Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве адрэагавалі на заяву Лукашэнкі, што Расея можа страціць Беларусь як саюзьніцу


Пратэст супраць саюзу Беларусі і Расеі каля расейскай амабсады ў Менску

Стратэгічны курс на ўмацаваньне стасункаў зь Беларусьсю ня ставіцца пад сумнеў, заявіла афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава. Яна сказала, што з гэтай мэтай створана адпаведная расейска-беларуская рабочая група.

«Беларусь — наш надзейны саюзьнік, партнэр. Курс на пашырэньне стратэгічнага ўзаемадзеяньня зь Менскам не падлягае сумневу, гэта замацавана, у прыватнасьці, у канцэпцыі замежнай палітыкі нашай краіны. Мы лічым, што ў рамках Саюзнай дзяржавы яшчэ шмат можна зрабіць, каб падвысіць эфэктыўнасьць інтэграцыйнага фармату», — цытуе расейскую чыноўніцу «Інтэрфакс».

Марыя Захарава
Марыя Захарава

Такім чынам Марыя Захарава пракамэнтавала нядаўнія заявы Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што Расея можа страціць «адзінага саюзьніка на заходнім напрамку». Прычынай кіраўнік Беларусі назваў адсутнасьць дамоўленасьцяў наконт кампэнсацыі за падатковы манэўр Расеі ў нафтавай сфэры.

«Ня трэба лічыць, што гэта катастрофа. Калі кіраўніцтва Расеі выбера такі шлях руху і страту адзінага саюзьніка на заходнім напрамку, гэта іх выбар — мы ж іх прымусіць ня можам», — заявіў Лукашэнка на нарадзе з урадам.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
  • Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
  • У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
  • Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн. ​
  • У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
  • 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.

Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG