Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя патлумачыла абяззбройваньне гамельчукоў напярэдадні візыту Лукашэнкі і Парашэнкі


Юры Варонежцаў (архіўнае фота)

Навуковец і былы дэпутат Вярхоўнага Савету СССР Юры Варонежцаў на патрабаваньне міліцыі здаў «на часовае захаваньне» свой стары газавы пісталет. Так гомельская міліцыя клапоціцца пра бясьпеку прэзыдэнтаў Беларусі і Ўкраіны, сустрэча якіх заплянаваная 26 кастрычніка ў Гомлі. У адказе на пісьмовы запыт Варонежцава міліцыя патлумачыла: «Ваша месца жыхарства трапіла ў ахоўную зону».

На мінулым тыдні грамадзкага дзеяча патурбавалі з міліцыі з патрабаваньнем здаць на «часовае захоўваньне» стары газавы «Вальтэр». Пісталет Варонежцаў займеў яшчэ ў 1996 годзе. І да гэтага часу міліцыя яго не забірала ані на часовае, ані на сталае «захаваньне». Апошні тэрмін на здачу зброі — 24 кастрычніка. 25-26 у Гомлі пройдзе першы Форум рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны. На другі дзень мерапрыемства плянуецца прыезд прэзыдэнтаў дзьвюх краін, Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі.

Варонежцаў абурыўся і напісаў запыт у міліцыю, дзе прасіў патлумачыць — на якой падставе ў яго забіраюць газавік? «Баяцца, што я, на сёньня інвалід другой групы, з газавіка пастраляю прэзыдэнтаў?», — казаў Свабодзе Варонежцаў.

Намесьнік начальніка УУС Гомельскага аблвыканкаму Анатоль Васільеў у адказе спасылаўся на закон «Аб дзяржаўнай ахове».

«Орган дзяржаўнай аховы», паводле міліцыі, мае права:

«— прыцягваць у парадку, устаноўленым заканадаўствам, сілы і сродкі органаў ўнутраных спраў для гарантаваньня бясьпекі ахоўных асоб і ахоўных аб’ектаў.

— вызначаць пералік прадметаў, забароненых для пераносу (перавозу) у месцах знаходжаньня ахоўваемых асоб

— вызначаць парадак канфіскацыі на часовае захоўваньне такіх прадметаў

— вызначаць абавязковыя для выкананьня грамадзянамі і арганізацыямі патрабаваньні пры правядзеньні ахоўных мерапрыемстваў, правілы паводзінаў у месцах знаходжаньня ахоўных асоб».

У выніку Анатоль Васільеў піша: «месца вашага жыхарства разьмяшчаецца ў межах ахоўнай зоны, а зброя, якой вы валодаеце, падлягае канфіскацыі на часовае захоўваньне».

Органам дзяржаўнай аховы ў Беларусі зьяўляецца Служба бясьпекі прэзыдэнта. Яна, паводле закону, мае права прыцягваць сілы і сродкі КДБ, МУС, Узброеных Сілаў, памежнікаў і іншыя дзяржаўныя органы для ўдзелу і падрыхтоўкі ахоўных мерапрыемстваў.

«Адстаў ад жыцьця зусім! Цяпер, аказваецца, жыву ў "ахоўнай зоне". Узброеныя сілы будуць задзейнічаны ў "ахоўных мерапрыемствах", памежнікі! Шкада, ваенна-марскога флёту ў нас няма. Прасякнуўся адказнасьцю і зрабіў свой унёсак у гарантаваньне бясьпекі Першай асобы. Пісталет здаў! Спадзяюся, што мяне самога не забяруць на часовае захоўваньне!», — напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку Варонежцаў.

Свабодзе ён патлумачыў, што не чакаў, што прымяненьне закону ў Беларусі такое недарэчнае.

«Нельга такім чынам гарантаваць бясьпеку першай асобы і яго гасьцей. Патэнцыйныя тэрарысты не гняздуюцца ў дамах, дзе ён будзе шпацыраваць з сябрамі. І небясьпека ад газавага пісталета ня большая, чым ад кухоннага нажа ці пары гантэляў. Прафанацыя і паказуха», — дадаў грамадзкі дзеяч.

Ён жыве на вуліцы Пушкіна. Імаверна, што там будзе праяжджаць картэж. На карысьць такога меркаваньня сьведчыць той факт, што 24 кастрычніка каледж мастацтваў на гэтай вуліцы фарбуюць у аўральным рэжыме. Фарбаваньне ня мае асаблівага сэнсу, бо будынак патрабуе капітальнага рамонту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG