Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пойдуць беларусы на «рэфэрэндум аб скасаваньні рэфэрэндумаў»? Ёсьць варыянт, калі так


Мітынг БНФ і незалежных прафсаюзаў, 1992 год, ілюстрацыйнае фота
Мітынг БНФ і незалежных прафсаюзаў, 1992 год, ілюстрацыйнае фота

Лукашэнка хоча неяк зьмяніць Канстытуцыю Беларусі, але пакуль ня ведае, як. Ярмошына прапанавала мяняць Канстытуцыю без рэфэрэндумаў, але вось іронія: каб ажыцьцявіць ейную ідэю, трэба правесьці рэфэрэндум. На першы погляд, нікому на такі рэфэрэндум не захочацца ісьці.

Сьцісла

  • Каб мяняць Канстытуцыю без рэфэрэндумаў, трэба правесьці рэфэрэндум ¯\_(ツ)_/¯.
  • Ёсьць нямала выпадкаў, калі здаецца, што Канстытуцыя не працуе.
  • Можна давесьці людзей да поўнай абыякавасьці і папрасіць даць апошнюю фармальную згоду на тое, каб не чапалі са сваёй палітыкай.

Што выносіць на рэфэрэндум, яшчэ не прыдумалі, а Канстытуцыю неяк трэба памяняць

Тэма зьмены Канстытуцыі падымаецца ў сувязі з будучым (і непазьбежным) транзытам улады ад Аляксандра Лукашэнкі да кагосьці іншага. Калі перадаваць цалкам усю гэтую ўладу, гэта можа быць небясьпечна для папярэдніка і набліжаных да яго.

Падобна, цяперашні кіраўнік Беларусі разумее: паўнамоцтвы наступнага трэба абмежаваць, частку перадаць каму-небудзь для процівагі. Якую і каму? Калі Лукашэнку спыталі наўпрост, ён папрасіў накідаць яму прапановаў, а сваіх ідэяў агучваць не захацеў.

Пакуль прапановы зрабіць мацнейшай Палату прадстаўнікоў (якую ня кожны мае жаданьне называць словам «парлямэнт» з увагі на цяперашнюю збольшага дэкаратыўную яе функцыю) не сустрэлі падтрымкі — толькі адзінкавыя прадстаўнікі ўлады абмяркоўваюць выбары паводле партыйных сьпісаў цэлай Палаты або яе паловы. З кім, акрамя сапраўднага парлямэнту, можна падзяліць уладу прэзыдэнта, пакуль таксама не прыдумалі.

Невядома, ці ведае Ярмошына пра абавязковасьць «рэфэрэндуму аб адмове ад рэфэрэндумаў»

У старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай узьнікла ідэя, не зьвязаная з тым, што менавіта выносіць на рэфэрэндум. Яна прапанавала проста мяняць Канстытуцыю без рэфэрэндумаў, каб не было лішняй і небясьпечнай мітусьні. Кажа, што нібыта цяпер «увесь сьвет так робіць» — адмаўляецца ад рэфэрэндумаў (увесь сьвет зьдзівіўся б).

​​Частку Канстытуцыі ўжо можна мяняць без рэфэрэндумаў. Тую, якая пра выбарчую сыстэму і рэфэрэндумы (дзе Ярмошына знаўца), мясцовае кіраваньне, пракуратуру і дзяржаўны кантроль, фінансавую сыстэму. Але нельга мяняць, не спытаўшы народу, першы разьдзел з асновамі канстытуцыйнага ладу, другі — аб правах асобы і абавязках дзяржавы, чацьвёрты — пра прэзыдэнта, парлямэнт, урад і суд, а таксама восьмы — пра дзеяньне Канстытуцыі і парадак яе зьменаў.

І ў апошнім сюрпрыз: каб ажыцьцявіць ідэю Ярмошынай пра адмову ад рэфэрэндумаў, трэба правесьці рэфэрэндум, бо адпаведны разьдзел бяз гэтага нельга мяняць. Ці ўсё так і задумана, «рэфэрэндум аб рэфэрэндумах», — невядома. Але ў Беларусі няцяжка паверыць, што Канстытуцыю мала хто чытаў.

Канстытуцыю дыскрэдытавалі

Сьвежы прыклад, які выклікае пытаньне: «а вы Канстытуцыю чыталі?». Лукашэнка даручыў сваёй адміністрацыі ўжо цяпер заняцца падрыхтоўкай сьвята — у сэнсе выбараў. І не адрываць на гэта ўрад. Але ў Канстытуцыі напісана, што выбарамі займаецца не адміністрацыя прэзыдэнта ці ўрад, а выбарчыя камісіі. Можна прыгадаць і іншыя выпадкі, якія выклікалі гэтае пытаньне.

Ці чыталі Канстытуцыю, калі прапаноўвалі адабраць у «дармаедаў» бясплатную мэдыцыну? Канстытуцыя гарантуе яе ўсім.

Ці чыталі, калі прызначалі прэм’ер-міністра, не спытаўшы Палату прадстаўнікоў? Канстытуцыя патрабуе згоды дэпутатаў.

Ці чыталі, калі ўводзілі ў школах урокі ідэалёгіі, а ў дзяржаўных установах пасады ідэолягаў? Або калі заганялі ў БРСМ? Канстытуцыя забараняе вызначаць нейкую ідэалёгію як абавязковую.

Ці чыталі пункт пра роўнасьць дзяржаўных моваў, калі… ды калі заўгодна, як узьнікае дыскрымінацыя беларускай мовы, абгрунтаваная тым, што «ну іх жа дзьве дзяржаўныя»?

Адкрыйце ў браўзэры Канстытуцыю, набярыце ў пошуку на старонцы слова «гарантуе». Або «мае права». Забаўна, праўда?

Народ можа адмовіцца ад рэфэрэндумаў, каб проста пакінулі ў спакоі, — аргумэнты ўжо гатовыя

Калі верыць эўрапейскім і незалежным беларускім назіральнікам, ёсьць правераны шлях атрымаць патрэбныя вынікі беларускіх галасаваньняў. Пакруціць у тэлевізары патрэбную думку, загнаць на датэрміновае галасаваньне, «правільна» палічыць вынікі, прыкрыўшыся попамі сьпінамі выбарчай камісіі… Звыклы мэханізм, які не даваў збояў.

Толькі прыйдзецца шмат працаваць, каб асабіста мяне змусіць адмовіцца ад хоць бы ўяўнага права сказаць «не» хоць нейкім ініцыятывам уладаў. Не немагчыма, але няпроста, бо калі хочаце надалей ўсё вырашаць безь мяне, дык давайце і цяпер безь мяне. А трэба ж нейкая падобнасьць яўкі.

Але што калі падаць гэта як «давай у апошні раз, а пасьля адчэпімся»? Кшталту, «бальшыня і так заўсёды згодная», «ня будзем расхістваць човен, пратэсты да дабра не даводзяць», «навошта марнаваць грошы, замест рэфэрэндумаў можна лякарні будаваць», «палітыка -- гэта заўсёды бруд, ня лезь у палітыку» і наагул «давайце мы зоймемся сваімі справамі, а вы сваімі».

І прэзыдэнта выбіраць у Палаце прадстаўнікоў, і Канстытуцыю мяняць там жа, а самі выбары ў Палату прадстаўнікоў праводзіць ня так часта — раз на шэсьць гадоў, напрыклад. Або наагул распусьціць Палату і аддаць ейныя функцыі зьезду мясцовых саветаў, каб мінімум выбараў было.

Можна прапанаваць нават экстрэмальны варыянт, які «народ ня прыме». Напрыклад, каб прэзыдэнт прапаноўваў адзінага кандыдата на акругу, а народ яго «прымаў». І казаць пасьля: «ну вам жа не спадабалася, вы ж выступілі супраць, дык ужо схадзіце на адны выбары раз на шэсьць гадоў».

Або можна не спрабаваць адшукаць «свой асаблівы шлях» разьвіцьця дзяржавы і не прыдумляць нейкія прапановы, каб правесьці рэфэрэндум, бо «трэба ж». А пачаць з таго, каб хоць цяперашняя Канстытуцыя без выключэньняў выконвалася.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG