Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Якім бы ні было савецкае мінулае» — менскія ўлады адказалі на прапанову зьнесьці помнік Калініну


Рамонт помніка Калініну ў Менску, 14 лістапада 2018 году
Рамонт помніка Калініну ў Менску, 14 лістапада 2018 году

На сайце Petitions.by зьявіўся адказ першага намесьніка кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёну Менску Дзьмітрыя Шашка на зварот з прапановай зьнесьці менскі помнік савецкаму дзеячу Міхаілу Калініну.

63 карыстальнікі падтрымалі пэтыцыю, у якой пісалі, што Калінін «мае сумнеўнае дачыненьне да сёньняшняй Беларусі», згадвалася ягоная пастанова, якая забясьпечыла законнасьць палітычных рэпрэсіяў праз паскораны разгляд «расстрэльных» справаў без удзелу абвінавачанага і бяз права на апэляцыю.

Згадалі і тое, што Калінін падпісваў расстрэльныя сьпісы беларусаў.

Падпісанты палічылі немэтазгодным «аднаўленьне помніку забойцу», у памяць забітых прапаноўвалі пазбавіць помнік статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці, спыніць рэстаўрацыю помніку (рамонт ацанілі ў 134 066 рублі — як пяць новых помнікаў Касьцюшку), ліквідаваць помнік як аварыйны, накіраваць сродкі з рэканструкцыі «на рэальна неабходныя для насельніцтва рэчы».

«Да савецкіх помнікаў можна аднесьці значную частку архітэктуры гораду Менску, — піша Дзьмітры Шашок у адмове ад зносу. — Сама сталіца зьяўляецца своеасаблівым сымбалем савецкай эпохі.

Якім бы ні было савецкае мінулае, яго спадчыну, захаваную ў скульптурах і архітэктуры гораду, неабходна зьберагчы для будучага пакаленьня. Дзякуючы захаваным культурным каштоўнасьцям, якім налічваецца некалькі стагодзьдзяў, мы маем магчымасьць бачыць іх аблічча, знаёміцца з культурай таго часу.

Таму лічым, што гістарычныя помнікі трэба захаваць дзеля нашчадкаў».

Пытаньні пазбаўленьня статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці, адзначае Шашок, вырашаюцца Міністэрствам культуры. Рэканструкцыю, якую ў народзе празвалі «парніком Калініна», плянуюць завяршыць да канца 2019 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG