Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Падпіску на БелТА мы палічылі немэтазгоднай». Марына Золатава дала паказаньні ў судзе


Марына Золатава ў судзе 12 лютага
Марына Золатава ў судзе 12 лютага

Працэс у «справе БелТА» завяршаецца, абвінавачаная віны не прызнае.

19 лютага на працэсе ўсправе галоўнага рэдактара Tut.by Марыны Золатавай прайшоў допыт абвінавачанай. Ён пачаўся з выступу Золатавай у свабоднай форме.

«Суду я магу патлумачыць, што пра несанкцыянаваны доступ супрацоўнікаў парталу да платнай падпіскі БелТА я даведалася ў сакавіку 2018 году, — паведаміла Марына Золатава. — Гэта абмяркоўвалася ў тэлефоннай размове з рэдактарам Ганнай Калтыгінай, якую мы праслухалі на ўчорашнім паседжаньні. Я сказала, што гэта кепска і што мы будзем разьбірацца з гэтым.

Ганна прапанавала параўнаць зьмест стужкі платнай падпіскі БелТА і звычайнай вэрсіі сайту агенцтва. Я пагадзілася іх параўнаць. У выніку выявілася, што яны амаль не адрозьніваюцца, час зьяўленьня публікацый альбо індэнтычны, альбо адрозьніваецца нязначна. Мы прыйшлі да высновы, што афармляць платную падпіску на стужку агенцтва немэтазгодна».

Па словах Марыны Золатавай, яна шкадуе, што не прасачыла за сваімі падначаленымі ў далейшым і не забараніла карыстацца чужымі паролямі да стужкі агенцтва БелТА.

«Неаднаразова падчас папярэдняга сьледзтва я казала і магу паўтарыць цяпер, што я вельмі шкадую, што не зрабіла больш рашучых захадаў, — сказала Золатава. — Шкадую пра гэта і зараз. І моцна раскайваюся».

Пракурора Харчэйкіну таксама цікавілі прамыя абавязкі Марыны Золатавай у якасьці галоўнага рэдактара парталу Tut.by, а таксама тое, на стужкі якіх агенцтваў яшчэ падпісаны партал. Абвінавачаная расказала, што займаецца ў асноўным пытаньнямі агульнага функцыянаваньня парталу і не адсочвае ўсе публікацыі, якія выходзяць за дзень на Tut.by. А таксама паведаміла, што на гэты момант партал мае аформленыя дамовы з агенцтвам БелаПАН, Reuters, TАСС.

«Я дакладна ня ведала, што мае супрацоўнікі працягваюць выкарыстоўваць паролі да платнай падпіскі БелТА, — расказала Марына Золатава падчас допыту. — Я магла здагадвацца. Магла здагадвацца таму, што ў журналісцкім асяродку паролі БелТА, як той казаў, „гуляюць“. Я магла здагадацца пра гэта, калі б задумвалася. Але мне не прыходзіла ў галаву запытацца аб гэтым.

Падчас першага допыту ў СК я сказала, што здагадвалася аб гэтым з 2017 году, але тады я проста не задумвалася пра свае словы. Зразумейце, гэта быў першы допыт у якасьці абвінавачанай у маім жыцьці... Я чула пра тое, што паролі „гуляюць“. Як і іншыя журналісты, я была ў курсе гэтых чутак».

Марына Золатава таксама паведаміла падчас допыту, што платны інтэрфэйс бачыла толькі адзін раз, 20 сакавіка 2018 году. Гэта было падчас размовы з рэдактаркай Ганнай Калтыгінай, калі яны вырашалі, ці ёсьць сэнс у афармленьні да платнай падпіскі на агенцтва БелТА. Акрамя гэтага,Марына Золатава расказала, што час публікацыі зьяўляецца толькі адным са шматлікіх фактараў, які ўплывае на рэйтынг выданьня.

Пасьля жніўня 2018 году партал Tut.by амаль цалкам адмовіўся ад выкарыстаньня інфармацыі агенцтва БелТА, што ніякім чынам не паўплывала на рост наведвальнасьці сайту.

Наступнае паседжаньне па справе Золатавай пройдзе 25 лютага, у судзе абвясьцілі перапынак.

Суд у справе Марыны Золатавай пачаўся 12 лютага. Яе абвінавачваюць у бязьдзеяньні ўлады. Крымінальны артыкул, паводле якога абвінавачваюць галоўную рэдактарку парталу Tut.by, прадугледжвае пакараньне ад штрафу да 5 гадоў зьняволеньня. Золатава кампэнсавала нанесеную агенцтву БелТА шкоду, на першым судовым паседжаньні яна заявіла, што віны сваёй не прызнае ў сувязі «з адсутнасьцю складу злачынства».

Суд над Марынай Золатавай у «cправе БелТА». Што важна ведаць

  • Крымінальны працэс супраць галоўнай рэдактаркі парталу Tut.by Марыны Золатавай пачаўся 12 лютага. Золатаву абвінавачвалі ў бязьдзеяньні службовай асобы. Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае ў гэтым артыкуле пакараньне ў выглядзе штрафу альбо пазбаўленьня волі тэрмінам да 5 гадоў.
  • Пракурор Юлія Харчэйкіна патрабавала аштрафаваць галоўную рэдактарку Tut.by на 25 500 рублёў.
  • 4 сакавіка судзьдзя Аляксандар Петраш вынес Золатавай прысуд у выглядзе штрафу ў памеры 7 650 рублёў. Таксама яна мусіць сплаціць судовыя выдаткі (на аплату адвакатаў БелТА) ў памеры 6 000 рублёў. Выракам не прадугледжана пазбаўленьне права займаць кіроўныя пасады.
  • Марына Золатава заставалася адзінай абвінавачанай у «справе БелТА».
  • «Справа БЕЛТА»: што адбылося. Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
  • 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў.
  • Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Акрамя штрафаў, журналісты былі абавязаныя кампэнсаваць прычыненую дзяржаве шкоду. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
  • Галоўную рэдактарку TUT.BY абвінавачваюць паводле часткі 2 артыкулу 425 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі («Бязьдзейнасьць службовай асобы»). Санкцыя артыкулу — ад штрафу да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
  • Справу Золатавай вядзе судзьдзя Аляксандар Петраш, які, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», неаднаразова выносіў палітычна матываваныя прысуды вядомым палітыкам, грамадзкім дзеячам і актывістам.
  • Першапачаткова Марына Золатава таксама падазравалася паводле часткі 2 артыкулу 349 («Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі») КК Беларусі. Менавіта па гэтым артыкуле былі абвінавачаныя астатнія фігуранты справы. Але такое абвінавачаньне з Золатавай зьнялі.
  • Сьледчы камітэт Беларусі двойчы адмовіў на хадайніцтвы Золатавай аб спыненьні крымінальнага перасьледу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG