Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што вядома пра «Інтэграл», дзе на двух супрацоўнікаў абрынулася сьцяна


Прадпрыемства «Інтэграл» у Менску, 12 лютага
Прадпрыемства «Інтэграл» у Менску, 12 лютага

На менскім заводзе «Інтэграл» 12 лютага абвалілася частка будынка, два супрацоўнікі прадпрыемства загінулі. Свабода сабрала 5 фактаў пра прадпрыемства.

63-гадовы мужчына загінуў на месцы здарэньня, другі памёр па дарозе ў шпіталь.

На месцы здарэньня. Фота Сьледчага камітэту
На месцы здарэньня. Фота Сьледчага камітэту

Выпусьцілі першыя мікрапрацэсары

«Інтэграл» — некалі найбуйнейшае прадпрыемства радыёэлектроннай прамысловасьці ў Беларусі, яго заснавалі ў 1963 годзе. Яно працавала на вайсковую прамысловасьць усяго Савецкага Саюзу, канцэнтравала тут лепшыя сілы інжынэраў, тэхнолягаў і працоўных. «Інтэграл» выпусьціў першы мікрапрацэсар (1978) і мікрапрацэсар для 16-разраднага пэрсанальнага кампутара «Няміга 588» (1989).

Найбуйнейшы вытворца беларускай мікраэлектронікі​

«Інтэграл» — найбуйнейшы вытворца і экспартэр мікраэлектронікі ў Беларусі. У 2017 годзе чысты прыбытак холдынгу склаў 31,7 мільёна рублёў, пісаў Tut.by.

Выдавалі чужыя маніторы за свае

Цягам 2007–2010 гадоў пад гандлёвай маркай Integral вырабляліся вадкакрысталічныя маніторы. Выпуск манітораў прыпынілі пасьля таго, як выявілася, што ў некалькіх партыях манітораў налепкамі «Інтэгралу» былі заклеены лягатыпы Acer, Philips.

Паводле праверкі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю, прадпрыемства набывала маніторы ў менскай кампаніі, часткова разьбірала іх, а пасьля зьбірала і рэалізоўвала пад маркай Integral, пісалі Naviny.by.

Суіцыды на працоўным месцы

У сакавіку 2017 году ў сталярным цэху прадпрыемства знайшлі павешаным намесьніка дырэктара аднаго зь філіялаў «Інтэграла», пісаў Tut.by. Тады супрацоўнікі Сьледчага камітэту ня выявілі прыкметаў гвалтоўнай сьмерці. У нябожчыка засталіся жонка і дачка.

У 2004 годзе ў кладоўцы цэху № 26 знайшлі павешаным рабочага Мікалая Верамейчыка, які прапрацаваў на «Інтэграле» 34 гады. У перадсьмяротнай запісцы нябожчык сьцьвярджаў, што яго «давёў да самагубства» адзін зь ягоных начальнікаў, пісала Kp.by. У Мікалая Верамейчыка засталіся дзьве дарослыя дачкі і жонка.

Прыцягнулі амэрыканскі капітал

«КамСіл» — адно з прадпрыемстваў холдынгу «Інтэграл», а ў прыватнасьці — пінскай даччынай кампаніі «Камэртон» і амэрыканскай Silicon Materials Inc. Прадпрыемства вырабляе крэмніевыя пласьціны. Цягам бліжэйшых пяці гадоў замежныя прадпрымальнікі маюць намер інвэставаць у яго яшчэ каля 3 мільёнаў даляраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG