Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускіх школах вучаць, што паўстаньне Каліноўскага было польскім


«Каго любіш?» — «Польшчу». Каляж
«Каго любіш?» — «Польшчу». Каляж

У падручніках расейскай літаратуры для 8-й клясы, па якіх вучаць дзяцей у беларускіх школах, паўстаньне Кастуся Каліноўскага 1863–64 гадоў называецца польскім.

Дапаможнік выпушчаны навукова-мэтадычнай установай «Нацыянальны інстытут адукацыі» і дапушчаны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусі.

У анатацыі да разьдзелу пра расейскую літаратуру другой паловы XIX ст. гаворыцца:

«Адмена прыгоннага права ў 1861 годзе выклікала новы выбух народных хваляваньняў, найбуйнейшае зь іх — Польскае паўстаньне пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага (18631864)».

Рэдактарка падручніка — дацэнт БДУ Сьвятлана Захарава, супрацоўніца катэдры пэдагогікі і праблемаў разьвіцьця адукацыі БДУ.

Аўтар кнігі пра паўстаньне: гэты сказ — сапраўдная акцыя супраць Каліноўскага

Гарадзенскі гісторык Васіль Герасімчык, які напісаў кнігу «Канстанцін Каліноўскі. Асоба і легенда», пракамэнтаваў сытуацыю ў інтэрвію Свабодзе.

Васіль Герасімчык
Васіль Герасімчык

«Аўтары падручніка па «Расейскай літаратуры» для 8-й клясы (Сьвятлана Захарава, Тацьцяна Марозава, Галіна Чапялёва), магчыма, і кандыдаты філялягічных навук, але ў пытаньнях гісторыі павінны былі дзейнічаць у адпаведнасьці з тым, што напісана ў падручніку па «Гісторыі Беларусі» за 8-ю клясу або, як мінімум, прыгадаць тыя веды, якія атрымалі падчас навучаньня ва ўнівэрсытэце, калі, вядома, яны атрымлівалі адукацыю ў беларускіх ВНУ.

Сваёй адвольнай інтэрпрэтацыяй такой важнай у нашай (магчыма, проста сэнсавае напаўненьне слова «нашая» ў аўтарак падручніка іншае) гісторыі падзеі яны парушылі адзінства выхаваўча-адукацыйнага працэсу, ствараючы ўмовы для непаразуменьня сярод цікаўных вучняў, якія пасьля такой «адукацыі» скептычна будуць успрымаць і іншыя рэчы, напісаныя ў падручніку «Гісторыя Беларусі» (паколькі параграф у курсе «Расейскай літаратуры» праходзіцца раней). Таму ў мяне асабіста ўзьнікаюць пытаньні і да Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, якое дапусьціла гэты падручнік да выхаду, не ўсьведамляючы адрознасьць яго ацэнак ад тых, якія маюцца ў іншым падручніку.

Як гісторык, які займаецца тэмаю паўстаньня і асобаю Кастуся Каліноўскага цягам апошніх 8 гадоў, скажу: ніякага «Польскага паўстаньня пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага (1863-1864)» не існавала. Было паўстаньне на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай 1863-1864 гадоў, кіраўніком якога пэўны час на тэрыторыі Беларусі і Літвы быў К. Каліноўскі, які кіраваў Літоўскім камітэтам як Часовым правінцыйным урадам у Літве і Беларусі і таго самага, які свае перадсьмяротныя «Лісты з-пад шыбеніцы» напісаў па-беларуску да «мужыкоў Беларусаў». Пры чым на тэрыторыі колішняга Каралеўства Польскага былі свае кіраўнікі — Мераслаўскі, Лангевіч, Траўгут.

У такім разе сказ, прапісаны ў падручніку па расейскай літаратуры, выглядае ня проста як адвольная інтэрпрэтацыя падзей гісторыі Беларусі ў «небеларускім іх разуменьні», а як сапраўдная акцыя супраць «К. Калиновского». Якаў Трашчанок, які ў падручніку па гісторыі Беларусі ў свой час зьмясьціў цэлы параграф, у якім безвынікова імкнуўся даказаць, што Каліноўскі ня наш герой. Ці не па ягоных сьлядах пайшлі аўтаркі падручніка па расейскай літаратуры?

Гісторык Краўцэвіч: Ніякага павароту да беларускасьці няма

Свабода папрасіла пракамэнтаваць словы пра «польскае паўстаньне Каліноўскага» і гісторыка, прафэсара Аляксандра Краўцэвіча.

Аляксандар Краўцэвіч
Аляксандар Краўцэвіч

«Вось шмат шуму пра новую канцэпцыю нацыянальнай гісторыі, пра новы афіцыйны, агульны для ўсіх курс гісторыі беларускай дзяржаўнасьці. А пачынаецца яна з Полацкага княства. Дзяржава нібыта паварочваецца ў бок беларускага патрыятызму. Афіцыёзныя гісторыкі і чыноўнікі публікуюць вялікія артыкулы ў газэце „Беларусь сегодня“ пра ўзмацненьне патрыятычнага выхаваньня.

Але гэта ўсё бла-бла-бла. Бо ёсьць яшчэ практыка рэальнага жыцьця. А ў практыцы ўсё выглядае трохі інакш. Надалей у падручніках гісторыі беларуская дзяржаўнасьць пачыналася з 1917 г.; нямецка-савецкая вайна — аснова дзяржаўнай ідэалёгіі зь яе галоўнай міталягемай пра ўсенародную партызанскую вайну. Прычым высілкамі адпаведных гісторыкаў з кожным годам савецка-беларускіх партызанаў становіцца ўсё больш (як у Расеі абаронцаў „Белага дома“ ў 1991 г.)

Праваслаўная царква стала неафіцыйным цэнзарам гуманітарных падручнікаў, безь яе дабраславеньня яны проста не ідуць у друк. І вось сьляды гэтага дабраславеньня. У падручніку рускай літаратуры для 8 клясаў школаў Рэспублікі Беларусі проста і выразна напісана: „польскае паўстаньне пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага“. Адразу ўсё ясна і зразумела з „паваротам да беларускасьці“. Бла-бла-бла».

Рэдактарка згаданага падручніка Сьвятлана Захарава, дарэчы, аўтарка больш як 35 навуковых і навукова-мэтадычных публікацыяў па пэдагогіцы і мэтодыцы выкладаньня расейскай літаратуры ў сярэдняй школе.

У інтэрвію «Нашай Ніве» Сьвятлана Захарава патлумачыла:

«У нас няма аўтараў асобных разьдзелаў, мы працавалі калектыўна. Але падручнік прайшоў празь сіта рэцэнзэнтаў, зьмяняў недзе зьмест. І на якім этапе выплыла гэтая фармулёўка, мне сказаць цяжка. Можа, недзе недагледзелі, ідэалягічна ня вытрымалі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG