Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка загадаў Акадэміі навук зрабіць электраровар, электратрактар і электраМАЗ


Трактары МТЗ на парадзе 3 ліпеня 2017 году
Трактары МТЗ на парадзе 3 ліпеня 2017 году

На цырымоніі ўручэньня дыплёмаў і атэстатаў дактароў навук і прафэсараў 25 студзеня Аляксандар Лукашэнка расказаў пра задачы, якія паставіў перад Акадэміяй навук у сувязі з запускам у Беларусі атамнай электрастанцыі, піша БелТА.

​«Давайце мы забясьпечым уласнае насельніцтва — створым энэргаэфэктыўныя бытавыя пліты і прыборы, і кошты каб былі пад'ёмныя. Хоць бы на ўзроўні прыроднага газу для насельніцтва, — казаў Аляксандар Лукашэнка. — Замест саляркі і бэнзіну заменім на электрамабілі.

І такая была пастаўленая задача Акадэміі навук. Вы ў гэтым годзе выканайце гэтую задачу, пачынаючы ад электраровараў і завяршаючы трактарам, МАЗам на электрычнай цязе. Каб сваё было».

Лукашэнка таксама расказаў, што карыстаецца электрычным матацыклам з кітайскіх камплектуючых (акрамя рамы, «якую вы там зварылі»), які яму прывезьлі «для выпрабаваньняў». Заявіў, што «рэч цудоўная», але «трэба сваё, перадусім батарэя».

У фірмовай краме «Мотавела» Свабодзе паведамілі, што ў вытворчасьці прадпрыемства ўжо ёсьць некалькі мадэляў электраровараў, якія бліжэйшым часам маюць зьявіцца ў продажы. Прыблізны кошт — 1500 рублёў.

Электрасамакат, зроблены на менскім ААТ «Прыборабудаўнічы завод „Аптрон“»
Электрасамакат, зроблены на менскім ААТ «Прыборабудаўнічы завод „Аптрон“»

Падобную прадукцыю на замову Акадэміі Навук спрабуюць выпускаць і на менскім ААТ «Прыборабудаўнічы завод „Аптрон“».

«Рынкавы кошт электрасамаката — каля 2 тысяч беларускіх рублёў. Мы выйшлі на ўзровень з кітайцамі. Гарантыю на нашы электрарухавікі мы даём на два гады. Але ўсё гэта робіцца на каленках напільнікам. Нам неабходнае фінансаваньне каля 10 млн даляраў на тэхнічнае пераабсталяваньне. Ну, і ровары мы ня робім, але выпускаем гатовыя камплекты, якія на іх можна паставіць (на любое кола — рухавік, акумулятарную батарэю і гэтак далей), — сказаў Свабодзе маркетоляг «Прыборабудаўнічага заводу „Аптрон“» Яўген Карабейнік.

Электрычнасьць зь БелАЭС трэба некуды падзець

Тым часам з энэргіяй зь БелАЭС можа ўзьнікнуць праблема: пакуль на яе няма замежных пакупнікоў. У красавіку Аляксандар Лукашэнка абураўся, што яму «да гэтага часу ніхто ўцямна не далажыўся, як АЭС будзе ўбудаваная ў сыстэму энэргетыкі краіны». У лістападзе ён патрабаваў распрацаваць «рэалістычны плян» пашырэньня выкарыстаньня электраэнэргіі.​

Праз сумневы ў надзейнасьці станцыі Літва абвясьціла байкот энэргіі зь БелАЭС, яе падтрымала Эстонія. Літва дакарае Латвію за брак балтыйскай салідарнасьці супраць БелАЭС, але сама Латвія не выказвала зацікаўленасьці ў тым, каб купляць энэргію зь беларускай станцыі.

Польшча таксама не зацікавілася энэргіяй зь БелАЭС: ня мае патрэбы, лічыць праект небясьпечным і думае пра ўласную АЭС. Фінляндыя не захацела энэргіі зь БелАЭС, хоць мае патрэбу ў нерасейскай крыніцы.

Украіна і Расея не выказвалі зацікаўленасьці ў куплі энэргіі зь БелАЭС. А Ўладзімір Пуцін нават заяўляў, што Расея будуе станцыю ў Беларусі «сабе на шкоду».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG