Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад «Пінскдрэва» да «Інтэграла»: 9 трагедый на беларускіх прадпрыемствах апошніх гадоў


У Менску абрынулася сьцяна заводу «Інтэграл». Фота: Сьледчы камітэт

На менскім заводзе «Інтэграл» 12 лютага абвалілася частка будынка, два мужчыны загінулі. Свабода прыгадала трагічныя выпадкі на беларускіх прадпрыемствах у апошнія гады.

2018. «Магілёўдрэў» — 1 ахвяра і 5 пацярпелых

Увечары 25 верасьня ў фарбавальнай камэры мэблевага цэху на прадпрыемстве «Магілёўдрэў» адбыліся выбух і ўзгараньне. У момант здарэньня ў камэры знаходзіліся 9 чалавек. У выніку здарэньня адна жанчына памерла ад апёкаў, яшчэ 2 чалавекі атрымалі апёкі больш 60% цела, 3 чалавекі — удары і парэзы.

У выніку выбуху пашкодзіліся: сьцяна з сэндвіч-панэляў на плошчы 300 квадратных мэтраў, фарбавальная камэра, 6 аконных блёкаў, шкло. Абсталяваньне не пашкодзілася. Тэхналягічны працэс у цэху спынілі, на працу прадпрыемства гэта не паўплывала.

Месца выбуху на «Магілёўдрэве», 26 верасьня 2018
Месца выбуху на «Магілёўдрэве», 26 верасьня 2018

Завялі крымінальную справу за парушэньне правілаў вытворча-тэхнічнай дысцыпліны і правілаў бясьпекі, якія прывялі да выбуху і прычыненьня цяжкіх цялесных пашкоджаньняў работнікам прадпрыемства.

Прычына выбуху не называлася.

2018. «Алкід» — 1 ахвяра

Раніцай 22 траўня на заводзе «Алкід» у вёсцы Каралёў Стан пад Менскам адбыўся выбух, які стаў прычынай пажару. Ён здарыўся ў будынку плошчай 2400 квадратных мэтраў, дзе вырабляецца бітумная гідраізаляцыя. Пацярпелі 4 чалавекі, якіх з апёкамі і траўмамі рознай ступені цяжкасьці даставілі ў шпіталь. Адзін зь іх пазьней памёр.

Менскі раённы аддзел Сьледчага камітэту распачаў крымінальную справу па факце парушэньня правілаў вытворча-тэхнічнай дысцыпліны, правілаў бясьпекі выбухованебясьпечных работ, што пацягнула празь неасьцярожнасьць прычыненьне цялесных пашкоджаньняў (ч. 2 арт. 302 КК).

2018. «Беларуськалій» — 1 ахвяра

Увечары 9 сакавіка на падземным горным участку 3-га рудаўпраўленьня абвалілася парода, у выніку чаго пад завал трапілі машыніст горных вымальных машынаў і горнарабочы вычышчальнага забою.

У ноч з 10 на 11 сакавіка ратавальнікі паднялі целы загінулых — 45-гадовага Максіма Іванова і 33-гадовага Дзьмітрыя Валько.

2017. Скідзельскі цукровы камбінат — 4 ахвяры

25 лютага 2017 году ў начную зьмену на Скідзельскім цукровым камбінаце, які цалкам належыць дзяржаве, здарыўся выбух, падчас якога загінулі 4 жанчыны. Толькі адна зь пяці супрацоўніц, што апынуліся побач з выбухам, выжыла, але атрымала інваліднасьць.

Пылапаветраная сумесь, як паведамлялася тады на сайце Сьледчага камітэту, занялася ў галерэі побач з цэхам пакаваньня і фасаваньня. Дэфармаваліся сьцены цэху, пашкоджаныя вокны і дзьвярныя праёмы.

Пасьля здарэньня на Скідзельскім цукровым камбінаце
Пасьля здарэньня на Скідзельскім цукровым камбінаце

Паводле інфармацыі Свабоды, пацярпелыя атрымалі выплаты ад прадпрыемства ў памеры сярэдняга заробку за дзесяць гадоў — каля 45-50 тысяч даляраў.

Крымінальную справу завялі паводле артыкулу «службовая нядбайнасьць». Крымінальную справу супраць трох кіруючых асоб прадпрыемства пачалі разглядаць у судзе 11 лютага 2019 году.

2016. «Гродна Азот» — 4 ахвяры

На прадпрыемстве «Гродна Азот» 6 чэрвеня 2016 году двое маладых рабочых з падраднай арганізацыі памерлі, атруціўшыся параю пры раскладаньні хімічнага рэчыва гідраксылямінсульфат. Суд у справе пачаўся 23 жніўня 2017 года. На лаве падсудных аказаўся адзін майстар рамонту абсталяваньня. У траўні 2018 году суд прыпынілі і прызначылі экспэртызу, каб вызначыць, што насамрэч адбылося ў цэху.

Спрэчкі паміж спэцыялістамі ідуць наконт таго, ці быў пажар і якая сапраўдная прычына раскладаньня небясьпечнага рэчыва й сьмерці людзей.

2015. «Беларуськалій» — 2 ахвяры

25 красавіка 2015 году ў Салігорску пры абвале зводу шахты загінуў праходчык, ягоны напарнік трапіў у шпіталь са шматлікімі траўмамі. Гэта былі працаўнікі падраднай арганізацыі «Шахтаспэцбуд», якая выйграла тэндэр на праходчыя працы.

Трагедыя здарылася на глыбіні 264 мэтры.

Заваленая шахта, здымак Сьледчага камітэту
Заваленая шахта, здымак Сьледчага камітэту

Паводле сьледзтва, да трагедыі ў шахце ААТ «Беларуськалій» прывялі парушэньне патрабаваньняў бясьпекі, дрэнная арганізацыя вытворчасьці і недахопы ў навучаньні пэрсаналу.

Яшчэ адзін супрацоўнік прадпрыемства загінуў 2 лістапада — у выніку выбуху прыроднага мэтану.

2012. Барысаўскі кансэрвавы завод — 2 ахвяры

23 кастрычніка 2012 году ў памяшканьні Барысаўскага кансэрвавага заводу выбухнула абсталяваньне. Два сьлесары-рамонтнікі, якія працавалі ў памяшканьні, загінулі.

Намесьнік галоўнага інжынэра Ўладзімер Якімаў быў прызнаны вінаватым у парушэньні правілаў тэхнікі бясьпекі і аховы працы і асуджаны на 4 гады калёніі.

2010 год. «Пінскдрэў» — 14 ахвяраў

Выбух на заводзе ДСП «Пінскдрэў» здарыўся 25 кастрычніка 2010 году. Двое рабочых загінулі на месцы, яшчэ 12 памерлі ад ранаў у лякарнях Пінску, Берасьця і Менску. Пяцёра засталіся інвалідамі.

Што выбухнула на "Пінскдрэве"?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:09 0:00

Тагачасны генэральны пракурор Рыгор Васілевіч заявіў, што маштабы трагедыі сьведчаць пра грубыя парушэньні тэхналягічнай дысцыпліны, неналежнае гарантаваньне тэхнічнай бясьпекі, аховы працы.

Па выніках суду былы галоўны інжынэр «Пінскдрэву» Ўладзімер Шастакоў атрымаў 4 гады пазбаўленьня волі. Галоўнага інжынэра «Пінскдрэў-ДСП» Ігар Логвін асудзілі на 3 гады калёніі. Дырэктар заводу «Пінскдрэў-ДСП» Леанід Логвін атрымаў 4 гады ўмоўнага тэрміну.

Былы генэральны дырэктар прадпрыемства Ларан Арыніч пазьбег пакараньня — падчас сьледзтва ён уцёк за мяжу.

Суд пастанавіў выплаціць сваякам загінулых па 30 мільёнаў, пацярпелым зь цяжкімі цялеснымі пашкоджаньнямі — па 20 мільёнаў і пацярпелым, якім нанесьлі менш цяжкія пашкоджаньні, — па 10 мільёнаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG