Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трусаў і Караткевіч падтрымалі ідэю Марзалюка пра Інстытут нацыянальнай памяці, але з агаворкамі


Алег Трусаў перакананы, што такі інстытут павінен быць не дзяржаўнай установай, а грамадзкім аб’яднаньнем.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк выступіў з ініцыятывай стварэньня Інстытуту нацыянальнай памяці Беларусі.

Што прапануе Марзалюк

Ігар Марзалюк
Ігар Марзалюк

Такая ўстанова, паводле Марзалюка, мае стаць каардынацыйным і экспэртным цэнтрам, які дазволіць выразна вызначаць прыярытэты і аб’ектыўны вобраз мінулага, адсочваць гістарычную палітыку суседзяў і апанэнтаў, апэратыўна рэагаваць на спробы фальсыфікацыі і скажэньня гісторыі Беларусі. Ён прапануе правесьці Кангрэс беларускіх гісторыкаў, якому будзе папярэднічаць выпрацоўваньне агульных пазыцый.

Паводле Ігара Марзалюка, настаў час зразумець і прыняць як гераічнае, так і трагічнае, што адбылося ў гісторыі Беларусі, навучыцца слухаць і чуць адзін аднаго. Ён мяркуе, што радыкальная палітызацыя гістарычнага мінулага пагражае сур’ёзнымі сацыяльнымі наступствамі.

У абгрунтаваньні Інстытуту нацыянальнай памяці Ігар Марзалюк даводзіць, што ў самыя кароткія тэрміны павінна быць распрацаваная навуковая канцэпцыя беларускай гісторыі. Пры гэтым ён зьвяртае ўвагу на праблему фрагмэнтарнага і разрозьненага падыходу да гісторыі Беларусі і яе дзяржаўнасьці.

Такія ініцыятывы былі і раней

Раней з ініцыятывай стварыць Інстытут нацыянальнай памяці выступаў грамадзкі рух «Гавары праўду» — гэта быў адзін з праграмных пунктаў кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах 2015 году Тацяны Караткевіч.

Цяпер рух выступіў у падтрымку ініцыятывы Марзалюка. Пры гэтым, паводле актывістаў, важна, каб ініцыятыва не ператварылася яшчэ ў адзін інструмэнт прапаганды, а дапамагла ліквідаваць белыя плямы ў гісторыі дзяржавы, стала месцам прымірэньня для ўсёй нацыі. Таму ў арганізацыі такога інстытуту павінна браць удзел усё грамадзтва без прывязкі да палітычных поглядаў, заявілі ў руху «Гавары праўду».

Трусаў: «Не ператварыць у інструмэнт прапаганды»

Алег Трусаў
Алег Трусаў

Кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў таксама кажа, што ідэя Марзалюка не наватарская — яна абмяркоўвалася падчас ток-шоў «Наша жыцьцё» на тэлеканале АНТ, якое выйшла 19 лістапада. Ігара Марзалюка ў ліку запрошаных экспэртаў не было.

«Я выказваўся, і мяне падтрымалі, што гэты інстытут павінен быць як грамадзкая арганізацыя. Ні ў якім разе не павінен ператварыцца ў дзяржаўную ўстанову. Неабходна, каб у яго на роўных уваходзілі гісторыкі і грамадзкія дзеячы розных палітычных арыентацый, а ня тое, што адны сябры Марзалюка зьбяруцца».

Удзел дзяржавы ў працы гэтага інстытуту Алег Трусаў бачыць праз гранты:

«Ня проста плацім заробак за тое, што нічога ня робіце, а даваць фінансаваньне пад канкрэтныя праекты. Напрыклад, грант на аднаўленьне памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій. Дзяржава выдзяляе грошы, гісторыкі за іх працуюць у архівах, у тым ліку КДБ».

Ігар Марзалюк не ўдакладняе, хто менавіта мае выпрацоўваць канцэпцыю. Аднак, на перакананьне Алега Трусава, калі гэта даручыць дзяржаўнай установе, у выніку атрымаецца чарговы прапагандысцкі рупар з прасоўваньнем «правільнай гісторыі».

«У згаданай праграме прадстаўнікі Акадэміі навук былі катэгарычныя: маўляў, ёсьць Інстытут гісторыі, навошта яшчэ адзін? — кажа ён. — Сама па сабе ідэя вартая абмеркаваньня, але гэта павінна быць грамадзкая арганізацыя, якая аб’яднае ўсе палітычныя плыні. Нават запісаць гэта ў статуце. Каб кожная сіла вылучала свайго чалавека дзеля забесьпячэньня абсалютна ўсіх інтарэсаў.

Толькі так можна прыняць калектыўную думку на агульную карысьць. Калі большасьць сыдзецца на адным, значыць, так і будзе: ставіць помнік Матросаву ў цэнтры Менску ці не, зьнесьці Калініна ці пакінуць, перасунуць гарадавога да ўваходу ў Музэй беларускай дзяржаўнасьці, каб пільнаваў там скрэпы ўлады, ці абгарадзіць плотам».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG