Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гандлёвыя войны: Расея забараніла ўвоз украінскіх прамтавараў, сельгаставараў і сыравіны


Прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў

Расея ўвяла эмбарга на ўвоз у краіну прамысловых і сельскагаспадарчых тавараў, а таксама сыравіны і харчаваньня, якія вырабляюцца ва Ўкраіне ці перамяшчаюцца празь яе тэрыторыю, паведамляе «Настоящее время».

Адпаведную пастанову падпісаў кіраўнік расейскага ўраду Дзьмітрый Мядзьведзеў.

У прэс-службе ўраду адзначаюць, што Масква можа адмяніць эмбарга, калі Кіеў здыме забарону на ўвоз канкрэтных расейскіх тавараў.

25 сьнежня ўрад Расеі пашырыў сьпіс фізычных і юрыдычных асобаў Украіны, у дачыненьні да якіх уведзеныя санкцыі: у новы сьпіс дададзеныя 245 чалавек і сем кампаній. Усяго ў ім цяпер 567 чалавек і 75 кампаній.

У лістападзе 2018 году Расея ўвяла спэцыяльныя эканамічныя меры ў дачыненьні да 322 грамадзян і 68 кампаній Украіны. Контарсанкцыі, як вынікала з указу, які 22 кастрычніка падпісаў Уладзімір Пуцін, будуць адмененыя толькі пасьля таго, як Украіна адменіць санкцыі ў дачыненьні да грамадзян і юрыдычных асобаў Расейскай Фэдэрацыі.

Украіна ўвяла супраць Расеі санкцыі ў 2014 годзе пасьля анэксіі Крыму і пачатку канфлікту ва Ўсходняй Украіне. Усяго ў санкцыйным сьпісе значацца 786 юрыдычных асобаў і 1759 фізычных, у тым ліку алігархі Алег Дзерыпаска, Віктар Вексэльбэрг і кіраўнік «Газпрома» Аляксей Мілер.

У ліпені 2018 году Кіеў таксама дадаў у санкцыйны сьпіс расейскія партыі, Цэнтральную выбарчую камісію (за правядзеньне выбараў у Крыме) і сям’ю Ратэнбэрга. Апошнімі, каго закранулі абмежаваньні, сталі расейскія кампаніі, якія гандлююць з так званай «ЛНР» і возяць грузы праз закрытыя пункты пропуску.

26 сьнежні Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Украіны прыняла рашэньне аб увядзеньні дадатковых санкцыяў у дачыненьні да расейскіх фізычных і юрыдычных асобаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG