Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі апазыцыйны палітык Уладзімір Рыжкоў: Пакуль Расея аўтарытарная, спроба Беларусі інтэгравацца на Захад ня пройдзе


Уладзімір Рыжкоў
Уладзімір Рыжкоў

Госьць «Інтэрвію тыдня» — былы намесьнік старшыні Дзяржаўнай Думы Расеі Ўладзімір Рыжкоў. Ён распавядае, чаму расейскае грамадзтва ня мае ніякага энтузіязму і эўфарыі ад ідэі далучэньня Беларусі, тлумачыць фэномэн папулярнасьці Лукашэнкі ў Расеі і прагназуе, у якім выпадку Масква захоча дэстабілізаваць Беларусь, падарваць яе знутры і звонку.

Уладзімір Рыжкоў — расейскі апазыцыйны палітык, старшыня грамадзкага руху «Выбор России». Першы намесьнік старшыні (1997–1999) і дэпутат чатырох скліканьняў (1993–2007) Дзяржаўнай Думы Расеі. Кандыдат гістарычных навук. Прафэсар Вышэйшай школы эканомікі. На прэзыдэнцкіх выбарах 2018 году быў даверанай асобай і сустаршынём выбарчага штабу кандыдата Рыгора Яўлінскага.

Нават калі Лукашэнка нешта паабяцае Пуціну, гэта не азначае, што беларускае грамадзтва прыме гэты выбар і ня будзе з гэтым змагацца

— Апошнія тыдні ў расейскай прэсе даволі актыўна абмяркоўваецца «беларуская тэма». Верагодна, актыўна гэта пачалося пасьля сьнежаньскага раўнду перамоваў паміж кіраўніцтвам Беларусі і Расеі, калі прэм’ер Расеі Мядзьведзеў выставіў свой знакаміты «ўльтыматум»: маўляў, альбо давайце сапраўды інтэгравацца, альбо — скарачэньне эканамічных прэфэрэнцыяў. Па-вашаму, ці гэта проста такі варыянт сказаць Менску «адваліце ад нас, грошай больш няма», ці Масква сапраўды хоча большай інтэграцыі?

— Перш за ўсё, варта адзначыць, што і Расея, і Беларусь на дадзены момант — аўтарытарныя дзяржавы. І там, і там адсутнічае публічная палітычная сфэра, калі ключавыя пытаньні палітыкі абмяркоўваюцца шырока, усенародна, публічна, адкрыта. І калі асобы, якія прымаюць рашэньні, нясуць адказнасьць.

Мы маем справу з закрытымі, вузкімі перамовамі, у якіх бяруць удзел па некалькі чалавек з кожнага боку, а ў пэўныя ключавыя моманты ўсяго два чалавекі — Пуцін і Лукашэнка. І гэта вельмі важны момант, бо ні беларускае, ні расейскае грамадзтва ня ведаюць пра тое, што адбываецца на самой справе, ня могуць пра гэта даведацца і ня могуць удзельнічаць у абмеркаваньні. Між тым размова ідзе пра будучыню Беларусі і будучыню Расеі. А ўсё праходзіць у закрытым рэжыме, калі нам застаецца толькі здагадвацца, пра што два аўтарытарныя лідэры дамаўляюцца паміж сабой.

Уладзімер Пуцін размаўляе з Аляксандрам Лукашэнка падчас хакейнай гульні ў Сочы
Уладзімер Пуцін размаўляе з Аляксандрам Лукашэнка падчас хакейнай гульні ў Сочы

Гэта сама па сабе непрымальная сытуацыя, якая можа прывесьці да непрадказальных наступстваў. Нават калі Лукашэнка нешта там паабяцае Пуціну, то гэта далёка не азначае, што беларускае грамадзтва прыме гэты выбар і ня будзе з гэтым змагацца.

Усе гэтыя размовы на беларускую тэму (прынамсі ў Расеі) ідуць на фоне «праблемы 2024», калі ў Пуціна заканчваецца другі прэзыдэнцкі мандат. Паводле Канстытуцыі ён павінен пакінуць пасаду прэзыдэнта. Таму, калі ў сьнежні Пуцін і Лукашэнка пачалі сустракацца гэтак часта, як ніколі — адразу ўзьніклі чуткі, што, магчыма, за гэтым стаіць ідэя абраньня Пуціна прэзыдэнтам «Саюзнай дзяржавы», каб такім чынам працягнуць ягоную ўладу.

Энтузіязму і эўфарыі, якія былі ў адносінах да Крыму, у адносінах да Беларусі няма і быць ня можа

— А як расейскае грамадзтва ставіцца да «беларускай тэмы»? Ці жадае яно, каб Беларусь заставалася дружалюбнай, але незалежнай краінай? Ці нейкая частка лічыць, што Беларусь трэба далучыць? Ці працуе яшчэ ў грамадзтве «варыянт Крыму», ці грамадзтва стамілася ад ягоных наступстваў?

— Калі казаць у цэлым — «варыянт Крыму» тут ня пройдзе. Зусім нядаўна расейскія сацыёлягі замервалі гэтую тэму, і высьветлілася наступнае. Стаўленьне да «Крыму» было вельмі эмацыйнае. У стаўленьні да Беларусі такіх эмоцыяў няма. Большасьць расейцаў добра ставіцца да Беларусі, лічаць яе дружалюбнай братэрскай дзяржавай, лічаць, што саюз паміж Беларусьсю і Расеяй — гэта добра. Але яны не падтрымаюць ніякіх радыкальных крокаў — тым болей зьвязаных з крызісам у адносінах, масавымі пратэстамі, супрацівам і гэтак далей.

Да таго ж і ў народзе, і ў элітах гучаць галасы, што гэта надта дарагая прыемнасьць. За 5 гадоў з моманту далучэньня Крыму людзі ўсё больш разумеюць, што гэта вельмі дарагая цацка. Цяпер Крым увайшоў у пяцёрку расейскіх рэгіёнаў з самым вялікім аб’ёмам датацыяў, разам з Чачнёй, Дагестанам і Якуціяй. І людзі разумеюць, што любая форма «далучэньня» Беларусі дасца Расеі ў капейчыну.

Таму я шчыра адказваю на ваша пытаньне — энтузіязму і эўфарыі, якія былі ў адносінах да Крыму, у адносінах да Беларусі няма і быць ня можа.

— Ці можна ў сувязі з гэтым сказаць, што ў Расеі «лядоўня пачынае перамагаць тэлевізар»? То бок пытаньні ўнутранага жыцьця і эканомікі пераважаюць над замежнай палітыкай. Рэйтынг Пуціна падае, ён гэта, відавочна, ведае, і сваё апошняе прэзыдэнцкае пасланьне прысьвяціў менавіта ўнутраным праблемам.

— Абсалютна слушна. Гэтая тэндэнцыя намецілася яшчэ гады 2–3 назад, калі людзі сталі ўсё больш бурчаць і раздражняцца, што Пуцін займаецца ў асноўным замежнай палітыкай, у той час калі ўнутраная сытуацыя пагаршаецца. Я скажу для нашых беларускіх слухачоў, што рэальныя даходы расейцаў падаюць пяты год запар. І ў сярэднім жыхар Расеі стаў на 20 працэнтаў бяднейшы, чым у 2014 годзе. Людзі ўсё больш папракаюць Пуціна і Крэмль у тым, што тыя захапіліся замежнапалітычнымі гульнямі на шкоду разьвіцьцю эканомікі.

Марш памяці Барыса Нямцова ў Маскве, 24 лютага 2019
Марш памяці Барыса Нямцова ў Маскве, 24 лютага 2019

Рэйтынгі ўлады падаюць, сёньня яны мінімальныя за шмат гадоў. І сапраўды, Пуцін у сваім пасланьні Фэдэральнаму Сходу адрэагаваў на гэта, і таму 90 працэнтаў ягонай прамовы было прысьвечана сацыяльным абяцаньням. Усе зьвярнулі ўвагу, што ён ані разу не ўзгадаў Украіну, Сырыю, Вэнэсуэлу. Пра Беларусь было сказана адной фразай, што інтэграцыя — гэта добра. Хоць многія чакалі, што ён разгорнута выкажацца, чаго ён хоча ад сустрэчаў з Лукашэнкам і які там плян. Гэта кажа пра тое, што замежная палітыка страціла папулярнасьць у расейскім грамадзтве і яно патрабуе ад улады, каб тая нарэшце занялася ўнутранымі справамі.

Існуе міт, што ў Беларусі самыя лепшыя дарогі, самая смачная бульба, самыя чыстыя гарады

— Цікавы фэномэн, што Лукашэнка застаецца даволі папулярным палітыкам у Расеі. Ня так даўно на сайце «Эхо Москвы» ён у галасаваньні сярод карыстальнікаў разгромна перамог Пуціна. Чым можна патлумачыць гэты фэномэн і якія палітычныя высновы зь яго вынікаюць?

— Аўдыторыя «Эхо Москвы» ў прынцыпе цярпець ня можа Пуціна. Калі б вас паставілі там супраць Пуціна — вы б таксама яго разграмілі. Нават пры тым, што многія вас ня ведаюць. Любога пастаўце побач з Пуціным — і ён выйграе на «Эхо Москвы». Гэта не рэпрэзэнтатыўная выбарка.

Па-другое, людзі ня ведаюць рэальнага жыцьця беларусаў. «Паўсюль добра, дзе нас няма». Існуе міт, што ў Беларусі самыя лепшыя дарогі, самая смачная бульба, самыя чыстыя гарады. Што там захаваліся калгасы, у якіх жывуць шчасьлівыя калгасьнікі. Пры гэтым 99 працэнтаў расейцаў ніколі не былі ў Беларусі і ня маюць ніякага ўяўленьня, як там рэальна жывуць людзі. У адрозьненьне ад мяне. Я бываў у Беларусі і я ведаю, якая там беднасьць. Я размаўляў зь людзьмі, ведаю, якія там заробкі. Гэты паўпусты Менск, адкуль шмат людзей паўцякалі на заробкі, хто куды здолеў.

Расейцы пра гэта ня ведаюць, яны не ўяўляюць, як рэальна жыве Беларусь. Да таго ж ёсьць даволі актыўная беларуская прапаганда. Лукашэнка штогод зьбірае рэгіянальных журналістаў з усёй Расеі, ім распавядаюць, як шчасьліва жывуць беларусы, паказваюць ім «пацёмкінскія вёскі», вітрыну. Потым яны вяртаюцца дадому і апісваюць гэта. Так што ёсьць міталёгія, ёсьць прапаганда і ёсьць няведаньне рэальнага жыцьця беларусаў.

— Як можна вызначыць стаўленьне расейскіх дэмакратаў і апазыцыі да Беларусі? Часам у Беларусі гучаць галасы, што расейская апазыцыя ў некаторых замежнапалітычных пытаньнях мала чым адрозьніваецца ад улады, мае тую ж самую імпэрскую сьвядомасьць (напрыклад, некаторыя заявы Навальнага). Расейская дэмакратычная апазыцыя ня супраць таго, каб Беларусь мела эўрапейскую будучыню і эўрапейскую пэрспэктыву?

— Не існуе ніякай адзінай расейскай апазыцыі. Ёсьць левыя, ёсьць лібэралы, да якіх належу я і партыя «Яблоко». Ёсьць Навальны, які мае сваю пазыцыю, якая адрозьніваецца і ад левых, і ад лібэралаў. Таму нельга казаць за ўсю апазыцыю.

Буду казаць толькі за сябе. Я безумоўна асуджаю аўтарытарызм, які існуе ў Расеі і ў Беларусі. Я безумоўна выступаю за сувэрэнітэт народу, каб народ вырашаў свой лёс на свабодных, сумленных і канкурэнтных выбарах. Я безумоўна выступаю за тое, каб Беларусь, як і Ўкраіна, захоўвала свой сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць.

Пры гэтым я бачу плюсы для расейцаў і беларусаў у існаваньні «саюзнай дзяржавы», нават у яе цяперашнім выглядзе. Такія, як вольнае перамяшчэньне празь мяжу, пэўныя сацыяльныя гарантыі, узаемная адкрытасьць рынкаў у абедзьвюх краінах.

Я безумоўна прызнаю, што Беларусь як сувэрэнная дзяржава можа сама вызначаць сваю замежнапалітычную арыентацыю. У тым ліку, калі ўлада ў Беларусі зьменіцца і новыя людзі паставяць сабе задачу эўрапейскай інтэграцыі — то я ня бачу ў гэтым нічога кепскага. Гэта поўнае права беларускага народу — вырашаць, куды ім ісьці.

Адзінае, што мы павінны разумець, калі мы стаім на глебе рэальнасьці. Калі Расея на той час застанецца аўтарытарнай і дастаткова рэваншысцкай дзяржавай — то спроба Беларусі інтэгравацца на Захад проста ня пройдзе. Бо ў Расеі застануцца рычагі, эканамічныя, гібрыдныя, прапагандысцкія — каб у такім выпадку дэстабілізаваць Беларусь, падарваць яе знутры і звонку. Гэта трэба памятаць, і пра гэта кажа досьвед Украіны, Малдовы, Грузіі.

Я вельмі хацеў бы, каб Беларусь стала дэмакратычнай эўрапейскай дзяржавай. Але адначасова з гэтым беларускі народ і палітыкі павінны захоўваць цьвярозую галаву і памятаць пра тыя небясьпекі, якія іх атачаюць.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG