Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзьведзеў: Беларусі трэба цаніць фінансавую дапамогу Масквы


Дзьмітрый Мядзьведзеў, архіўнае фота

Прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў на нарадзе зь віцэ-прэм’ерамі расказаў пра сытуацыю з расейска-беларускімі стасункамі, піша ТАСС.

Як заявіў Дзьмітры Мядзьведзеў, Расея дапамагае Беларусі, «вымаючы грошы з нашай эканомікі». Гэта, кажа ён, «трэба цаніць» пры разважаньнях аб «саюзьніцкіх стасунках».

Пры тым Расея, дадаў ён, «не патрабуе вяртаньня крэдытаў» (якіх, паводле расейскага прэм’ера, набралася на 6,5 млрд даляраў без уліку пазыкі на будаўніцтва БелАЭС), а пралянгуе (адкладае сплату) па просьбе беларускіх уладаў нават тады, калі «для нас закрытыя фінансавыя рынкі заходніх краінаў».

Таксама Мядзьведзеў падкрэсьліў, што падатковы манэўр Расеі быў «сувэрэнным рашэньнем», якое, тым ня меней, адбілася на «некаторых суседзях». Занепакоенасьць гэтых суседзяў, запэўніў Мядзьведзеў, у Расеі разумеюць, перамовы працягваюць.

«Мы ніколі не абяцалі кампэнсаваць неатрыманыя даходы іншых краінаў, хай нават самых-самых блізкіх, хоць у шэрагу выпадкаў мы ў апошнія гады па просьбе гэтых дзяржаваў ішлі на тое, каб даць ім розную беззваротную падтрымку», — дадаў Мядзьведзеў.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр — зьмена спагнаньня экспартнага мыта на падатак на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Раней і да канца 2018 году ў Расеі экспарт сырой нафты абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны.
  • Мыта не спаганялася зь паставак у Беларусь на 18-20 мільёнаў тон у год.
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала 3 мільярды 600 мільёнаў даляраў, а за наступныя 4 гады недаатрымае 11 мільярдаў пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч казаў, што агульныя страты ад падатковага манэўру ацэньваюцца ў 8–12 млрд даляраў.
  • Віцэ-прэмʼер Беларусі Ігар Ляшэнка заявіў, што Беларусь разьлічвала на кампэнсацыю каля 310–315 мільёнаў даляраў.
  • У якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля 405 млн даляраў. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG