Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лаўроў: Масква не настойвае на агульных канстытуцыі, судзе і парлямэнце зь Беларусьсю


Сяргей Лаўроў

Стварыць агульную канстытуцыю, суд і парлямэнт зь Беларусьсю пакуль немагчыма, але Расейская Фэдэрацыя на гэтым і не настойвае, сказаў кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў на вялікай прэс-канфрэнцыі па выніках 2018 году, паведамляе «ТАСС».

Ён адзначыў, што дамова аб стварэньні Саюзнай дзяржавы, у прыватнасьці, уключае «шмат чаго з тых рэчаў, якія ў той час аб’ядналі нас і заахвоцілі стварыць Саюзную дзяржава».

«Там было прадугледжана і прыняцьце канстытуцыйнага акту, і стварэньне саюзнага парлямэнту, і суду Саюзнай дзяржавы. У той час гэта было добраахвотна ўзгоднена паміж Масквой і Менскам. Зь цягам часу, вядома, стала зразумела, што ні агульнай канстытуцыі, ні агульнага парлямэнту, ні агульнага суду пакуль, напэўна, стварыць не ўяўляецца магчымым, і мы на гэтым зусім не настойваем», — заявіў Лаўроў.

Лаўроў спадзяецца, што ў дыялёгу Масквы і Менску вакол падатковага мэнеўру атрымае перавагу прагматызм.

Ён таксама паведаміў, што падчас перамоваў Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна ішла размова аб палажэньнях Саюзнай дамовы, якія, «у адрозьненьне ад агульнай Канстытуцыі, агульнага парлямэнту, агульнага суду, тычацца гранічна канкрэтных і практычных рэчаў у сфэры эканомікі і гандлю».

«Маюцца на ўвазе прадугледжаныя ў гэтай дамове дзеяньні ў фармаваньні адзінай грашовай адзінкі, адзінай грашова-крэдытнай палітыкі, падатковай палітыкі. Гэтыя рэчы наўпрост зьвязаныя з эканамічнымі і фінансавымі стасункамі ў рамках Саюзнай дзяржавы», — сказаў міністар фінансаў Расеі.

Ён нагадаў, што на рашэньне прэзыдэнтаў Беларусі і Расеі была створаная рабочая група дзеля вырашэньні спрэчных пытаньняў у рэалізацыі дамовы і разьвіцьці інтэграцыі Расеі і Беларусі.

Рознагалосьсі паміж Беларусьсю і Расеяй

Рознагалосьсі ў стасунках паміж Беларусьсю і Расеяй паўсталі з прычыны правядзеньня Масквой так званага падатковага манэўру, які прывядзе да падаражэньня нафты для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў.

У разгар спрэчак між Беларусьсю і Расеяй аднавіць працэс інтэграцыі прапанаваў расейскі прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў: тое, што ён прапаноўваў (агульныя валюту, суд і мытню), у Беларусі сталі называць «ультыматумам Мядзьведзева». Ён казаў, што толькі пры гэтых умовах можна будзе праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня, але ня зьвязваў наўпрост «саюзную дзяржаву» і грашовыя выплаты.

На гэтую прапанову Аляксандар Лукашэнка пазьней адказаў: «Я разумею гэтыя намёкі: атрымайце нафту, але давайце разбурайце краіну і ўступайце ў склад Расеі». Ён паабяцаў: «Калі нас хочуць падзяліць на вобласьці і ўпіхнуць у Расею, гэтага ня будзе ніколі». А 10 студзеня ён заявіў, што Масква можа страціць Менск як саюзьніка на заходнім напрамку, калі бакі не дамовяцца аб кампэнсацыі страт у сувязі з падатковым манэўрам.

15 студзеня першы віцэ-прэм’ер — міністар фінансаў Расеі Антон Сілуанаў у адказ на пытаньне пра спрэчку Масквы і Менску аб кампэнсацыі за расейскі падатковы манэўр згадаў дамову 1999 году аб стварэньні «саюзнай дзяржавы» і сказаў, што цяпер створаная рабочая група, якая будзе пераглядаць тэкст саюзнай дамовы, каб «магчыма, прапанаваць яго актуалізаваць».

Сілуанаў таксама казаў пра гатоўнасьць Расеі «субсыдыяваць Беларусь» у выпадку «сустрэчных крокаў» — у прыватнасьці, выкананьня дамовы аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году. «Даваць субсыдыі прадпрыемствам чужой краіны дзіўна было б. Гэта можна было б рабіць, каб у нас была больш глыбокая ступень інтэграцыі», — дадаў Сілуанаў.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
  • Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
  • У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
  • Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн. ​
  • У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
  • 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.

Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG