Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія ўлады «страцілі давер» да Беларусі 


Антон Сілуанаў і Ўладзімір Пуцін

Першы віцэ-прэм’ер, міністар фінансаў Расеі Антон Сілуанаў заявіў пра рэгулярнае парушэньне мытнага рэжыму з боку Беларусі.

«Мы кажам беларускаму боку, што вы наш сусед, наш саюзнік, але ў апошні час давер страчаны. Усе гэтыя растваральнікі, санкцыёнка, падакцызныя тавары, якія запаўняюць нашы рынкі», — цытуе чыноўніка расейскае агенцтва ТАСС.

Паводле Сілуанава, Беларусь не цалкам выконвае ўмовы саюзнай дамовы 1999 году, якая прадугледжвае стварэньне адзінай падатковай, мытнай, грашова-крэдытнай, акцызнай, эканамічнай палітыкі. У якасьці прыкладу ён прывёў адсутнасць да гэтага часу адзінай валюты.

У сваю чаргу Аляксандар Лукашэнка наракаў, што Масква адхіліла ўсе прапановы Менска па цэнах на газ і кампэнсацыі за падатковы манэўр нафтавай галіны. 25 сьнежня гэтыя моманты будуць абмяркоўвацца падчас перамоваў двух прэзыдэнтаў.

Беларускі бок хоча дамагчыся ад Расеі кампэнсацыі за падатковы манэўр, які прывядзе да падаражэньня нафты для беларускіх НПЗ. Менск ацэньвае свае страты у 2019 годзе на ўзроўні 383 млн даляраў. Аднак Сілуанаў заявіў, што Крэмль ніякіх абяцаньняў не даваў.

Прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў 13 сьнежня заявіў, што Масква гатовая да далейшага прасоўваньня ў пытаньнях рэалізацыі праекту саюзнай дзяржавы. У прыватнасьці, да правядзеньня адзінай падатковай і тарыфнай палітыкі, адзіных мытных органаў, адзінага эмісійнага цэнтру.

Лукашэнка на сустрэчы з расейскімі СМІ выказаў меркаваньне, што пад выглядам «глыбокай інтэграцыі» Масква хоча інкарпараваць Беларусь у склад Расеі. І запэўніў, што такога ніколі ня здарыцца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG