёлін не пускалі зь Беларусі ў Расею і што зь імі стала


Belarus -- Animals at the border -- 17mar2019
Belarus -- Animals at the border -- 17mar2019

12 сакавіка расейскі Рассельгаснагляд спыніў на мяжы, а пасьля спаліў 640 кіляграмаў цвыркуноў зь Беларусі. Таксама спынялі кароў, коней і нават леапарда. А ў Беларусі на мяжы затрымлівалі 440 папугаяў, двух пітонаў і 32 яшчаркі. Свабода паглядзела, якіх жывёлін не пускаюць праз мяжу і што з імі адбываецца далей.

Цвыркуны і вугры

12 сакавіка расейская мытня спыніла груз з 640 кіляграмамі замарожаных цвыркуноў (гэтымі кузуркамі кормяць некаторых жывёлін). Груз з цвыркунамі, паводле інфармацыі мытні і Рассельгаснагляду, ня меў ніякіх дакумэнтаў. Тавар палічылі небясьпечным і спалілі на заводзе ўтылізацыі біялягічных адкідаў у расейскай Унечы, паведамляе «Agronews».

Вытворчасьць цвыркуноў у Беларусі
Вытворчасьць цвыркуноў у Беларусі

Трусы і хамякі

Сёлета ў лютым на мяжы з Расеяй памежнікі спынілі аўтобус, у якім было 280 хамякоў і 30 трусікаў. Іх перавозілі без суправаджальных дакумэнтаў і даведак аб клінічным здароўі, аўтобус ня быў абсталяваны для перавозу жывёлы. У выніку ўсю жывёлу вярнулі ў Беларусь.

Вугры

Беларускую малочную і мясную прадукцыю нярэдка спыняюць на мяжы з Расеяй, а то і наагул забараняюць пастаўкі зь некаторых прадпрыемстваў. Але бывае, што зь Беларусі ў выглядзе прадукцыі едзе экзатычны груз, які таксама не праходзіць праверкі.

Сёлета ў студзені зь Беларусі ў Расею не пусьцілі 20 тон замарожанага вугра з Кітаю. Груз вярнулі ў Беларусь той кампаніі, якая яго накіроўвала ў Расею.

Статак кароў, табун коней

Табун з 12 коней везьлі зь Беларусі ў Расею ўвосень 2017 году. Праверка Рассельгаснагляду выявіла, што дакумэнты на жывёлу былі запоўненыя з парушэньнямі. Таму коней вярнулі назад у Беларусь.

33 каровы разьвярнулі на мяжы Расеі ў кастрычніку 2016 году. Як паведамляе Рассельгаснагляд, перавозьнік меў вэтэрынарны сэртыфікат ад беларускай вэтэрынарнай службы. Але нумары на вушных бірках кароў не супалі з нумарамі ў сэртыфікаце, таму кароў вярнулі назад у Беларусь пад наглядам вэтэрынарных органаў беларускага боку.

Агулам кароў і цялятаў на мяжы з Расеяй не прапускалі за 5 гадоў некалькі разоў. Ва ўсіх выпадках іх вярталі назад у Беларусь.

Леапард-нелегал

У студзені 2013 году дарожная паліцыя Расеі спыніла мікрааўтобус зь незвычайным грузам, які рухаўся зь Беларусі. Трое мужчынаў перавозілі празь мяжу леапарда. Адзін зь іх назваўся цыркавым дрэсавальнікам, але ён меў састарэлыя дакумэнты на драпежную жывёліну. Дрэсавальнік патлумачыў, што жывёліна жыве ў ягонай кватэры ў Маскве, зь ёю ён езьдзіць на гастролі, а цяпер вяртаецца з гастроляў у Берасьці. Такую гісторыю пераказала БелТА.

Леапард у заапарку ў Горадні, архіўнае фота
Леапард у заапарку ў Горадні, архіўнае фота

Мікрааўтобус разам з драпежнікам быў арыштаваны. У такім выпадку на збор усіх неабходных дакумэнтаў даецца 5 дзён. Леапарда трымалі пяць содняў у адмысловым памяшканьні на мяжы, за ім сачыў спэцыяліст. Праз 5 дзён дрэсавальнік прывёз неабходныя дакумэнты і забраў жывёліну, удакладнілі пазьней смаленскія журналісты.

«Жывёлу могуць нават зьнішчыць»

У «Рассельгаснаглядзе», куды зьвярнулася Радыё Свабода, патлумачылі, што лёс жывёлінаў на мяжы залежыць ад канкрэтнай сытуацыі, на гэта ўплываюць некалькі фактараў.

«Мы звычайна глядзім, ці ёсьць гаспадар. Калі так, то ён мае магчымасьць вярнуць гэты груз назад. Бываюць, праўда, выпадкі, калі такі жывы груз могуць зьнішчыць, калі ніякіх дакумэнтаў на яго няма, няма гаспадара», — патлумачылі ў прэс-службе ведамства.

Канкрэтных выпадкаў, калі жывёлу, якая ехала празь мяжу нелегальна, зьнішчалі, у ведамстве не прыгадалі.

А што з жывёлінамі-нелегаламі ў Беларусі?

Жывёлу, якую перавозяць празь мяжу без дакумэнтаў, час ад часу спыняюць і ў Беларусі. Напрыклад, у лютым 2016 году на Мазырскай мытні спынілі машыну, дзе было 440 папугаяў розных пародаў. Кіроўца ня меў ніякіх дакумэнтаў на птушак. Пазьней з папугаямі сталася амаль дэтэктыўная гісторыя: іх зьмясьцілі ў карантын, пасьля перадалі на захоўваньне кіроўцу, які іх вёз з Украіны. Але праз пэўны час ён паведаміў, што папугаі проста зьляцелі. 440 птушак так і не знайшлі.

Зьнішчыць жывёліну безь неабходных дакумэнтаў могуць і ў Беларусі. Напрыклад, так зрабілі ў 2008 годзе, калі на мяжы затрымалі 6 клетак, дзе было 227 папугаяў. Іх перш усыпілі, а пасьля спалілі праз пагрозу птушынага грыпу. Гэты ўчынак тады асудзілі ўсе экалягічныя арганізацыі Беларусі.

Затрыманыя на мяжы папугаі
Затрыманыя на мяжы папугаі

Беларускую мяжу рэгулярна пераходзяць з украінскага боку каровы-«нелегалы». Улетку мінулага году мяжу перайшоў статак з 170 кароў. Жывёлу вярнулі назад украінскаму боку.

Улетку 2016 году на беларускай мяжы затрымалі легкавую машыну, кіроўца якой перавозіў у шкарпэтках 32 яшчаркі (зь іх 12 ігуан і трох сцынкаў) і 2 сеткавых пітонаў. Ніякіх дакумэнтаў гаспадар ня меў. Жывёлін забралі і перадалі ў заапаркі Менску й Горадні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG