Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бесьпілётнік, ружовая бульба і беларуская віягра: 11 інавацый Акадэміі навук. ФОТА


У Нацыянальнай акадэміі навук адкрылася выстава вынікаў інавацыйнай дзейнасьці беларускіх вучоных.

На ёй прадстаўлена больш за 200 апошніх навукова-тэхнічных распрацовак. Выстава прымеркаваная да 90-годзьдзя НАН. Свабода выбрала 11 адметных экспанатаў.

1. Беларуска-расейскі касьмічны апарат

​Яго плянуюць запусьціць у 2021 годзе. Гэта спадарожнік высокага разрозьненьня (0,35 мэтра) для дыстанцыйнага зандаваньня зямлі.

«Калі ён будзе зроблены ў той камплектацыі, якая ёсьць, то стане адным з найлепшых у сьвеце. Беларускі бок робіць у ім оптыку для здымак, асобныя прыборы. Гэтым апаратам мы будзем кіраваць сумесна. Ён будзе на ўзроўні амэрыканскіх і эўрапейскіх аналягаў, што дазволіць экспартаваць дадзеныя», — сказаў прадстаўнік распрацоўшчыка, УП «Геаінфармацыйныя сыстэмы», ​Вячаслаў Сіпач.

2. Бесьпілётнік «Буравесьнік»

​Яго плянуюць сёлета перадаць для эксплюатацыі ў Міністэрства надзвычайных сытуацый.

«Гэта наша апошняя распрацоўка. Апарат прызначаецца для палётаў зь перадачай інфармацыі пра пажаранебясьпечны стан нашых лясоў, паводкі і радыяцыйную сытуацыю (у будучым таксама над беларускай АЭС). Па трасе палётаў усталёўваюцца тэрміналы, якія праз інтэрнэт маюць сувязь з наземным пунктам кіраваньня і могуць перадаваць на яго інфармацыю з адлегласьці 300 км. Пры гэтым не губляецца магчымасьць кіраваньня апаратам і вяртаньня яго на аэрадром», — патлумачыў намесьнік дырэктара РУП «НВЦ шматфункцыянальных бесьпілётных комплексаў» Аляксандар Шчаўлеў.

3. Электрасамакат і электраровар

​Электрасамакат распрацаваны на менскім ААТ «Прыборабудаўнічы завод „Аптрон“» на замову Акадэміі навук для батанічнага саду ў сталіцы.

Зроблена 10 пробных узораў гэтай мадэлі, якія належаць батанічнаму саду. Акумулятарнай батарэі хапае на 40 км, грузападымальнасьць — 150 кг, хуткасьць — да 25 км/г. Зараджаецца да 80% за 3,5–4 гадзіны ад электрасеткі, а на 100% — за 7 гадзін.

«Яго рынкавы кошт — каля 2 тысяч беларускіх рублёў. Мы выйшлі на ўзровень з кітайцамі. Гарантыю на нашы электрарухавікі мы даём на два гады. Але ўсё гэта робіцца на каленках напільнікам. Нам неабходнае фінансаваньне каля 10 млн даляраў на тэхнічнае пераабсталяваньне. Ну, і ровары мы ня робім, але выпускаем гатовыя камплекты, якія на іх можна паставіць (на любое кола — рухавік, акумулятарную батарэю і гэтак далей), — сказаў маркетоляг «Прыборабудаўнічага заводу „Аптрон“» Яўген Карабейнік.

4. Імпульсны цьвёрдацельны лазэр для апрацоўкі матэрыялаў

​Апарат цяпер на стадыі фінальнай распрацоўкі.

«Ён прыдатны для розных галін — рэзкі, зваркі, для навуковага і спэцпрымяненьня, падсьвятленьня мясцовасьці. Гэты лазэр выдае сярэднюю магутнасьць у 100 ват. Адной сэкунды дастаткова, каб зрабіць адтуліну ў мэталічнай пласьціне таўшчынёй 3 мм», — сказаў прадстаўнік Інстытуту фізыкі НАН.

5. Офісны супэркампутар «Скіф-геа-офіс»

Пікавая прадукцыйнасьць — ня менш за 15 Тфлопс, абʼём апэратыўнай памяці — 320 Гб, абʼём жорсткага дыску — 5,7 ТБ. Сярод іншага, распрацоўшчыкі абяцаюць нізкі ўзровень шумоў і энэргаспажываньня. Мае ўнікальную сыстэму ахалоджваньня вылічальнага вузла на базе радыятараў з запрэсаванымі цеплавымі трубамі.

Распрацоўка Аб’яднанага інстытуту праблем інфарматыкі па саюзнай праграме з расейцамі.

6. Дасьледчы комплекс FluorFAB nano

​Атамна-сілавы мікраскоп сумешчаны з флюарэсцэнтным аптычным мікраскопам. Дазваляе дасьледаваць унутраную структуру клетак, біялягічных абʼектаў, іх паводзіны і ўзаемадзеяньне зь лекавымі прэпаратамі. Можна выкарыстоўваць у клінічных і фундамэнтальных дасьледаваньнях. Каштуе каля 40 тысяч даляраў.

«Гэта сучасны, недарагі комплекс, які можа выкарыстоўвацца шырокім колам дасьледчыкаў. Адпавядае эўрапейскім, амэрыканскім і расейскім аналягам. Спадзяёмся, што бліжэйшым часам стане стандартным інструмэнтам для біяфізыкаў, біёлягаў, фізіёлягаў, знойдзе прымяненьне ў мэдыцыне», — сказаў Сяргей Філатаў, прадстаўнік Інстытуту цепла- і масаабмену імя Лыкава.

7. Лекавыя грыбы юдава вуха і трутавік лякаваны (рэйшы)

​Распрацоўка Інстытуту лесу, які мае калекцыю з 250 штамаў лекавых і ядомых грыбоў. Інстытут прапануе тэхналёгіі вырошчваньня гэтых грыбоў на плянтацыях у лясгасах. Яны вырошчваюцца на пілавіньні і саломе.

8. Бульба зь неардынарнай афарбоўкай мякаці

​Гэта два пэрспэктыўныя сталовыя гатункі, якія праходзяць выпрабаваньні. Афарбоўка мякаці ружовая і фіялетавая.

«Гэта будзе такая „разыначка“ для салатаў. Гэтая бульба смачная, не асабліва разварваецца, але прыемная», — кажуць прадстаўнікі РУП «НПЦ па бульбаводзтве і гароднінаводзтве».

9. Клон дуба

​Сэнс распрацоўкі ў захаваньні каштоўнага генафонду беларускіх лясных дрэваў для стварэньня ў будучым устойлівых лясоў. Прадстаўленыя клоны дубоў «Патрыярх» (узрост 580 гадоў) і «Цар» (800 гадоў) з Пажэжынскага лясьніцтва ў Берасьцейскай вобласьці.

10. Таблеткі «​СілаМЭН»

​Прэпарат для лекаваньня эрэктыльнай дысфункцыі ў дарослых мужчын.

«Гэта новае пакаленьне віягры. Мае пралянгаванае дзеяньне і меней пабочных эфэктаў», — сказалі прадстаўнікі РУП «Акадэмфарм».

11. Сьпіртовыя напоі «Гайст» і Мystere

​40-градусны «Гайст» са сьвежых ягад вішні мае высокі экспартны патэнцыял, цьвердзяць яго распрацоўшчыкі з РУП «НВЦ па харчаваньні». Для вырабу кальвадосу Мystere выкарыстоўваюцца беларускія яблыкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG