МЗС Расеі і Крэмль 29 студзеня рэзка асудзілі санкцыі, уведзеныя ЗША супраць вэнэсуэльскай нафтагазавай кампаніі PDVSA.
Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў назваў іх «нелегітымнымі і супрацьпраўнымі», а таксама «цынічнымі». Паводле Лаўрова, Расея «зробіць усё», каб падтрымаць вэнэсуэльскага прэзыдэнта Нікаляса Мадура, якога ў Расеі — у адрозьненьне ад ЗША і шэрагу іншых краін — лічаць легітымным.
Падобныя ацэнкі даў і прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў.
Раней намесьнік міністра фінансаў Расеі Сяргей Сторчак заявіў, што пасьля ўвядзеньня санкцый у Вэнэсуэлы могуць зьявіцца праблемы з абслугоўваньнем сувэрэннага доўгу перад Расеяй. Праз два месяцы Вэнэсуэла, паводле Сторчака, павінна выплаціць Расеі 100 мільёнаў даляраў.
Усяго з 2006 году Расея выдзеліла Вэнэсуэле каля 17 мільярдаў даляраў у выглядзе крэдытаў.
ЗША напярэдадні ўвялі санкцыі ў дачыненьні да вэнэсуэльскай дзяржаўнай нафтавай кампаніі PDVSA і заблякавалі актывы кампаніі на 7 мільярдаў даляраў.