Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка і Пуцін зноў сустрэнуцца да Новага году


Беларусь і Расея зблізілі пазыцыі па ўсіх пытаньнях, а прэзыдэнты Аляксандр Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін дамовіліся пра новую сустрэчу да Новага году. Пра гэта агенцтву БелТА заявіла прэс-сакратарка беларускага кіраўніка Натальля Эйсмант.

«Мінулыя перамовы, безумоўна, мы можам назваць канструктыўнымі. Прэзыдэнты абмеркавалі ўвесь спэктар пытаньняў нашага агульнага парадку дня. Ацэньваючы ў цэлым гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, у першую чаргу як адназначна пазытыўны момант быў адзначаны рост тавараабароту. Сярод іншых найбольш актуальных тэм, якія абмяркоўваліся сёньня, былі і цэнаўтварэньне на газ, праца беларускага нафтаперапрацоўчага сэктара ва ўмовах падатковага манэўру, які праводзіцца Расеяй, пастаўкі нашых прадуктаў харчаваньня на расейскі рынак. Як вынік — пазыцыі збліжаныя па ўсіх пытаньнях», - заявіла Эйсмант.

Крыху пазьней інфармацыю пра новую сустрэчу яшчэ да Новага году пацьвердзіў прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў.

Раней у Маскве першы віцэ-прэм’ер і міністар фінансаў Расеі Антон Сілуанаў распавёў журналістам, што Расея і Беларусь створаць працоўную групу для падрыхтоўкі прапаноў па інтэграцыі і вырашэньні спрэчных пытаньняў.

«У нас цэнаўтварэньне на газ — з гэтым пытаньнем мы павінны вызначыцца і, пачынаючы з 2020 году, выпрацаваць прапановы па фармаваньні цэн на гэты від энэргіі», — цытуе Сілуанава агенцтва ТАСС

Прэзыдэнты Расеі і Беларусі Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка 25 сьнежня правялі перамовы ў Маскве. Гутарка, якая праходзіла ў Крамлі зь невялікімі перапынкамі і зьменай фарматаў, працягвалася амаль чатыры гадзіны.

Напярэдадні расейскі віцэ-прэм’ер Антон Сілуанаў заявіў пра рэгулярнае парушэньне мытнага рэжыму з боку Беларусі.

«Мы кажам беларускаму боку, што вы наш сусед, наш саюзнік, але ў апошні час давер страчаны. Усе гэтыя растваральнікі, санкцыёнка, падакцызныя тавары, якія запаўняюць нашы рынкі», — цытуе чыноўніка ТАСС.

Паводле Сілуанава, Беларусь не цалкам выконвае ўмовы саюзнай дамовы 1999 году, якая прадугледжвае стварэньне адзінай падатковай, мытнай, грашова-крэдытнай, акцызнай, эканамічнай палітыкі. У якасьці прыкладу ён прывёў адсутнасць да гэтага часу адзінай валюты.

У сваю чаргу Аляксандар Лукашэнка наракаў, што Масква адхіліла ўсе прапановы Менска па цэнах на газ і кампэнсацыі за падатковы манэўр нафтавай галіны.

Беларускі бок хоча дамагчыся ад Расеі кампэнсацыі за падатковы манэўр, які прывядзе да падаражэньня нафты для беларускіх НПЗ. Менск ацэньвае свае страты у 2019 годзе на ўзроўні 383 млн даляраў. Аднак Сілуанаў заявіў, што Крэмль ніякіх абяцаньняў не даваў.

Прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў 13 сьнежня заявіў, што Масква гатовая да далейшага прасоўваньня ў пытаньнях рэалізацыі праекту саюзнай дзяржавы. У прыватнасьці, да правядзеньня адзінай падатковай і тарыфнай палітыкі, адзіных мытных органаў, адзінага эмісійнага цэнтру.

Лукашэнка на сустрэчы з расейскімі СМІ выказаў меркаваньне, што пад выглядам «глыбокай інтэграцыі» Масква хоча інкарпараваць Беларусь у склад Расеі. І запэўніў, што такога ніколі ня здарыцца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG