Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Помнік аўтазаку і яшчэ тры непапулярныя пэтыцыі, створаныя пад Новы год


Архіўнае фота

На сайце Petitions.by просяць абараніць нацыянальную бясьпеку, захаваць сувэрэнітэт і падвысіць дэмаграфічную бясьпеку.

1 студзеня была апублікаваная пэтыцыя з просьбай паставіць помнік «аднаму з галоўных сымбаляў гораду Менску і ўсёй краіны — аўтазаку», у якім «пабывала вялікая частка беларусаў», на Кастрычніцкай плошчы ці вуліцы Зыбіцкай у Менску. Пэтыцыя створаная ад імя актывіста Крысьціяна Шынкевіча, які раней ствараў пэтыцыі супраць прымусовага разьмеркаваньня выпускнікоў ВНУ, прапаганды «георгіеўскай» стужкі і «згубнага ўплыву БРСМ», за адстаўку старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай ды іншыя. На момант публікацыі пад пэтыцыяй 5 подпісаў.

Таксама 1 студзеня створаная пэтыцыя з «прапановамі падвышэньня дэмаграфічнай бясьпекі» – пад ёй пакуль толькі 1 подпіс. Аўтар прапануе «ўмацаваць інстытут сям’і», абмежаваўшы аборты, «павысіць узровень здароўя насельніцтва» праз зьмяншэньне хатніх заданьняў школьнікам, разьвіваць сельскую гаспадарку і аптымізаваць міграцыйныя плыні. Як менавіта рэалізаваць кожны з пунктаў, у пэтыцыі ня згадваецца.

30 і 28 сьнежня былі створаныя дзьве пэтыцыі на блізкія тэмы: адна — з просьбай адказаць, ці плянуюць вышэйшыя службовыя асобы скасаваць сувэрэнітэт Беларусі (і калі не, што мяркуюць рабіць для ўмацаваньня сувэрэнітэту), другая — з патрабаваньнем «у апэратыўным парадку ацаніць бягучы стан бясьпекі» ў палітычнай, эканамічнай, інфармацыйнай і сацыяльнай сфэрах, а таксама ўнесьці Аляксандру Лукашэнку прапановы ў гарантаваньні нацыянальнай бясьпекі. Першая пэтыцыя на момант публікацыі мела 12 подпісаў, другая — 18.

У рэкамэндацыях па напісаньні зваротаў на Petitions.by засьцерагаюць ад напісаньня «занадта размытых і эмацыйных» тэкстаў. Аўтарам пэтыцыяў прапануюць сфармуляваць тэкст з апісаньнем:

  • канкрэтнай праблемы, якую трэба вырашыць;
  • прапановы ў рашэньні праблемы і чаканых вынікаў;
  • дадатковых зьвестак, якія пацьвярджаюць актуальнасьць праблемы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG