Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі выпусьцілі 10 тысяч аўтамабіляў Geely. Хацелі ў 10 разоў больш


Зборка аўтамабіляў Geely на прадпрыемстве BelGee каля Жодзіна
Зборка аўтамабіляў Geely на прадпрыемстве BelGee каля Жодзіна

Першы намесьнік міністра прамысловасьці Беларусі Генадзь Сьвідэрскі. Спадзяецца, што продажы аўтамабіляў Geely сёлета вырастуць.

Паводле чыноўніка, у 2019 годзе аб’ёмы вытворчасьці аўтамабіляў Geely плянуецца павялічыць удвая. Два красовэры і сэдан ужо ў сэрыйнай вытворчасьці, з канвэера агулам сышло больш за 10 тысяч машын: 65% зь іх набылі прыватныя асобы, 35% — арганізацыі. Прыблізна такія ж суадносіны чакаюцца і сёлета.

Віцэ-міністар удакладніў, што істотна вырасла колькасьць занятых на вытворчасьці — ад 500 да 1200 чалавек.

Што тычыцца рынкаў збыту, то гэта перадусім Беларусь і Расея, кажа Сьвідэрскі. Прычым большая частка аўтамабіляў пастаўляецца ў Расею — 65%, астатнія рэалізуюцца беларускім спажыўцам.

Генадзь Сьвідэрскі дадаў, што аўтамабіль зьбіраецца з камплектуючых, якія паходзяць з трох краін: Кітаю, Беларусі і Расеі. Узровень лякалізацыі складае 50% — гэта значыць, што палову запчастак вырабляюць у Беларусі.

«Лякалізацыя» ў 50% была абавязковай умовай, каб выйсьці на рынак ЭАЭС. Да апошняга часу пад выглядам камплектных частак на барысаўскі канвэер пастаўляліся цэлыя элемэнты кузава. Гэта дазваляла пазьбегнуць выплаты мыта як за новы аўтамабіль, але на справе азначала кантрабанду, якая не прадугледжвала нават мінімальнай лякалізацыі. Фактычна быў наладжаны рээкспарт новых кітайскіх аўта, сабраных у Беларусі, бяз сплаты абавязковага мыта.

Беларуска-кітайскае СЗАТ «БелДжы», якое выпускае легкавыя аўтамабілі пад маркай Geely, створанае ў 2011 годзе. У лютым 2013-га на прадпрыемстве сабралі першы аўтамабіль, а летась 17 лістапада паміж Барысавам і Жодзінам урачыста адкрылі завод дробнавузлавой зборкі камплектаў аўтамабіля поўнага цыклю. Праектная магутнасьць на першым этапе складзе 60 тысяч машын штогод, на другім — 120 тысяч.

Летам 2018 году «БелДжы» запусьціла сэрыйную вытворчасьць сэдана Geely коштам у эквіваленце крыху больш за 10 тысяч даляраў. Чыноўнікі запэўніваюць, што бясьпека Geely адпавядае найвышэйшым стандартам Volvo.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG