Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паказуха як норма жыцьця


Падрыхтоўка да візыту Лукашэнкі ў Горадню

Незалежныя мэдыі поўняцца інфармацыяй, як мясцовыя ўлады рыхтуюцца да прыезду Аляксандра Лукашэнкі. У Віцебску, Аршанскім раёне, Гомлі на загад мясцовых вэртыкальшчыкаў чысьцяць, мыюць, фарбуюць вуліцы, будынкі, па некалькі разоў перакладаюць асфальт. У Віцебску фабрыку КІМ вычышчалі з дапамогай настаўнікаў. Такі ж самы аўрал нядаўна адбываўся ў Гародні напярэдадні візыту кіраўніка дзяржавы.

Такая паказуха і штурмаўшчына вынікаюць зь лёгікі функцыянаваньня існага рэжыму. У краінах, дзе сыстэма працуе на падставе самарэгуляцыі, саманастройкі, будынкі рамантуюць тады, калі яны разбураюцца, псуюцца, то бок пэрыядычна, рэгулярна, адпаведна з плянам ці наяўнасьцю рэсурсаў. У Беларусі — краіне з мадэльлю ручнога кіраваньня — усе праблемы вырашаюцца мэтадам надзвычайшчыны, мабілізацыі, штурму, аўралу. Прычым гэткім спосабам выконваюцца самыя простыя задачы, кшталту ўборкі ўраджаю. Нікому з начальства ў галаву не прыходзіць элемэнтарная думка, што горад трэба трымаць у парадку ўвесь час, а ня толькі тады, калі прыяжджае Лукашэнка.

Шмат хто з абывацеляў думае, што сам кіраўнік дзяржавы нічога ня ведае пра гэтую паказуху, не падазрае, што яму пускаюць пыл у вочы. Насамрэч гэта ня так. Ён усё добра ведае і сам ня раз камэнтаваў гэтую сытуацыю. Вось, напрыклад, адзін зь першых і найбольш экзатычных камэнтароў на гэтую тэму:

«І адказ на вашае трэцяе пытаньне, якое тут, ведаеце, пастаянна бударажыць розумы нашай сярэдняй клясы так званай: ах, прэзыдэнта павезьлі ў лепшыя гаспадаркі, не, яго трэба было ў дзярмо кудысьці завезьці, каб ён убачыў, як мы жывем. Яшчэ раз адказваю на ваша пытаньне: кіраўнік дзяржавы не для таго, каб лезьці ў рознага роду дзярмо, я яго і так добра ведаю! Тады, выходзіць, каб прэзыдэнт прыехаў, паглядзеў і дапамог, трэба дрэнна працаваць, трэба калупацца ў гэтым самым дзярме? Такога ня будзе» («Белорусская газета», 2000, 24 студзеня).

Нядаўна Лукашэнка, чарговым разам адказваючы на закіды незалежных мэдыяў з гэтай нагоды, казаў, што, маўляў, калі да вас прыходзяць госьці, то вы ж таксама рыхтуецеся, наводзіце парадак у хаце.

То бок Лукашэнка ўсяляк заахвочвае мясцовых вэртыкальшчыкаў да такой паказухі. І нават жорстка карае тых, хто дрэнна падрыхтаваўся да ягонага прыезду. Вось летам, наведваючы Аршанскі раён, на прадпрыемстве «Тэхніка сувязі» ў Барані ён адхіліўся ад прапанаванага маршруту — і тое, што ўбачыў, ацаніў так: «Жудасьць! Дохлыя пацукі, мышы, прэзэрватывы і іншая нарката». У выніку разгону зьляцелі з пасадаў старшыня Аршанскага райвыканкаму, іншыя чыноўнікі.

І тут ужо гаворка пра палітычны стыль, мэтады кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. Калі мясцовыя ўлады дрэнна рыхтуюцца да ягонага прыезду, то ён гэта расцэньвае ня проста як непавагу. Паводле ягоных уяўленьняў, аўтарытарны лідэр павінен наганяць страх на падначаленых. Калі не баяцца — значыць, не паважаюць. Адсюль адзін крок да непадпарадкаваньня. Таму паказуха з фарбаваньнем фасадаў і рамонтам дарогі — гэта дэманстрацыя ляяльнасьці мясцовых чыноўнікаў галоўнаму гаспадару. А для самога Лукашэнкі — гэта дакладная прыкмета ўсёўладнасьці.

Самае сумнае, што і грамадзтва прызвычаілася да паказухі як да нормы жыцьця. Калі на прадпрыемства ці ў арганізацыю прыяжджае нейкае начальства ці праверка, то галоўнае, каб вонкава ўсё выглядала добра, дакумэнтацыя была ў парадку. А што там насамрэч адбываецца, не цікавіць нікога, найперш саміх правяраючых. Як казала тая завуч з скандальнага відэа-аўдыё пра #загонБРСМ — трэба ж зрабіць добрую справаздачу для аддзелу адукацыі. То бок з школы вучняў выхоўваюць, што галоўнае — гэта трэба навучыцца добра пускаць пыл у вочы, і будзеш жыць без праблем. Праўда, тыя ж настаўнікі ў Віцебску мусяць працаваць чорнарабочымі, прыбіральшчыкамі на фабрыцы КІМ. Але гэта ўжо дробныя выдаткі прафэсіі.

Як сьпяваў калісьці Булат Акуджава:

Римская империя времени упадка
Сохраняла видимость твердого порядка:
Цезарь был на месте, соратники рядом,
Жизнь была прекрасна, судя по докладам.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG