Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канапацкая растлумачыла, чаму галасавала супраць прызначэньня Румаса прэм’ерам


Ганна Канапацкая, архіўнае фота

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая была адзінай, хто 5 кастрычніка галасаваў супраць кандыдатуры Сяргея Румаса на пасаду прэм’ер-міністра, паведаміла «Наша Ніва».

У тайным галасаваньні ўзялі ўдзел 106 дэпутатаў са 110. Галасаваньне адбывалася праз паўтара месяца пасьля прызначэньня Сяргея Румаса на пасаду ўказам Аляксандра Лукашэнкі, хоць Канстытуцыя патрабуе прызначаць прэм’ера са згоды Палаты прадстаўнікоў і дае дэпутатам два тыдні на роздум пасьля ўнясеньня кандыдатуры.

«Я разумею, што прэм’ер патрэбны, — расказала «Нашай Ніве» Ганна Канапацкая. — Можа быць, Румас і ня самы горшы варыянт, але трэба неяк больш адказна падыходзіць да выбару кандыдатуры і не парушаць Канстытуцыю.

Я галасавала супраць, бо, па-першае, быў парушаны парадак унясеньня кандыдатуры прэм’ера. Па-другое, Румас гаворыць правільна, але дзеяньні паказваюць, што нічога ня зьменіцца. Радыкальных дзеяньняў зь ягонага боку ня будзе. Ён не гатовы спрачацца з Лукашэнкам.

Ну і словы, як звычайна, разыдуцца са справамі. Румас кажа, што бюджэт будзе накіраваны на сацыяльныя пытаньні, а не на падтрымку стратных прадпрыемстваў — і тут жа пагаджаецца з указам нумар 399 пра дзяржаўную падтрымку сельгаспрадпрыемстваў. А слова «лібэралізацыя» ў яго выступе ўвогуле не прагучала».

Канапацкая — адзіная прадстаўніца апазыцыйных партыяў у Палаце. Яна лічыцца адной зь дзьвюх апазыцыйных дэпутатак: да апазыцыі прылічваюць таксама беспартыйную Алену Анісім з Таварыства беларускай мовы.

Анісім прысутнічала ў Палаце прадстаўнікоў падчас галасаваньня, і галасавалі ўсе са 106 дэпутатаў, хто атрымаў бюлетэні. Такім чынам Анісім падтрымала кандыдатуру Румаса.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG