Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі «парадак» і ўкраінскі «беспарадак»: што лепш?


Пратэст уладальнікаў неразмытненых аўтамабіляў з краінаў Эўразьвязу. Кіеў, 20 лістапада
Пратэст уладальнікаў неразмытненых аўтамабіляў з краінаў Эўразьвязу. Кіеў, 20 лістапада

У Фэйсбуку разгарнулася вострая дыскусія на тэму, што лепш: украінская анархія і адсутнасьць моцных дзяржаўных інстытутаў — ці беларускі аўтарытарны парадак. Хто мае рацыю?

Арцём Шрайбман, зачапіўшыся за інфармацыю пра блякаваньне мяжы ўкраінскімі перагоншчыкамі аўтамабіляў з ЭЗ, узгадаў пра свой досьвед пераходу празь беларуска-ўкраінскую мяжу і прыйшоў да высновы:

«Той момант на беларускай мяжы, якую мы прайшлі за 15 хвілін, быў першы раз, калі я так выразна адчуў, што вярнуўся ў эўрапейскую краіну, дзе хоць неяк працуюць законы».

Дзьмітры Гурневіч, таксама распавёўшы пра свой досьвед перасячэньня межаў, заўважыў:

«Беларускі орднунг, які месцамі стамляе, напружвае (я не кажу пра аўтарытарызм, палітыку, а пра бытавыя пытаньні), шчыра, адпавядае больш, чым адсутнасьць чытэльных правілаў».

На што прафэсар Грыгорый Ёфэ з ЗША, вядомы тым, што ў сваіх кнігах апраўдвае існаваньне рэжыму Лукашэнкі, заўважыў:

«Усё правільна напісаў Арцём. Ён толькі спыніўся за крок ад яшчэ менш папулярнай высновы: калі ня будзе аўтарытарызму, будзе як у (на) Украіне. Не, гэта не ўсеагульная заканамернасьць. Гэта заканамернасьць пэўнага культурнага кола на дадзенай стадыі яго эвалюцыі, а можа, і на ўсіх стадыях, хто ведае».

Калісьці таварыш Сталін, адказваючы на пытаньне, які палітычны ўхіл у камуністычнай партыі горшы, левы ці правы, дасьціпна адказаў: «Нельга так ставіць пытаньне. Абодва яны горшыя».

Зразумела, у прыродзе можна параўноўваць што заўгодна. Але, на мой погляд, гэта якраз тая сытуацыя ілжывага выбару. Чаму ўвогуле за пункт адліку, зь якім трэба параўноўваць беларускі парадак, узятая Ўкраіна? Дарэчы, такі прыём вельмі таленавіта выкарыстоўвае Лукашэнка. «Затое ў нас няма вайны» — кажа ён, паказваючы пальцам на Ўкраіну. Некалькі гадоў такі прыём эфэктыўна працаваў. Але ў сьвеце 197 дзяржаў, войны ідуць, можа, у 5–7 зь іх. Пры жаданьні заўсёды можна знайсьці месцы, дзе горш, чым тут.

Грыгорый Ёфэ спрабуе адказаць, чаму Беларусь параўноўваецца з Украінай. Маўляў, гэта народы з падобнай культурай («заканамернасьць пэўнага культурнага кола на дадзенай стадыі яго эвалюцыі»), прыналежныя да адной праваслаўнай цывілізацыі. Але сам факт таго, што ў дзьвюх суседніх краінах з адной цывілізацыйнай матрыцай, якія некалькі вякоў жылі ў адной дзяржаве, існуюць абсалютна розныя палітычныя рэжымы, грамадзка-палітычны лад, сацыяльныя мадэлі, сьведчыць пра моцныя адрозьненьні ў мэнтальнасьці беларусаў і ўкраінцаў.

Згодзен з Гурневічам, які піша: «Лукашэнка тут ні пры чым. Так было да яго і так будзе пасьля». Узгадваю, як у далёкія студэнцкія 1970-я гады мяне ў Менску аштрафавалі, калі перайшоў вуліцу на чырвонае сьвятло пры адсутнасьці машын. І карупцыі ў Беларусі ў савецкія часы не было ў такіх маштабах, як у іншых рэгіёнах СССР. Таму цяжка пагадзіцца з высновай спадара Ёфэ, што «калі ня будзе аўтарытарызму, будзе як у (на) Украіне».

Хачу нагадаць, што парадак, моцныя дзяржаўныя інстытуты існуюць ня толькі ў аўтарытарных, але і ў дэмакратычных краінах.

Варта таксама заўважыць, што моц беларускай дзяржавы выяўляецца вельмі выбарачна. Эфэктыўна працуюць сілавыя структуры, дый тое яны больш скіраваныя на задачу самазахаваньня рэжыму. А вось у эканоміцы моцная дзяржава аказваецца бездапаможнай. 24 гады Лукашэнка б’ецца, каб прымусіць эфэктыўна працаваць дзяржаўны сэктар эканомікі, і ўсё безвынікова. Моцная беларуская дзяржава змагла забясьпечыць парадак («стабільнасьць»), але ня ў стане забясьпечыць разьвіцьцё. Больш за тое, яна стала галоўным чыньнікам кансэрвацыі застою. Я б сказаў, што беларуская дзяржава ня столькі моцная, колькі вялікая, яна імкнецца кантраляваць усе грамадзкія сфэры, шмат у якіх яна ўвогуле не патрэбная.

Ня толькі з тэорыі, але і з палітычнай практыкі вядома, што дзяржава, якая не кантралюецца грамадзтвам, пачынае працаваць сама на сябе, на ўласнае выжываньне, на забесьпячэньне інтарэсаў кіроўнай бюракратыі. Адваротны бок беларускага парадку — самаўпраўства міліцыянтаў, пра якое рэгулярна пішуць мэдыі, і праваахоўных органаў у цэлым (беларускія суды амаль не выносяць апраўдальных прысудаў).

А ўвогуле, самы дакладны парадак існуе ў таталітарных дзяржавах. Самы чысты горад у сьвеце — зусім ня Менск, а Пхэньян. Як казаў адзін палітык, «ня ўсё толькі дрэннае было зьвязана ў Нямеччыне зь вядомым Адольфам Гітлерам»...

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG