Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзіслаў Ахроменка: Расстрэльныя тэчкі захаваліся ў кожнай архіўна-ўліковай службе беларускага КДБ


«Там фіксавалася ўсё абсалютна, у тым ліку і расстрэлы»

Ганна Соўсь: Спадар Уладзіслаў, цяпер вы працуеце ў Цэнтральным архіве былога КДБ УССР з дакумэнтамі былога КДБ, знаходзіце ўнікальныя дакумэнты, якія былі рассакрэчаныя толькі ў 2016 годзе, найбольш выразныя гісторыі выстаўляеце на сваёй старонцы ў ФБ. У мяне да вас шмат пытаньняў, а пачаць я хацела бы Курапатаў. Вы мелі магчымасьць вывучыць так званую «расстрэльную тэчку НКВД», па дакумэнтах вывучалі, як адбываліся расстрэлы. З вашага погляду, як дасьледчыка, дзе можна шукаць расстрэльныя дакумэнты па Курапатах? Ці яны захаваліся? Які шанец іх атрымаць?

Уладзіслаў Ахроменка: Я — пісьменьнік і драматург. Калі мы з Максімам Клімковічам пісалі для купалаўскага тэатру інсцэнізацыю «Дзьве душы» паводле Максіма Гарэцкага, я палічыў патрэбным занурыцца ў атмасфэру часоў ВЧК і вывучыць архіўныя справы спэцслужбаў. Згодна з законам пра ўшанаваньне памяці палітычных рэпрэсій, прынятым Вярхоўнай Радай Украіны ў 2015 годзе, я маю такое права. Гэтая праца стала сыстэмнай, і я вельмі рады, што яна запатрабаваная. На беларускім Радыё Рацыя, дзе я працую, выходзіць мая аўтарская перадача «На ўліку ў КДБ», у якой я знаёмлю слухачоў са справамі на этнічных беларусаў і з тыповым справамі, агульнымі для ўкраінцаў, татараў, габрэяў, палякаў, для нас усіх. Акцэнт раблю не на камкорах, камдзівах, генэралах, вядомых людзях, а на звычайных калгасьніках, рабочых і шараговых чырвонаармейцаў, таму што памяць пра іх таксама трэба захоўваць.

Расстрэлы фіксаваліся ў тэчках, якія называліся «Матэрыялы аб прывядзеньні прысуду ў выкананьне»

У цэнтральным архіве Службы бясьпекі Ўкраіны толькі пачаў працаваць, да гэтага ўжо год сыстэмна працую з дакумэнтамі Чарнігаўскага архіву СБУ. І там вельмі багата цікавай інфармацыі. Што тычыцца расстрэльных тэчак. Пачынаючы недзе зь сярэдзіны, пачатку 1920-х гадоў савецкія спэцслужбы, якія з 1927 году называліся ГПУ, потым ОГПУ, потым НКВД, сталі неверагодна забюракратызаванай арганізацыяй. Там фіксавалася ўсё абсалютна, у тым ліку і расстрэлы. Расстрэлы фіксаваліся ў тэчках, якія называліся «Матэрыялы аб прывядзеньні прысуду ў выкананьне». Звычайна гэта прысуд і акт пра выкананьне. Прысуд і акт мог быць на аднаго чалавека, а мог і на 15 чалавек, і на 27 чалавек. У Чарнігаўскім НКВД паводле толькі адной тэчкі за першыя 7 месяцаў 1941 году было выканана крыху менш за тысячу сьмяротных прысудаў. Выконваў звычайна адзін толькі чалавек, камэндант НКВД. У Чарнігаве гэта Ананій Гарфіенка.

Былыя архівы КДБ у Кіеве
Былыя архівы КДБ у Кіеве

Нават калі сьледчыя справы расстраляных былі зьнішчаныя ці не захаваліся, высьветліць імёны ахвяраў вельмі проста. Я ўпэўнены на 300%, што такія тэчкі захаваліся ў кожнай архіўна-ўліковай службе беларускага КДБ. Натуральна, ёсьць і ў Цэнтральным архіве. І калі кажуць, што гэтага няма, яны, прабачце, брэшуць.

«Калі чалавек займаў пасаду камэнданта, то 300% — займаўся расстрэламі»

Ганна Соўсь: Вы пішаце на сваёй старонцы ў ФБ: «прынята лічыць, што асуджаных расстрэльвалі выключна на спэцпалігонах НКВД кшталту Курапатаў пад Менскам, Быкоўні пад Кіевам ці Бутаўскага палігона пад Масквою. Гэта ня так. Рэгулярныя маршруты аўтазакаў па гарадзкіх вуліцах, набітых зьняволенымі, якім, да таго ж, ужо няма чаго было губляць, маглі скончыцца і масавымі ўцёкамі, і бунтамі, і нават захопам зброі канваіраў. А таму абсалютная большасьць расстрэлаў адбывалася менавіта ў турмах, а ўжо потым трупы вывозіліся на спэцпалігоны НКВД і там таемна хаваліся. Прытым пра расстрэл кожнага асуджанага ў турме складаўся адпаведны дакумэнт». Як гэтая выснова кладзецца на гісторыю Курапатаў? Ці значыць гэта, што ў турмах забівалі болей ці што ў Курапатах закопвалі ўжо расстраляных?

Уладзіслаў Ахроменка: Я не магу сказаць, дзе забівалі больш, а дзе менш. На спэцпалігонах было дзьве катэгорыі расстрэлаў. На спэцпалігонах НКВД (тыя ж Курапаты, тая ж Быкоўня) расстрэльвалі пераважна паводле прысудаў «троек», «пяцёрак», так званых «двоек» і гэтак далей, калі пад адзін подпіс адразу маглі асудзіць на сьмерць 300, 550, 830 чалавек, вялікую партыю людзей. Расстраляць такую колькасьць людзей на тэрыторыі турмы было фізычна немагчыма, і тады вывозілі вялікую партыю людзей на спэцпалігон і расстрэльвалі там. Але расстрэльвалі і па прысудах трыбуналаў НКВД. Была, скажам, групавая справа на 7 чалавек — ворагі народу і шпіёны — іх расстрэльвалі ў дзень прысуду звычайна. Пастанова, здаецца, 1934 году пасьля забойства Кірава, ніякіх не было касацый, звычайна пісалася, што прысуд канчатковы і абскарджаньню не падлягае. Прабачце за архіўны цынізм, немэтазгодна дзеля 7 чалавек ганяць канвой і транспарт на палігон, які быў на адлегласьці 12 км ад упраўленьня НКВД. Іх расстрэльвалі на тэрыторыі турмы, а потым, калі было шмат трупаў, завозілі разам з жывымі людзьмі на спэцпалігон. У першыя месяцы вайны транспарт не ганялі па спэцпалігонах, і расстраляных па справах трыбуналу НКВД хавалі на тэрыторыі турмы.

А ў 1944 годзе, калі такі горад вызваляла Чырвоная армія, бывала, што знаходзілі трупы расстраляных яшчэ пры канцы 1930-х гадоў. Ясна, што гэта ўсё сьпісвалася на зьверствы фашыстаў. Так і ў Чарнігаве было, і шмат дзе.

Ганна Соўсь: А ці ёсьць верагоднасьць, што знойдзецца курапацкі сьлед ва ўкраінскіх архівах?

Уладзіслаў Ахроменка: Украінскія архівы — ўсё ж ня профільныя для Беларусі. Тое, што я шукаю, гэта ці выпадкова знаходзіцца, ці справы, якія перакрыжоўваюцца. Нешта ёсьць, але гэта справа не аднаго году. Я думаю, што калі пашукаць, то прынамсі, можна высьветліць асабістыя справы энкавэдэшнікаў, эмгэбэшнікаў, можна пашукаць людзей, якія працавалі на пэўных пасадах у гомельскім, менскім ці магілёўскім НКВД. Калі чалавек займаў пасаду камэнданта, то 300% — займаўся расстрэламі. Ён мог потым даслужыць у Кіеве, Чарнігаве ці ў Жытоміры. Гэта можна шукаць, але гэта марудная справа і не аднаго году.

«Беларускі КДБ — гібрыд савецкага КГБ часоў Андропава-Чэбрыкава і расейскага ФСБ»

Ганна Соўсь: Вы казал пра закон, які прыняла Вярхоўная Рада Ўкраіны, згодна зь якім і вы маеце права працаваць у архівах. А ці рабілі вы спробы атрымаць інфармацыю з архіваў беларускага КДБ? Ці больш адкрытыя для дасьледчыкаў расейскія архівы КДБ?

Уладзіслаў Ахроменка: У расейскіх архівах я не працаваў. Зь беларускімі спэцслужбамі нічога агульнага мець не жадаю. Ня думаю, што ёсьць нейкі сэнс зьвяртацца ў архівы беларускага КДБ. З КДБ БССР я меў адзіны досьвед кантактаў у 1988 годзе, калі я быў студэнтам, і «Тутэйшыя» арганізавалі Дзяды, тады са мной праводзілі прафіляктычную размову «аб недапушчальнасьці нацыяналістычных праяваў». Я баюся, што беларускі сучасны КДБ — гэта гібрыд савецкага КГБ часоў Андропава-Чэбрыкава і расейскага ФСБ, безумоўна, з ухілам да апошняга. Што тычыцца доступу да архіваў...

Колькі мне людзей пісала, што дзеда, прадзеда, сваяка забралі ў 1938 годзе, далі 10 гадоў бяз права ліставаньня (гэта значыць расстрэл), зьвярталіся ў архіў КДБ і адказалі, што справа зьнішчаная. Дык вось, карыстаючыся нагодай, скажу тым, у каго ў Беларусі рэпрэсавалі дзядоў-прадзедаў і каму сказалі, што справа нібыта зьнішчаная. Вам брэшуць, нічога не зьнішчана. На палове сьледчых справаў, зь якімі я працаваў, стаіць код ХВ. Гэта азначае «Хранить вечно». Не сучасны КДБ такія коды ставіў, і не яму іх здымаць. Але пры цяперашняй уладзе ні пра якія размовы пра нейкае адкрыцьцё архіваў быць ня можа, таму зьвяртацца туды, на мой погляд, бессэнсоўна.

Ганна Соўсь: Да якіх дакумэнтаў вы маеце доступ? Як вы плянуеце іх абнародаваць? У якім выглядзе? Якія сэнсацыі, нечаканасьці чакаюць беларусаў?

Уладзіслаў Ахроменка: Я маю доступ практычна да ўсіх дакумэнтаў ад 1917 па 1991 год, у тым ліку і да апэратыўных здымкаў і аўдыёзапісаў, і шмат яшчэ да чаго іншага. Іншая справа, што шмат чаго цікавага не захавалася і было зьнішчана падчас чыстак архіваў. Ня варта чакаць газэтных сэнсацый. Праца ў архіве спэцслужбаў — гэта ня пошук сэнсацый, а вельмі дбайнае аднаўленьне таго, што ад нас было схавана ўвесь гэты час.

«Энтузіястаў паганага стукачоўскага рамяства цяпер у Беларусі ня менш, чым было ў СССР»

Ганна Соўсь: Вы маеце доступ і да сьпісаў стукачоў. Што будзеце рабіць з гэтай інфармацыяй?

Але прозьвішчы стукачоў трапляюць вельмі часта ў сьледчых справах

Уладзіслаў Ахроменка: Сыстэмная памылка кожнага, хто ўпершыню трапляе ў архівы КДБ: «А, я зараз высьветлю, хто за саветамі на мяне стучаў». Я змушаны расчараваць. Такога доступу да сьпісу стукачоў я ня маю, таму што сьпісу такога не існуе. Архівы чысьцілі яшчэ за савецкім часам, у 1953-54 гадах масава зьнішчаліся так званыя справы-фармуляры, «дзядзька Фёдар» на жаргоне камітэтчыкаў. Потым быў знакаміты загад 00150 старшыні КДБ Уладзімера Кручкова 1990 году, калі былі вынішчаныя амаль усе агентурныя справы. Але прозьвішчы стукачоў трапляюць вельмі часта ў сьледчых справах. Напрыклад, 1984 год, нейкая кампанія, нехта пад чарку расказвае антысавецкі анэкдот ці адмоўна выказваецца пра ўвод савецкіх войскаў у Аўганістан, і пільныя савецкія грамадзяне бягуць у КДБ стучаць. Такога я бачыў шмат, але гэта не завербаваная агентура і не ўнутраная выведка КДБ.

да гэтага дажывуць вашы дзеці і ўнукі, і ім стане за гэта вельмі сорамна

Гэта менавіта энтузіясты паганага стукачоўскага рамяства. Іх было вельмі багата, думаю, што цяпер у Беларусі ня менш, чым было ў СССР. Усе даносы акуратна падшываюцца і ня толькі ў агентурныя справы-фармуляры, але падшываюцца ў сьледчыя справы людзей, супраць якіх вядзецца сьледзтва, і ўсё чакае свайго часу. Калі Беларусь нарэшце стане Беларусьсю, адкрыюцца архівы, некаму стане вельмі і вельмі пагана. Таму, хлопцы і дзяўчаты, мужчыны і жанчыны і ўвогуле грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія займаюцца ня тым, чым варта займацца, падумайце: гэта рана ці позна стане вядома. Калі, можа, вы да гэтага не дажывяце, да гэтага дажывуць вашы дзеці і ўнукі, і ім стане за гэта вельмі сорамна.

Ганна Соўсь: І гэты грыф «Хранить вечно» спрацуе, нават калі і чысткі будуць?

Вячаслаў Ахроменка: Савецкім КДБ на некаторыя агентурныя справы быў пазначаны тэрмін 10-20 гадоў, нешта чысьцілася, але калі чалавек пачынае супрацоўнічаць з КДБ сыстэмна, ягоныя сьляды, апэратыўны псэўданім, усё адно па розных дакумэнтах застаюцца — і ў сьледчай справе, і ў агентурнай справе, ёсьць процьма розных бюракратычных дакумэнтаў, зьвесткі пра грошы, якія за гэта давалі, ці яшчэ нешта. Нешта заўсёды застанецца, і калі паставіць за мэту, ня так цяжка вылічыць.

«Калі я выходзіў у гэтага архіву, мне не хацелася жыць»

Ганна Соўсь: Наколькі цяжка эмацыйна вам было сутыкнуцца з гэтым вельмі цёмным бокам гісторыі? Якая гісторыя з архіваў КДБ вам найбольш шакіравала?

Уражваюць справы, калі людзі не ламаліся, як бы іх ні катавалі

Уладзіслаў Ахроменка: Гэтая праца эмацыйна вельмі высмоктвае. Добра памятаю, як год таму вывучыў самую першую справу ў архіве СБУ. Гэта была справа Польскай арганізацыі вайсковай 1937 году, у рамках якой каля 700 чалавек было расстраляна. Калі я выходзіў у гэтага архіву, мне не хацелася жыць. Чэкісцкія муміі, стукачы... як у нейкай трупярні пасядзеў. Я недзе суткі ў сябе прыходзіў. Добра памятаю справу 1940 году, калі сын на тату стучаў, завёў сшытачак і запісваў яго антысавецкія выказваньні, а тата таксама завёў сшытак і пісаў туды ўсе антысавецкія выказваньні сына.

Уражваюць справы, калі людзі не ламаліся, як бы іх ні катавалі. Год таму вывучаў справу беларускай настаўніцы Машуковай з-пад Воршы. Яе вінавацілі ў шпіёнстве на карысьць Польшчы і Нямеччыны і невядома якіх яшчэ выведак, антысавецкай агітацыі, трацкізме. Я думаю, што яе катавалі, але яна не прызналася і на судзе пракляла публічна судзьдзяў і чэкістаў. Колькі яна атрымала? 5 гадоў. А тыя героі грамадзянскай вайны, генэралы, камкоры, камдзівы, якія агаворвалі ўсіх, атрымлівалі 10 гадоў бяз права ліставаньня ці найвышэйшую меру пакараньня.

Вайсковы шлях чэкіста Бандарэнкі — забойцы, дэзэрціра, гвалтаўніка і алькаголіка

Ганна Соўсь: Вы пісалі, што знайшлі дакумэнты пра Лаўрэнція Цанаву, былога міністра МГБ БССР і вашага літаратурнага героя. Што новага пра Цанаву ў Беларусі вы даведаліся?

Уладзіслаў Ахроменка: Я даведаўся толькі адну гісторыю. Калі Цанава быў начальнікам контрвыведкі, здаецца, фронту, здарылася вельмі цікавая гісторыя. Чэкіст з асобага аддзелу, малодшы лейтэнант Бандарэнка (у НКВД званьні былі не такія, як у Чырвоным войску, сяржант у НКВД гэта быў ўжо афіцэр, камандзір, а капітан НКВД мог быць наркамам) пры першым абстрэле ў 1941 годзе проста дэзэрціраваў з фронту. Па дарозе выпадкова сустрэў нейкага чырвонаармейца і зьвярнуўся да яго з патрабаваньнем, каб той за свае грошы купіў віна. Чырвонаармеец, дарэчы, беларус з Гомельшчыны, адмовіўся, Бандарэнка тут жа пры ўсіх яго застрэліў. Потым было згвалтаваньне мядсёстраў, якіх пампавалі морфіем, згвалтаваньне дзяўчат (гэта чэкіст усё рабіў з сябручкамі), былі крадзяжы мірнага насельніцтва. Палова Крымінальнага кодэксу.

І Лаўрэнці Цанава, будучы міністар дзяржаўнай бясьпекі БССР, яго «адмазаў». Пасьля ўсіх гэтых прыгодаў быў прысуд дэзэрціру, гвалтаўніку, алькаголіку і забойцу — дзесяць гадоў умоўна і да канца вайны быць асабістам на фронце да перамогі над фашыстамі. То бок практычна ён ніякага пакараньня не атрымаў. Скончыў вайну падпалкоўнікам, вось такі герой.

Вайна, якая адкрываецца праз архівы СМЕРШ, НКВД, МГБ

Ганна Соўсь: Мы з вамі гутарым напярэдадні 8 і 9 траўня, калі пэўная «пераможная істэрыя» назіраецца ў беларускім і расейскім афіцыйным інфармацыйным полі. Вы напісалі ў ФБ: «Калі гэты шасьцітомнік перавыдаць паводле арыгіналу і выкладаць у школах — усім мітам пра так званую „Великую Отечественную Войну“ і „Дедывоевали“ настане канец яшчэ на ўзроўні другой клясы вельмі сярэдняй школы Рэспублікі Беларусь». Якія тры галоўныя міты вы бы акрэсьлілі?

Уладзіслаў Ахроменка: Насамрэч іх значна больш, чым тры. У нашым уяўленьні гэтая вайна — кінематаграфічна-сэрыяльная. Чырвонаармеец раве «За радзіму, за Сталіна», штыком прабівае бэнзабак нямецкага танку, вешае сьцяг. Вайна, якая адкрываецца праз архівы СМЕРШ, НКВД, МГБ, была абсалютна іншая. Першы міт тычыцца калябарантаў.

Нагадаю фразу таварыша Сталіна, якую ён прамовіў на прыёме ў Крамлі. "Я пью прежде всего за здоровье русского народа, потому что он является наиболее выдающейся нацией из всех наций, входящих в состав СССР. Я подымаю тост за здровье русского народа, потому что он заслужил в этой войне и раньше заслуживал звание, если хотите, руководящей силы нашего СССР среди все народов нашей страны". Я абсалютна не хачу займацца тым, што называецца, распальваньнем міжнацыянальнай варожасьці. Разумееце, сярод дакумэнтаў па калябарацыі больш за ўсё дакумэнтаў, якія тычыцца РОА (Расейская вызвольная армія), РОНА. Страшныя зьверствы рабілі расейскія казацкія часткі (120 полк Вафэн СС). Зондэр-каманды гуманістамі былі ў параўнаньні з тым, што ў нас выраблялі расейскі казакі. Там проста страшна.

Але я ня бачу ніводнага сьведчаньня пра зьверствы тых жа беларускіх калябарантаў на службе нацыстаў. Ніводнага, падкрэсьліваю. Зьверстваў тых жа казакоў, тых жа РОА, дапаможных батальёнаў, укамплектаваных з былых салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі, было колькі хочаце. А што тычацца распальваньня варожасьці, то гэтым займаюцца тыя, хто паўтарае словы Сталіна, што роля аднаго народу ў перамозе над нацыстамі, выдатная. А што іншых не выдатная?

Другі міт — пра ролю ў вайне НКВД, СМЕРШу, асобых аддзелаў. Хто працаваў у СМЕРШы, у асобых аддзелах? Тыя ж самыя людзі, якія ў 1930-я гады паставілі расстрэлы на канвэер. У іх былі тыя самыя пляны па выкрыцьці шпіёнаў, дывэрсантаў, фашыстаў. Там было тое самае — сталі выкрываць фашысцкіх агітатараў, дэзэрціраў, дывэрсантаў.

Як гэта адбывалася? Чырвонаармеец паскардзіўся на кепскі хлеб. «А, сука, табе савецкі хлеб не падабаецца?» Фашысцкая агітацыя — пад трыбунал, звычайна 8-10 гадоў зьняволеньня. Толькі што такую справу скончыў вывучаць. А іх было дзясяткі тысяч. Менавіта ў тыя часы зьявілася практыка ўсіх нацыянальна арыентаваных людзей, усіх нязгодных з рашэньнем начальства, і нават людзей, якія яшчэ не страцілі навыку думаць, называць менавіта фашыстамі. І гэтая практыка практыкуецца і цяпер.

«Начальнік Чэрыкаўскага ці Скідзельскага НКВД быў практычна фэадалам»

Ганна Соўсь: Як вы ацэньваеце інтэлектуальны і адукацыйны ўзровень супрацоўнікаў НКВД-МГБ-КГБ па падставе вывучаных дакумэнтаў?

У 1930-я гады звычайна гэта быў чалавек, у якога 3-4 клясы адукацыі, які піша з памылкамі

Уладзіслаў Ахроменка: Ёсьць вялікая розьніца — ацэньваць узровень супрацоўніка НКВД, МГБ і КДБ. Я вывучаў асабістыя справы і сьледчыя справы супрацоўнікаў НКВД. У 1930-я гады звычайна гэта быў чалавек, у якога 3-4 клясы адукацыі, які піша з памылкамі. Якія там замежныя мовы... Калі ў 1939 годзе арганізавалі Львоўскі аддзел НКВД, там не знайшлося ніводнага чалавека, які ведаў польскую мову, украінскую мову, лацінку. Напрыклад, начальнік Чэрыкаўскага ці Скідзельскага НКВД быў практычна фэадалам. Абсалютна неадукаваны, які пісаў з памылкамі, ён мог зрабіць у сваім раёне практычна ўсё, што хацеў. Гэта быў фэадал, які мог караць і мілаваць каго заўгодна.

У МГБ людзі ужо былі больш адукаваныя, нават сустракаюцца людзі зь сярэдняй адукацыяй, нават з унівэрсытэцкай адукацыяй. Быў такі Мяркулаў, генэрал-палкоўнік МГБ, ён амаль скончыў унівэрсытэт. Чаму такі нізкі ўзровень? Галоўнае было пралетарскае ці рэвалюцыйнае чуцьцё, а ўжо якая адукацыя была — дзясятая справа. Што тычыцца падрыхтоўкі кадраў для савецкага КДБ, то там была вельмі разгалінаваная сетка навучальных установаў, розныя нумарныя школы. У нас у Менску такая была, цяпер пад іншай шыльдай яна існуе. І там ужо рыхтавалі па спэцыялізацыях. У Чырвоназнамённай вышэйшай школе КГБ у Маскве курсанты хадзілі з пятліцамі сувязістаў. Рыхтавалі выведнікаў, людзей якія займаліся ідэялёгіяй, асабістаў рыхтавалі асобна.

Але ў тым жа савецкім КДБ быў камсамольскі набор, калі людзей па камсамольскай пуцёўцы ў часы Брэжнева, Андропава накіроўвалі ў дзяржаўную бясьпеку. Людзі, якія лічылі, што яны белая костка, апэратыўнікі, ад таго камсамольскага набору плакалі. Гэта былі людзі, якія займаліся дэмагогіяй, гарлапаны, яны пераважна перашкаджалі працаваць кэдэбэшнікам. Зрэшты, слушна рабілі.

Ганна Соўсь: У чым КДБ істотна зьмяніўся з тых часоў, якія вы дасьледуеце, а ў чым працягвае «слаўныя традыцыі»?

Уладзіслаў Ахроменка: Я зь беларускім КДБ ніякіх стасункаў ня маю, мець не жадаю, крый Божа. Я магу параўнаць толькі савецкі КДБ і сучасную службу бясьпекі Ўкраіны. СБУ — гэта, безумоўна, не савецкі КДБ пад іншай шыльдай. Гэта нармальная, адкрытая структура. Ужо год працую, і не было ніводнага разу, каб я папрасіў кансультацыю, справу, дапамогу ў архівах, і каб мне адмовілі. Выключна добразычлівае, карэктнае стаўленьне. І дай Бог, каб калі-небудзь беларускія спэцслужбы хаця б дацягнулі да паловы той адкрытасьці, як цяпер працуе архіўна-ўліковая служба СБУ.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG