Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акадэмік Віцязь пра паходжаньне чалавека з космасу і заробкі вучоных


Кіраўнік апарату Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі акадэмік Пётар Віцязь сказаў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды, што касьмічнае паходжаньне чалавека ў Акадэміі навук не вывучаецца. Цягам тыдня ў Беларусі адзначаюць 90-годзьдзе НАН.

Падчас XXXI Міжнароднага кангрэсу Асацыяцыі ўдзельнікаў касьмічных палётаў акадэмік Пётар Віцязь заявіў, што людзі, якія жывуць на Зямлі, — гэта нашчадкі перасяленцаў з космасу.

«Адкуль зьявіўся чалавек на Зямлі? Шмат кажуць пра тое, што мы перасяленцы, што чалавек зьявіўся з космасу. Я веру ў тое, што сёньня, якой бы ні была сэлекцыя, як бы ні выяўлялася эвалюцыя, мы ня бачым доказаў таго, што чалавек паходзіць ад малпы», — сказаў ён.

Пётар Віцязь патлумачыў карэспандэнту Свабоды, што выказаў тады сваё ўласнае меркаваньне.

«Я выказаў асабістую вэрсію. Па вывучэньні літаратуры, паколькі я займаюся космасам і задаю шмат пытаньняў, я выказаў свой пункт гледжаньня. Ён знайшоў розныя публікацыі, ня ўсім падабаецца. Людзі не разумеюць, што я выказаў сваю асабістую думку. А не як нейкае дасягненьне. Доказаў няма, адкуль паходзіць чалавек. Таму я выказаў сваё меркаваньне. Гіпотэза можа быць. Таму магчыма гіпотэза», — сказаў акадэмік.

Ці вывучаецца яна ў Акадэміі навук?

«Ускосна вывучаецца, але непасрэдна ў Акадэміі навук мы гэтым не займаемся».

«Дасягненьняў многа»

Пётар Віцязь таксама распавёў пра галоўныя дасягненьні беларускай навукі.

«Дасягненьняў многа, бо кожны мае свае задачы і мэты. Калі ўзяць гуманітарныя навукі, гэта духоўнасьць, спадчына, культура, выхаваньне моладзі. Я як матэрыялазнаўца лічу, што найбольш цікавыя — у галіне тэхналёгіі машынабудаваньня. Стварэньне новага расейска-беларускага спадарожніка з разрозьненьнем 0,35 мэтра. Вельмі цікавыя працы ў галіне фатонікі, электронікі на новай гетэрафазнай структуры. Па тэхніцы — у нас пачаў распрацоўвацца электрамабіль, спадзяёмся, што ён нармальна пойдзе, і назапашвальнік энэргіі. Адначасова розная такая бытавая тэхніка. У галіне мэдыцыны — новыя лекі, якія ствараюцца ня толькі хімічным сынтэзам, але і з дапамогай біялягічных тэхналёгій, выкарыстаньне ствалавых клетак у практыцы лекаваньня», — сказаў Пётар Віцязь.

Паводле яго, самае галоўнае — гэта выкарыстаньне фундамэнтальных дасьледаваньняў для практычнай рэалізацыі і дзеля стварэньня новых галін, такіх як касьмічная, біятэхналёгіі, нана- і інфармацыйныя тэхналёгіі, лічбавая эканоміка.

Найбольш крэатыўнымі ён лічыць касьмічныя тэхналёгіі.

«Нам трэба больш знаходзіць энтузіястаў»

Акадэмік сказаў, што склаўся як спэцыяліст у часы Савецкага Саюзу, калі чалавек, абараніўшы кандыдацкую дысэртацыю, мог забясьпечыць сябе і сваю сям’ю.

«Для вучонага галоўнае — маральная задаволенасьць, прызнаньне яго працы і дасягненьне мэты. Але ён мае сям’ю, ён хоча быць пазнавальны ў сьвеце, езьдзіць на канфэрэнцыі, мець новыя прыборы. Таму, канечне, фінансаваньне навукі трэба павялічваць. Тое, якое цяпер ёсьць, недастатковае. У навуковых супрацоўнікаў Акадэміі навук сярэдні заробак павінен быць прыкладна ў паўтара раза вышэйшы, чым сярэдні па краіне. Тады гэта будзе прэстыж.

Спадзяёмся, што эканоміка будзе разьвівацца і навуцы будзе ўдзяляцца больш увагі і сродкаў. Моладзь сёньня больш практычная і адразу хоча мець добры заробак, кватэру, аўтамабіль. Таму яны адразу пытаюцца, а колькі яны будуць зарабляць. Гэта таксама важнае пытаньне. Хаця для сапраўдных вучоных, хто захапіўся, самае галоўнае — гэта ўмовы для працы і дасягненьне мэты. Нам трэба больш знаходзіць энтузіястаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG