Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памочнік Лукашэнкі прыехаў да вяскоўцаў, якія гразіліся перакрыць чыгунку на Стаўпеччыне


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Выбарнікі Стаўпецкай выбарчай акругі № 70, якія зьбіраліся 17 лістапада перакрыць рух на чыгунцы Менск — Баранавічы, адмовіліся ад свайго намеру. Яны дамагаюцца, каб каля вёскі Савоні на маршруце электрычкі пабудавалі чыгуначны прыпынак.

Не перакрываць рух вяскоўцы вырашылі пасьля таго, як да іх прыехаў памочнік Аляксандра Лукашэнкі па Менскай вобласьці Ігар Яўсееў. Пра гэта Свабодзе паведаміла дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім, якая балятавалася па згаданай акрузе.

«Памочнік прэзыдэнта разам з прадстаўнікамі Беларускай чыгункі ўвечары 14 лістапада выслухалі скаргі мясцовых жыхароў, якія патрабуюць пабудаваць чыгуначны прыпынак каля вёскі Савоні на маршруце электрычкі. Хоць ня ўсіх удалося апавясьціць пра сустрэчу, на яе прыйшло больш за 100 чалавек. Яны зноў пацьвердзілі сваю пазыцыю — трэба будаваць прыпынак», — сказала Анісім.

Паводле ейных слоў, Ігар Яўсееў публічна заявіў, што кіраўніца прэзыдэнцкай Адміністрацыі Натальля Качанава даручыла яму выехаць на месца, разабрацца ў гэтай праблеме і зрабіць так, каб мясцовыя людзі не былі пакрыўджаныя.

У чым праблема?

Мясцовыя жыхары патрабуюць пабудаваць чыгуначны прыпынак каля вёскі Савоні на маршруце электрычкі Менск — Баранавічы. Там аграгарадок «Горкі», паблізу — вёскі Жа́церава, Раёўшчына, Вечатарова. Найбліжэйшы прыпынак Асіпоўшчына — больш як за 4 кілямэтры без дарогі.

«Цягнікі праяжджаюць міма нашых пяці кампактна разьмешчаных вёсак, паміж якімі добрае злучэньне — асфальтаваная дарога, спыняюцца далёка ў полі, — гаворыцца ў звароце да ўладаў. — Ніякіх пад’язных дарог да прыпынку Асіпоўшчына няма. Мы ходзім па полі, па шпалах. Былі выпадкі траўмаваньня людзей на чыгунцы... За апошнія 5 год загінулі 6 чалавек».

Паводле Алены Анісім, існуюць дзьве пазыцыі. Мясцовыя дэпутаты — за прыпынак. Супраць — Беларуская чыгунка: яе прадстаўнікі кажуць, што праект эканамічна стратны.

«Гэта надзённая патрэба людзей, якія кожны дзень там працуюць. Тым жа настаўнікам даводзіцца дабірацца ў школу. А аўтобус ходзіць ня кожны дзень», — тлумачыць сытуацыю Свабодзе Алена Анісім, сама родам зь вёскі Савоні.

Яна кажа, што станцыя патрэбная ня менш як паўтысячы чалавек.

Чаму праблема абвастрылася?

З 12 кастрычніка пачалі дзейнічаць зьмены ў правілы перавозкі пасажыраў. Шмат якія ўладальнікі маршрутак мусілі згарнуць сваю дзейнасьць. Транспартнае злучэньне пагоршылася. Таму на сходзе жыхары Стаўпецкай выбарчай акругі № 70 запатрабавалі вярнуцца да будоўлі чыгуначнага прыпынку каля вёскі Савоні.

З гісторыі прыпынку

«Упершыню будаваць прыпынак зьбіраліся яшчэ ў 1995 годзе. Тады нават сабралі зь мясцовых людзей грошы. Ім казалі, што астатнюю частку сродкаў унясе дзяржава.

Другі раз паабяцалі збудаваць у 2007 годзе, уключылі ўзьвядзеньне ў інвэстпраграму. І зноў людзей „кінулі“. Грошы пералічылі Ўпраўленьню капітальнага будаўніцтва, на іх пабудавалі нешта іншае, але не прыпынак», — кажа спадарыня Анісім.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG