Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхарцы Гомля не ўдалося спагнаць маральную шкоду з чыноўнікаў, якія залічылі яе да дармаедаў


Леанід Судаленка, Марыя Тарасенка, Андрэй Стрыжак у судзе 15 сакавіка 2019 году

Суд Чыгуначнага раёну Гомля вынес рашэньне па грамадзянскім пазове Марыі Тарасенкі да «камісіі садзеяньня занятасьці насельніцтва».

Чыноўнікі залічылі яе да дармаедаў, і жанчына спрабавала спагнаць за маральную шкоду. Судзьдзя Ільля Сьвірыдаў адмовіў у задавальненьні патрабаваньняў пазову.

Гэта быў першы сёлета суд у справе «дармаедзтва». Хатняя гаспадыня Марыя Тарасенка патрабуе, каб з чыноўнікаў, якія залічылі яе да дармаедаў, спагналі маральную шкоду — 1000 рублёў.

Юрыдычна «дармаедку» ў працэсе падтрымлівалі праваабаронцы Андрэй Стрыжак і Леанід Судаленка.

​Рашэньне раённага суду Марыя Тарасенка будзе абскарджваць.

«Пасьля азнаямленьня з матывавальнай часткай рашэньня будзем падаваць скаргу. Гэтым мы хочам прыцягнуць увагу да „дармаедзкага“ дэкрэту, бо гэта праблема не Марыі Тарасенкі, а 500 тысяч грамадзян, якіх улада назвала не занятымі ў эканоміцы. Важна паказаць, што ў той рэдакцыі, у якой сёньня дзейнічае дэкрэт, ён ня мае права на існаваньне», — пракамэнтаваў Леанід Судаленка.

Ён зьвярнуў увагу: Марыя Тарасенка ўжо атрымала новы квіток за камунальныя паслугі, і за гарачую ваду мусіць заплаціць у 3,5 раза больш у параўнаньні са сьнежнем 2018 году. «Калі так з восені падаражэюць газ і ацяпленьне, то ніякага сямейнага бюджэту ня хопіць на аплату камуналкі», — зазначыў праваабаронца.

На ягоную думку, дэкрэт аб «дармаедзтве» — гэта інтэрвэнцыя ў прыватнае жыцьцё, няроўнасьць перад законам, дыскрымінацыя і адмова ў правасудзьдзі (як здарылася з Марыяй Тарасенкай), і ўсё гэта — парушэньне канстытуцыйных правоў.

Пасьля таго, як 46-гадовая гамяльчанка даведалася, што яе ўнесьлі ў базу «не занятых у эканоміцы», яна зьвярнулася ў суд з грамадзянскім пазовам супраць камісіі садзеяньня занятасьці насельніцтва Чыгуначнага раёну Гомля і камітэту працы, занятасьці і сацыяльнай абароны аблвыканкаму.

Марыя Тарасенка сказала, што яе муж мае пастаянны даход, якога хапае на ўтрыманьне сям’і. Яна лічыць, што «дармаедзкі» дэкрэт парушае яе канстытуцыйныя правы, а яе як грамадзянку прыніжае і дыскрэдытуе.

Раней яна прасіла чыноўнікаў выключыць яе з базы, але тыя адмовіліся, што прынесла жанчыне маральныя пакуты — прыніжэньне, страх за будучыню. Паведамленьне, што яна «дармаедка», жанчына атрымала ў дзень свайго нараджэньня.

Галоўнае пра «дармаедзкі» дэкрэт

Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.

7 пытаньняў і адказаў пра новы «дармаедзкі» дэкрэт

Пазьней 10 сьнежня Лукашэнка пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.

  • У «базу дармаедаў» занесьлі каля 425 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.
  • Каб давесьці ўладам памылковасьць занясеньня ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.

Імаверна, пастанову Саўміну аб «дармаедах» ад 31 сакавіка прынялі задняй датай. Вядома, што 4 красавіка гэтай пастановы яшчэ не было.

Папярэдні «дармаедзкі» дэкрэт перапісалі

Першы дакумэнт аб «дармаедах» — дэкрэт № 3 ад 2015 году — абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.

У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.

Дзеяньне дэкрэту прыпынілі пасьля пратэстных «Маршаў недармаедаў», якія праходзілі ў гарадах Беларусі ўвесну 2017 году.

ТЭСТ: Даведайцеся, ці вы «дармаед»?

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG