Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актора Свабоднага тэатру аштрафавалі за пэрформанс зь міліцэйскай формай


Акторы Свабоднага тэатру прыйшлі ў суд у майках з цытатамі міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча, 10 сьнежня
Акторы Свабоднага тэатру прыйшлі ў суд у майках з цытатамі міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча, 10 сьнежня

Актора Дзьмітрыя Яфрэмава прызналі вінаватым у правядзеньні несанкцыянаванай акцыі і аштрафавалі на 15 базавых велічыняў (367,5 рублёў). Яшчэ двух удзельнікаў пэрформансу будуць судзіць 12 сьнежня, сёньня іх накіравалі ў ізалятар.

Судзьдзёй была Вікторыя Шабуня.

Дзьмітры Яфрэмаў быў затрыманы 8 сьнежня і да суду быў у турме на вуліцы Акрэсьціна ў Менску. Ён браў удзел у пэрформансе «Дэканструкцыя міліцыянта», які 28 лістапада ў гандлёвым цэнтры «Замак» правялі навучэнцы студыі «Фортэнбрас» пры Свабодным тэатры.

Актора не кармілі з 10 сьнежня, ад моманту калі адвезьлі ў суд — выратавала сабойка.

Тры ўдзельнікі пэрформансу, у тым ліку Дзьмітры, апрануліся ў форму з сымболікай ЛГБТ (пагонамі вясёлкавых колераў) і пыталіся ў мінакоў у гандлёвым цэнтры, чаму яны не ўсьміхаюцца. Тым, хто ў адказ усьміхаўся, акторы раздавалі цукеркі і танцавалі.

На судзе Яфрэмаў патлумачыў, што ўдзельнічаў ня проста ў пэрформансе, а выконваў студыйнае «хатняе заданьне», якое было ў тым, каб паспрабаваць тэатральнымі дзеяньнямі прыцягнуць увагу мінакоў, «атрымаць ад іх рэакцыю ў адказ», што і атрымалася зрабіць.

«Людзі рэагавалі ветліва, усьміхаліся, ніхто ня скардзіўся, а выкладчыкі паставілі добрую адзнаку», — паведаміў суду актор-пачатковец Дзьмітры Яфрэмаў. Што да парушэньня закону «Аб масавых мерапрыемствах», якое яму інкрымінавала міліцыя, Дзьмітры заявіў, што нічога не парушаў, бо не выходзіў у сваіх дзеяньнях за межы Канстытуцыі.

Акторы Свабоднага тэатру прыйшлі ў суд у майках з цытатамі міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча, 10 сьнежня
Акторы Свабоднага тэатру прыйшлі ў суд у майках з цытатамі міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча, 10 сьнежня

Больш як праз тыдзень пасьля правядзеньня пэрформансу ў гандлёвым цэнтры «Замак» у інтэрнэце зьявілася відэа гэтай падзеі. Яфрэмаў у пратаколе затрыманьня пазначыў, што да зьяўленьня відэа дачыненьня ня мае. Суд праглядзеў відэазапіс пэрформансу з камэры, усталяванай у «Замку».

Яфрэмаў пазнаў сябе на запісе і прызнаў, што не зьвяртаўся па дазвол для ўдзелу, але заявіў, што ня ведаў, што гэта неабходна. Ягоная абаронца акцэнтавала ўвагу суду на тым, што Беларусь абавязалася выконваць правы чалавека.

«Майму падаабароннаму яшчэ ў 9-й клясе школы расказвалі аб правах чалавека, — казала адвакатка. — Беларусь падпісала Міжнародны пакт аб правах чалавека, і мой падабаронны гэта ведае, гэтым кіруецца. Ён лічыць, што ў Беларусі парушаюцца правы ЛГБТ-супольнасьці, а мастацкая акцыя майго падаабароннага нікому ня шкодзіла».

Паводле абаронцы, у дзеяньнях Яфрэмава адсутнічаў склад правапарушэньня.

Яшчэ двух удзельнікаў пэрформансу сёньня выклікалі ў Цэнтральны РУУС для допыту. Па абедзе стала вядома, што іх затрымалі і накіравалі ў ізалятар на Акрэсьціна, заўтра будзе суд.​

МУС і сэкс: што адбывалася апошнім часам

  • 17 траўня 2018 году, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, амбасады Вялікай Брытаніі і ЗША ў Менску вывесілі вясёлкавыя сьцягі.
  • 20 траўня 2018 Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала заяву, дзе назвала аднаполыя адносіны падробкай.
  • 21 траўня кіраўнік МУС Ігар Шуневіч назваў вывешваньне міжнароднага сымбаля ЛГБТ-супольнасьці прапагандай «непрымальнага» ладу жыцьця.
  • 7 чэрвеня 2018 Шуневіч заявіў, што «ахова маральнасьці» — гэта функцыя МУС, хоць такой функцыі ў законе «Аб органах унутраных спраў» няма.
  • Улетку супрацоўнікі міліцыі неаднаразова ладзілі аблавы на закрытыя ЛГБТ- і сьвінг-вечарыны, удзельнікаў затрымлівалі.
  • У сьнежні 2018 году ў інтэрвію тэлеканалу АНТ Шуневіч назваў частку грамадзян Беларусі «дзіравымі». Некаторыя ўспрынялі гэтае выказваньне як адрасаванае ЛГБТК+ супольнасьці. Праваабарончы цэнтар «Вясна» назваў гэтае выказваньне гамафобным і патрабавала прыцягнуць Шуневіча да крымінальнай адказнасьці. Генпракуратура назвала выказваньне «асабістым меркаваньнем».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG