Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як я несла вянок з 13-гадовай забойцай на пахаваньні яе ахвяры


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Ніколі не было такіх трагедый», — пішуць, гавораць, камэнтуюць з нагоды трагедыі ў Стоўпцах. Кажуць, што Злучаныя Штаты вінаватыя, адтуль ідзе ўся пошасьць. Прызначылі вінаватымі інтэрнэт, пляншэт, кампутарныя гульні. Да кучы — бацькоў, настаўнікаў, аднаклясьнікаў...

Самае галоўнае: «Нічога не паказвала на бяду». Ніхто нічога ня бачыў, ня чуў, не заўважаў.

«Такога не было ў Савецкім Саюзе. Усё гэта са Штатаў і Захаду прыйшло да нас».

...Было гэта ў апошнія гады БССР. Дзяўчынка, меншая за мяне на год (ёй было 13) жорстка забіла 7-гадовую першаклясьніцу. Зьдзекавалася з малой, пасекла рыдлёўкай, зьнявечыла, схавала цела і пайшла дахаты — гарбату піць ці абедаць.

Гэта было ў маленькай вёсцы, якую зараз, праз гады, я бачу як каралеўства з «Ордэна Белай Мышы». У нас быў адзін дурань, адзін «надта разумны», адзін п’янтос, адна самотная маці, адна шматдзетная сям’я, адна надта багатая, адна бедная да жабрацтва. Адна паштарка, адна фельчарка, адзін музыка... Гэтыя ўсе, хто ў адным экзэмпляры, былі навідавоку. Астатнія семʼі нічым не вылучаліся і былі з катэгорыі «нічога не паказвала на бяду» і «старажылы не прыгадаюць».

Гэта была вёска, дзе no pasa nada — нічога ніколі не здаралася, не зьмянялася, апроч натуральных зрухаў, абсалютна не залежных ад людзей: пасьля зімы надыходзіла вясна, за летам ішла восень. Летам здараліся дажджы і навальніцы, узімку — завірухі. Старыя паміралі, аджыўшы сваё, маладыя жаніліся, адчуўшы рэпрадуктыўную пару. Дзеці хадзілі ў школу, потым ехалі вучыцца ў Горад. No pasa nada.

Улетку вёску абляцела хутчэй, чым цяпер праз сацыяльныя сеткі, навіна, што зьнікла 7-гадовая дзяўчынка. Яе шукалі вяскоўцы, міліцыя, ратавальнікі, вайскоўцы... Знайшлі яе цела ў кустах, закінутае ламаччам, прысыпанае зямлёй. «Жах!» — удыхнула ў адно слова вёска. «Маньяк зьявіўся», — выдыхнула яна. Бо якія маглі быць іншыя вэрсіі? Напэўна, нехта з Гораду. Можа, з турмы ўцёк страшны забойца. Ці варʼят з псыхіятрычнага шпіталю.

Дзьверы ўсіх хат зачыніліся на ўсе замкі. Нас нікуды не пускалі, нават адзін да аднаго. Ды і самі мы баяліся выходзіць з двароў.

Тым часам па вуліцах хадзіла міліцыя — усіх апытвалі. Ці бачылі ў вёсцы каго незнаёмага? Ніхто ня бачыў. Незнаёмыя тут бываюць гады ў рады. Каб толькі зьявіўся, тут жа нехта падышоў бы: «Ты, братка, чый? Да каго прыехаў?»

Колькі дзён шукалі, апытвалі, зазіралі ў кожную дзірку. Хто апошні бачыў малую, дзе менавіта? Бачылі жанчыны — бегала па жыце разам з 13-гадовай суседкай. Што тут такога? Бавіліся дзеці.

Малую хавалі ўсёй вёскай. Нас, школьнікаў, шыхтавалі па двое, далі ў рукі кветкі і вянкі. Я была другой у той працэсіі — разам з 13-гадовай, меншай за мяне на год. Людзей было шмат, сярод іх былі і незнаёмыя. Я з жахам азіралася на натоўп ззаду і перапалохана шаптала сваёй спадарожніцы: «Уяві, што забойца недзе сярод нас, уяві? Я чытала такое ў кнігах, забойцы часта прыходзяць на пахаваньне сваіх ахвяр!» Тая моўчкі ківала, але асабліва размову не падтрымлівала. Так і несьлі мы вянок да могілак. З ёй, з забойцай.

Яе дапытвалі, бо бачылі апошняй з ахвярай. Яна ўпарта даводзіла, што нічога ня ведае. Што гулялі, бегалі і разышліся. Потым яна выдумала вэрсію, што ў парку яны сустрэлі «нейкага дзядзьку», прычым яна падрабязна яго апісала — чорныя джынсы, чорная кашуля, і паліў цыгарэты «Космас». Што той схапіў малую і некуды панёс.

На рыдлёўцы, якой была забітая малая, знайшлі адбіткі пальцаў 13-гадовай суседкі. «Той мужчына прымусіў мяне прынесьці з дому рыдлёўку, пагражаў і мяне забіць», — дадала да сваёй вэрсіі школьніца. Яе дапытвалі далей. У сьледчых ужо былі дадзеныя — і ня толькі адбіткі, але і «характар, сіла прычыненьня пашкоджаньняў». І іншае-рознае.

«Гэта яна забіла!» — хутчэй за пост у Twitter разьляцелася па вёсцы навіна, у якую ніхто ня мог паверыць. Дзяўчынка? 13 гадоў? Малую? Усе памяталі нядаўні канцэрт у вясковым клюбе, калі сьмешная і прыгожая першаклясьніца ростам з мэтар сьпявала дуэтам з хлопчыкам «Мишка с куклой громко топает, громко топает, раз, два, три!». Яе? За што? Як? Куды яе цяпер дзенуць, калі 13-гадовых не бяруць у турму? Як будуць жыць бацькі — адной і другой, якія жывуць дзьверы ў дзьверы, на адной пляцоўцы?

Бацькі забітай малой неўзабаве зьехалі зь вёскі. Ня ведаю, дзе яны.

Ведаю, што тая адсядзела недзе, жыве цяпер, сваіх дзяцей мае.

Ведаю, што ня ўсё там добра з тымі дзецьмі — чытала ўжо пра адну з дачок у інтэрнэце ў крымінальнай хроніцы.

Нават ведаю яе адрас. Але няма жаданьня прыехаць і спытацца: «За што ты забіла Вераніку?»

«Чаму так?» і «Хто вінаваты?» — два найбольш заганныя і няўдзячныя пытаньні. Можна на іх знайсьці адказ, калі пастарацца. Толькі нічога гэтыя адказы не даюць. Нікога яны не папярэдзяць, ня спыняць.

«Нічога не паказвала на бяду». Таму што ніхто нічога ня хоча бачыць і чуць. Таму што, калі бачылі, чулі і маўчалі, то вінаватыя ўсе разам і кожны за сябе.

Калі я была першаклясьніцай, гэта яна падбухторыла мяне кінуць каменем і палкай у матацыкліста, які праяжджаў міма нас. Добра, што ён не пацярпеў.

Калі я была ў другой клясе, гэта яна прасіла мяне ўкрасьці ў таты цыгарэты, каб паспрабаваць паліць. Гэта яна ня вучыцца з 2-й клясы — а мяне як выдатніцу клясная «прымацавала» да яе, каб я хадзіла займацца з ёй матэматыкай ды іншымі прадметамі.

Але ў астатнім «нічога не паказвала на бяду».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG