Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральны дырэктар Tut.by: «Мы прызнаём, што нашыя супрацоўнікі вінаватыя»


Марына Золатава каля суду, 12 лютага 2019 году
Марына Золатава каля суду, 12 лютага 2019 году

На трэці дзень суду ў «справе БелТА» ў якасьці сьведкі дапыталі генэральную дырэктарку Tut.by Людмілу Чэкіну.

14 лютага ў працэсе па справе рэдактаркі Tut.by Марыны Золатавай працягнуўся допыт сьведак. Першай свае тлумачэньні суду дала генэральная дырэктарка Tut.by Людміла Чэкіна.

Яна расказала пра арганізацыю працы парталу і сфэру адказнасьці абвінавачанай Золатавай ды іншых рэдактараў парталу.

Людміла Чэкіна. Архіўнае фота
Людміла Чэкіна. Архіўнае фота

Адказваючы на пытаньні пракурора, Людміла Чэкіна паведаміла, што Марына Золатава ведала толькі пра аднаго падначаленага ёй рэдактара, які карыстаўся платнай падпіскай агенцтва БелТА — Ганну Калтыгіну.

Золатава даведалася пра гэта 19 сакавіка 2018 году, пасьля чаго абмеркавала магчымасьць набыцьця платнай падпіскі. У размове зь іншымі рэдактарамі было вырашана не набываць доступ да платнай падпіскі, бо «гэта ня мела сэнсу».

Паводле Чэкінай, пасьля гэтага выкарыстаньне некаторымі супрацоўнікамі Tut.by чужых пароляў да платнай стужкі агенцтва БелТА не абмяркоўвалася, а Марына Золатава была перакананая, што незаконны доступ спыніўся.

Генэральная дырэктарка Tut.by патлумачыла, што ў абавязкі Золатавай не ўваходзіць адсочваць напаўненьне навінавай стужкі, яна займаецца стратэгічным плянаваньнем дзейнасьці рэдакцыі і каардынацыяй працы парталу, а рэдактары аддзелаў не абавязаныя ўзгадняць з галоўным рэдактарам матэрыялы, якія выстаўляюцца на сайт.

Па словах Людмілы Чэкінай, яна мела размовы пра незаконны доступ да падпіскі БелТА з усімі падначаленымі, якія зьяўляліся фігурантамі крымінальнай справы, распачатай 7 жніўня. Ніхто зь іх не адмаўляў фактаў выкарыстаньня чужых пароляў да стужкі БелТА. Супрацоўнікі парталу тлумачылі гэта тым, што паролі ў іх засталіся з часу працы ў іншых СМІ.

​«Нашы супрацоўнікі, зь якімі я размаўляла, прызналі факты выкарыстаньня чужых пароляў, — расказала Чэкіна. — Яны патлумачылі, што заходзілі туды па звычцы. Пры гэтым большасьць супрацоўнікаў Tut.by, якія сталі фігурантамі справы, не былі зьвязаныя з напаўненьнем навінавай стужкі парталу».

Людміла Чэкіна таксама прызнала, што выкарыстаньне чужых пароляў да платнай падпіскі агенцтва БелТА зьяўляецца правапарушэньнем.

«Гэта няправільна, — сказала Людміла Чэкіна ў залі суда. — Мы лічым, што супрацоўнікі Tut.by вінаватыя. Яны ўчынілі правапарушэньне».

Генэральная дырэктарка Tut.by таксама паведаміла суду, што супрацоўнікі парталу і само акцыянэрнае таварыства кампэнсавала нанесеную інфармацыйнаму агенцтву БелТА і іншым дзяржаўным СМІ шкоду, хоць і лічыць яе памер завышаным і неабгрунтаваным.

Паводле Людмілы Чэкінай, на гэты момант Tut.by зьвёў выкарыстаньне інфармацыі агенцтва БелТА да «абсалютнага мінімуму», а з супрацоўнікамі парталу была праведзеная гутарка пра немагчымасьць выкарыстаньня чужых пароляў да платнай падпіскі іншых СМІ.

Суд над Марынай Золатавай у «cправе БелТА». Што важна ведаць

  • Крымінальны працэс супраць галоўнай рэдактаркі парталу Tut.by Марыны Золатавай пачаўся 12 лютага. Золатаву абвінавачвалі ў бязьдзеяньні службовай асобы. Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае ў гэтым артыкуле пакараньне ў выглядзе штрафу альбо пазбаўленьня волі тэрмінам да 5 гадоў.
  • Пракурор Юлія Харчэйкіна патрабавала аштрафаваць галоўную рэдактарку Tut.by на 25 500 рублёў.
  • 4 сакавіка судзьдзя Аляксандар Петраш вынес Золатавай прысуд у выглядзе штрафу ў памеры 7 650 рублёў. Таксама яна мусіць сплаціць судовыя выдаткі (на аплату адвакатаў БелТА) ў памеры 6 000 рублёў. Выракам не прадугледжана пазбаўленьне права займаць кіроўныя пасады.
  • Марына Золатава заставалася адзінай абвінавачанай у «справе БелТА».
  • «Справа БЕЛТА»: што адбылося. Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
  • 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў.
  • Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Акрамя штрафаў, журналісты былі абавязаныя кампэнсаваць прычыненую дзяржаве шкоду. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
  • Галоўную рэдактарку TUT.BY абвінавачваюць паводле часткі 2 артыкулу 425 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі («Бязьдзейнасьць службовай асобы»). Санкцыя артыкулу — ад штрафу да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
  • Справу Золатавай вядзе судзьдзя Аляксандар Петраш, які, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», неаднаразова выносіў палітычна матываваныя прысуды вядомым палітыкам, грамадзкім дзеячам і актывістам.
  • Першапачаткова Марына Золатава таксама падазравалася паводле часткі 2 артыкулу 349 («Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі») КК Беларусі. Менавіта па гэтым артыкуле былі абвінавачаныя астатнія фігуранты справы. Але такое абвінавачаньне з Золатавай зьнялі.
  • Сьледчы камітэт Беларусі двойчы адмовіў на хадайніцтвы Золатавай аб спыненьні крымінальнага перасьледу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG