Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзьведзеў лічыць пакуль бессэнсоўным разважаць пра назву валюты «саюзнай дзяржавы»


Дзьмітрый Мядзьведзеў. Архіўнае фота.

Прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў лічыць заўчаснымі і пакуль пазбаўленымі сэнсу развагі пра тое, як магла б называцца валюта так званай «Саюзнай дзяржавы РФ і Беларусі».

Такое меркаваньне ён выказаў на прэсавай канфэрэнцыі па выніках перамоваў з прэм’ер-міністрам Люксэмбургу Ксавье Бетэлем, паведамляе расейскае інфармацыйнае агенцтва ТАСС.

«Бессэнсоўна казаць пра тое, дзе будзе эмісійны цэнтар, як будзе называцца валюта, пакуль ня будзе праведзеная нудная праца па ўзгадненьні асноўных дакумэнтаў, на базе якога гэты саюз павінен працаваць», — падкрэсьліў Мядзьведзеў.

Ён назваў рух да інтэграцыі ў цэлым «нармальным і слушным». Адказваючы на просьбу пракамэнтаваць шэраг нядаўніх крытычных выказваньняў на гэты конт прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнка, Мядзьведзеў нагадаў, што кіраўнікі дзьвюх дзяржаваў ужо сустракаліся нядаўна і абмяркоўвалі гэтае пытаньне.

«Мне здаецца, што над гэтым трэба працаваць, а не проста казаць пра тое, што "відавочна Расея нічога ня хоча, гэта ўсё для прыкрыцьця", — лічыць прэм’ер. — Калі б так разважалі бацькі-заснавальнікі Эўрапейскага Зьвязу, то ніякага Эўрапейскага Зьвязу не было б». «Увогуле любы саюз заснаваны на даверы, а не на камэнтарах пра тое, у чым мы кагосьці падазраём, што там прыбеглі і на вуха сказалі. Ня вельмі добры шлях».

Мядзьведзеў адзначыў, што для паглыбленьня далейшай інтэграцыі дзьвюх краінаў «трэба стварыць тыя інстытуты, якія ня створаныя». «Гэта можа здарыцца, толькі калі будзе згода двух бакоў, сілком туды нікога зацягнуць немагчыма», — падкрэсьліў кіраўнік кабінэту міністраў Расеі.

«Што ж тычыцца будучыні, то, на мой погляд, я, на гэтую тэму выступаючы, яшчэ некалькі месяцаў сказаў, што ў нас існуе два шляхі — дамова 1999 году... Гэты шлях прасунуты для Расеі і для Рэспублікі Беларусь, але толькі трэба стварыць тыя інстытуты, якія ня створаны, і тады можна сказаць, што гэты Саюз адбыўся. Гэта можа здарыцца, толькі калі будзе згода двух бакоў. Сілком туды зацягнуць нікога немагчыма», — сказаў Мядзьведзеў.

«Такім чынам, мы можам застацца ў рамках Дамовы і стварыць ня вельмі аб’ёмны Саюз, але які дае пэўныя перавагі абодвум бакам аб’яднаньня... Другі шлях — ісьці па той дамове, якая была падпісаная, і рэалізоўваць пазыцыі, якія выцякаюць наўпрост з дамовы», — цытуе Дзьмітрыя Мядзьведзева расейскае агенцтва РИА-Новости.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG