Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік БТ Эйсмант пра «справу БелТА»: Гэта ня вельмі прыгожая гісторыя


Іван Эйсмант, архіўнае фота
Іван Эйсмант, архіўнае фота

На працэсе па справе Марыны Золатавай дапыталі кіраўніка Беларускай тэлерадыёкампаніі. У судзе па справе галоўнага рэдактара парталу TUT.BY Марыны Золатавай у якасьці сьведкі дапыталі старшыню Белтэлерадыёкампаніі Івана Эйсманта.

Паводле сьледзтва, зафіксаваны адзін выпадак, калі супрацоўнік парталу скарыстаўся паролем, які належыць БТ.

Іван Эйсмант адзначыў, што БелТА зьяўляецца адной з асноўных крыніц інфармацыі для Белтэлерадыёкампаніі. Матэрыялы інфармагенцтва актыўна выкарыстоўваюцца падчас падрыхтоўкі выпускаў навінаў.

«Для нас любы збой — гэта надзвычайнае здарэньне, — заявіў Іван Эйсмант, адказваючы на пытаньне пра магчымыя перабоі з доступам да стужкі БелТА. — Не сказаць, каб мы спынілі працу, але... Асабліва для навінавай службы. Яна на гэтым працуе.

Я ня думаю, што адзінкавы заход (па паролі БТ — РС) мог прычыніць шкоду. Але маё асабістае меркаваньне — гэта ня вельмі прыгожая гісторыя. Мы не давалі такога права. Я гавару пра маральны бок справы».

Іван Эйсмант таксама паведаміў, што ня ведае, хто зь ягоных падначаленых мог перадаць пароль доступу да стужкі навінаў БелТА супрацоўніку парталу TUT.BY. Па словах старшыні Белтэлерадыёкампаніі, спачатку ён зьбіраўся правесьці службовую праверку, аднак пазьней ад гэтай ідэі адмовіўся. У дадзены момант паролі доступу да платнай стужкі БелТА супрацоўнікам БТ выдаюцца пад росьпіс.

Суд над Марынай Золатавай у «cправе БелТА». Што важна ведаць

  • Крымінальны працэс супраць галоўнай рэдактаркі парталу Tut.by Марыны Золатавай пачаўся 12 лютага. Золатаву абвінавачвалі ў бязьдзеяньні службовай асобы. Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае ў гэтым артыкуле пакараньне ў выглядзе штрафу альбо пазбаўленьня волі тэрмінам да 5 гадоў.
  • Пракурор Юлія Харчэйкіна патрабавала аштрафаваць галоўную рэдактарку Tut.by на 25 500 рублёў.
  • 4 сакавіка судзьдзя Аляксандар Петраш вынес Золатавай прысуд у выглядзе штрафу ў памеры 7 650 рублёў. Таксама яна мусіць сплаціць судовыя выдаткі (на аплату адвакатаў БелТА) ў памеры 6 000 рублёў. Выракам не прадугледжана пазбаўленьне права займаць кіроўныя пасады.
  • Марына Золатава заставалася адзінай абвінавачанай у «справе БелТА».
  • «Справа БЕЛТА»: што адбылося. Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
  • 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў.
  • Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Акрамя штрафаў, журналісты былі абавязаныя кампэнсаваць прычыненую дзяржаве шкоду. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
  • Галоўную рэдактарку TUT.BY абвінавачваюць паводле часткі 2 артыкулу 425 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі («Бязьдзейнасьць службовай асобы»). Санкцыя артыкулу — ад штрафу да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
  • Справу Золатавай вядзе судзьдзя Аляксандар Петраш, які, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», неаднаразова выносіў палітычна матываваныя прысуды вядомым палітыкам, грамадзкім дзеячам і актывістам.
  • Першапачаткова Марына Золатава таксама падазравалася паводле часткі 2 артыкулу 349 («Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі») КК Беларусі. Менавіта па гэтым артыкуле былі абвінавачаныя астатнія фігуранты справы. Але такое абвінавачаньне з Золатавай зьнялі.
  • Сьледчы камітэт Беларусі двойчы адмовіў на хадайніцтвы Золатавай аб спыненьні крымінальнага перасьледу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG