Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фядыніч і Комлік прайгралі суд сайту, які прыпісаў ім кватэры і катэджы


Генадзь Фядыніч пасьля суду па «справе РЭП», 24 жніўня 2018 году
Генадзь Фядыніч пасьля суду па «справе РЭП», 24 жніўня 2018 году

14 лютага ў судзе Цэнтральнага раёну Менску разьгледзелі скаргу актывістаў прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка на сайт belnovosti.by.

Былыя лідэры прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік у судзе адстойвалі свае гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю.

Справа датычылася публікацыі 21 траўня 2018 году на сайце belnovosti.by пад назвай «Фіктыўны РЭП Фядыніча».

У гэтым артыкуле сьцьвярджалася, што тагачасныя лідэры незалежнага прафсаюзу РЭП набывалі кватэры, загарадныя дамы, зямельныя ўчасткі. Фігуравалі сумы 100 тысяч і 42 тысячы эўра.

Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік праз суд запатрабавалі ад сайту апублікаваць абвяржэньне інфармацыі, якая не адпавядае рэчаіснасьці, і публічна прынесьці прабачэньні перад імі.

«Пра нас напісалі поўную хлусьню. Дакумэнтаў, якія пацьвярджалі б нашую віну, не прыведзена. І тым ня менш суд нас не абараніў. Той бок кажа: суд жа быў, яны ж не сплацілі падаткі. Але ж у артыкуле на сайце нас абвінавачваюць у іншым — нібыта мы скралі грошы і на іх пабудавалі жыльлё. Карацей, нас з Комлікам абылгалі. Але мы ня можам дамагчыся справядлівасьці», — сказаў Свабодзе прафсаюзны лідэр.

Фядыніч дадаў, што разам з Комлікам абскардзіць рашэньне раённага суду ў Менскім гарадзкім:

«Апроч таго, зьбіраемся разаслаць паведамленьне пра наш судовы працэс ў амбасады краін Эўразьвязу і ЗША. Апошнім часам гэтыя дыпляматы шмат кажуць пра лібэралізацыю рэжыму. Няхай ведаюць пра нас, няхай падумаюць, што гэта за лібэралізацыя?! Аказваецца, можна напісаць хлусьню і за гэта ня несьці ніякай адказнасьці».

Паводле «Нашай нівы», заснавальнікам сайту belnovosti зьяўляецца Віталь Кісьцерны, у мінулым ён быў начальнікам 3-га ўпраўлення ўласнай бясьпекі Міністэрства ўнутраных справаў.

«Справа РЭП». Што важна ведаць

  • Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 году. Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка 2017 году. Паводле сьледзтва, на літоўскі рахунак Фядыніча і Комліка ў 2011 годзе паступіла больш за 140 тысяч эўра, якія не праходзілі ў фінансавых справаздачах.
  • Прафсаюзных актывістаў абвінавацілі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў на 23 тысячы рублёў.
  • У межах справы сьледчыя апыталі больш за 800 актывістаў прафсаюзу РЭП па ўсёй краіне.
  • 24 жніўня лідэраў незалежнага прафсаюзу РЭП Фядыніча і Комліка асудзілі на 4 гады «хатняй хіміі».
  • Фігуранты справы называюць яе «цалкам сфабрыкаванай».
  • Праваабаронцы, якія сачылі за судовым працэсам, адзначалі, што многія доказы здабытыя ў межах «таямнічых працэдураў».
  • З заявамі пра неабходнасьць адмены абвінаваўчага прысуду Фядынічу і Комліку выступаюць беларускія праваабарончыя і міжнародныя арганізацыі. Так, на думку міжнароднай праваабарончай арганізацыі Front Line Defenders, перасьлед прафсаюзных лідэраў зьвязаны выключна зь іхнай мірнай і законнай працай у галіне абароны правоў чалавека.
  • З патрабаваньнем адмяніць пакараньне лідэрам РЭП зьвярнуліся да прэзыдэнта Беларусі Глябальны саюз IndustriALL і Міжнародная канфэдэрацыя прафсаюзаў.

Што такое прафсаюз РЭП і чаму яго перасьледуюць

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG