Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На пэтыцыю за выходны 2 студзеня Мінпрацы адказала 10 студзеня


Адрыўны каляндар «Родны край — 2019», ілюстрацыйнае фота
Адрыўны каляндар «Родны край — 2019», ілюстрацыйнае фота

Адказ на зварот аб прызначэньні выходным днём у Беларусі 2 студзеня 2019 году зьявіўся на сайце Petitions.by 14 студзеня. Аўтар пэтыцыі атрымаў яго крыху раней — 10-га.

Амаль 16,6 тысячаў карыстальнікаў прасілі выходны, каб расьцягнуць навагоднія выходныя да 4 дзён, бо многія ўжо звыклі да выходнага ня толькі 1-га, але і 2-га студзеня. Апошні раз дзень 2 студзеня быў працоўным у 2012 годзе — пасьля штогод выходным.

Каб кампэнсаваць лішні выходны, у пэтыцыі прапаноўвалі зрабіць працоўным днём нейкі наступны выходны, як пераносяць іншыя «пазаплянавыя» выходныя. Таксама дапускаўся варыянт выходнага «без кампэнсацыі».

Зварот стаў самым папулярным на сайце, абагнаўшы па колькасьці подпісаў нават пэтыцыю за захаваньне маршрутных таксі. Нягледзячы на пэтыцыю, дзень 2 студзеня 2019 году афіцыйна быў працоўным (хоць прыватным кампаніям не забаранялася рабіць супрацоўнікам выходны).

На зварот, адасланы 26 сьнежня, не было адказу да 10-га студзеня. У адказе намесьнік міністра працы Андрэй Лабовіч піша, што графік пераносу працоўных дзён на 2019 год быў зацьверджаны яшчэ 15 сьнежня, у Мінпрацы карэктаваць яго не зьбіраюцца.

Згадваецца таксама «міжнародны досьвед»: пералічваюцца краіны, дзе выходным робяць толькі 1 студзеня, і краіны, дзе і 2 студзеня выходны. Да другіх адносяцца Расея, Казахстан і Армэнія. Перагляд пераносу працоўнага дня з 2 студзеня міністэрства палічыла «немэтазгодным», абапіраючыся на гэты досьвед — але ў лісьце не пералічваецца, якія недахопы і перавагі пераносу былі ўлічаныя.

Чаму разгляд пэтыцыі заняў столькі часу, а таксама чаму яе разглядалі нават тады, калі 2 студзеня ўжо мінула, у лісьце не гаворыцца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG