Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Майстэрства стрыгчы авечак


Архіўнае фота. Акцыя «Стоп-бэнзін» у Менску, 2011 год
Архіўнае фота. Акцыя «Стоп-бэнзін» у Менску, 2011 год

Як абдзіраюць беларускіх аўтаўладальнікаў так, каб яны гэтага не заўважылі.

Мой сусед па лецішчы Савельевіч — чалавек законапаслухмяны, апалітычны і ў цэлым вельмі зручны для ўлады. Пытаньні дэмакратыі, незалежнасьці і будучыні беларускай мовы цікавяць яго значна меней, чым, напрыклад, тэхналёгія ўнясеньня арганікі пад памідоры альбо найбольш спрыяльныя тэрміны пасадкі гуркоў. Але вось якая мэтамарфоза адбылася з маім суседам апошнім часам.

Пра што б мы ні пачыналі гаварыць — у канчатковым выніку размова заходзіць пра «дарожны збор» (ці «дарожны падатак», як яго яшчэ называюць). Думка пра тое, што за свой старэнькі «жыгулёнак» 1980 году выпуску яму зноў, як і летась, давядзецца выкласьці каля 150 рублёў (фактычна палову месячнай пэнсіі), не дае Савельевічу бесклапотна існаваць і мірна вырошчваць свае памідоры.

— Дзе ж тут справядлівасьць?— кожны раз рытарычна пытае ён у мяне, не асабліва разьлічваючы на адказ.

Спагнаць любой цаной

Сваім амаль рарытэтным аўтамабілем Савельевіч карыстаецца толькі ў цёплую пару і тое рэдка — галоўным чынам для паездак на лецішча. За сэзон такім чынам накручвае толькі пару соцень кілямэтраў. На большае не хапае ні сілаў (Савельевічу ўжо добра за семдзесят), ні пэнсіі (дарагі бэнзін).

Чаму за карыстаньне дарогамі ён павінен плаціць столькі ж, колькі кіроўца таксі, які за год праяжджае сотню тысяч кілямэтраў, альбо які-небудзь уладальнік «Майбаха», Савельевіч уцяміць ня можа.

Яшчэ больш уразіла яго тое, што знаёмы вайсковы пэнсіянэр, аўта якога зарэгістравана ў Расеі, ніякага дарожнага збору ў Беларусі ўвогуле ня плаціць, хоць і жыве тут. Як, зрэшты, і ўсе расейцы, якія рухаюцца на сваіх аўтамабілях па беларускіх дарогах.

Пакуль што Савельевіч, як і сотні іншых абураных беларускіх аўтаўладальнікаў, знайшоў самае простае выйсьце з сытуацыі: тэхагляд ён сёлета не праходзіў і дарожнага падатку не плаціў (як і палова ўсіх беларускіх аўтаўладальнікаў, а гэта каля паўтара мільёна чалавек). Лёгіка тут простая: таньней некалькі разоў заплаціць штраф за адсутнасьць тэхагляду, чым адразу выкласьці некалькі соцень рублёў дарожнага збору.

Улады гэты масавы сабатаж заўважылі і адпаведным чынам адрэагавалі. Не, зусім не адменай гэтага пабору, які так абурае людзей. Два тыдні таму першы намеснік прэм’ер-міністра Турчын анансаваў, што на наступны год дзяржаўны збор будзе спаганяцца па-новаму.

Ілюстрацыйнае фота. Акцыя «Стоп-бэнзін» у Менску супраць падвышэньня цэнаў на паліва, 2011 год
Ілюстрацыйнае фота. Акцыя «Стоп-бэнзін» у Менску супраць падвышэньня цэнаў на паліва, 2011 год

​Да тэхагляду ён прывязаны ня будзе, а плаціць яго можна памесячна. Іншымі словамі, выбралі стары апрабаваны мэтад, які яшчэ падчас масавых акцый «Стоп-бэнзін» падказаў сваім нягеглым падначаленым прэзыдэнт Лукашэнка. Навошта дражніць людзей, падвышаючы цэны адразу на буйную суму, калі можна падвышаць часта, але непрыкметна?

У выніку цяпер бэнзін на працягу апошніх месяцаў даражэе практычна кожны тыдзень — але па капейцы. І ўсе маўчаць.

Відавочна, вырашана гэткім жа чынам зрабіць і з дарожным зборам. А пра тое, што здарыцца з тымі, хто працягне сабатаж, днямі паведаміў міністар фінансаў Ермаловіч:

«Калі будуць выяўлены факты нявыплаты збору, тады ў павышаным памеры (у двухразовым пакуль прапануецца) гэтая плата будзе выстаўляцца фізычнай асобе».

Якім чынам будуць выяўляць? Праз камэры фотафіксацыі і відэаназіраньня. Колькі будзе каштаваць бюджэту ўся гэта сыстэма збору і апрацоўкі інфармацыі, кантролю і абкладаньня штрафамі, не паведамляецца.

Для Савельевіча гэта калі і вырашае праблему, то толькі на зімовыя месяцы, калі ягоная машына ў гаражы. А ледзь выехаў на трасу — плаці адразу за месяц; трапіў, не заплаціўшы, на відэафіксацыю — плата падвойваецца.

Езьдзіш, ня езьдзіш — плаці

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

​Галоўнае пытаньне тут, якое задае і Савельевіч, і дзясяткі тысяч іншых аўтамабілістаў (дастаткова пачытаць любыя форумы на шматлікіх тэматычных сайтах): чаму нельга ўключыць плату за дарогі ў кошт паліва? Так зроблена, напрыклад, у ЗША і многіх іншых краінах сьвету.

Гэта ж так відавочна і справядліва: чым больш езьдзіш, чым больш паліва спажывае твая машына (а значыць, больш карыстаесься дарогамі), тым больш за гэтыя дарогі плаціш. І тут ужо няма розьніцы, у якой краіне зарэгістраваная твая машына, дзяржаўная яна ці прыватная, дарагая ці танная, старая ці новая...

«Нельга!» — адказваюць чыноўнікі. Чаму? Выразнай аргумэнтацыі ад тых, хто непасрэдна прымае рашэньні, чамусьці не гучыць. Лукашэнка ўвогуле абыходзіць увагай гэтую тэму, хоць яна наэлектрызоўвае найперш ягоны электарат — пэнсіянэраў ды іншых маламаёмных. Адзіны больш-менш канкрэтны камэнтар даў год таму старшыня парлямэнцкай камісіі Андрэй Рыбак:

«Гэта быў адзін з варыянтаў, мы прапрацоўвалі яго з „Белнафтахімам“... Ён прывёў бы да падаражэньня паліва мінімум на 10%. Гэта пры тым, што „Белнафтахім“ сам яшчэ плянуе падвышэньне цэнаў на наступны год. Адпаведна, гэта прывядзе да таго, што кошт нашага паліва будзе значна вышэйшы, чым у суседзяў. Гэта пагражае ўзьнікненьнем шэрых схемаў, плюс узьнікнуць праблемы з грузаперавозкамі — мы проста страцім частку транзытных плыняў».

Іншымі словамі, прычына вельмі простая: яны хочуць і гэты дарожны збор захаваць, і кошт паліва працягваць падвышаць кожны тыдзень. Гэта значыць, абстрыгчы авечку двойчы, нягледзячы нават на тое, што авечка і так ледзь цягае ногі.

Асаблівы цынізм у тым, што найбольш крыўдзяць самых неабароненых, хто ашчаджае кожную капейку, езьдзіць на аўта трыццацігадовага ўзросту, для каго тыя 150 рублёў — вялізныя грошы.

Лёгіка чыноўнікаў зразумелая: а дзе яшчэ можна адразу «з паветра» здабыць для дзіравага бюджэту некалькі соцень мільёнаў даляраў. У Беларусі зарэгістравана больш за тры мільёны аўтамабіляў. Калі спагнаць з кожнага па 100 даляраў дарожнага збору, гэта прыблізна 300 мільёнаў даляраў дадатковага даходу. Ну, няхай многія дзяржаўныя арганізацыі маюць ільготы, плацяць толькі палову збору, але гэта не нашмат зьмяншае агульную суму, бо плата за грузавікі і аўтобусы значна большая, чым за легкавы аўтатранспарт.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Як яшчэ хутка і без асаблівых намаганьняў знайсьці такія грошы? Ствараць новыя прыбытковыя вытворчасьці — гэта цяжка і нудна. Хіба што ўвесьці падатак на раскошу — напрыклад, абкласьці хаця б аднапрацэнтным падаткам уладальнікаў катэджаў коштам ад паўмільёна даляраў альбо супэрдарагіх аўтамабіляў. Але тады пад паборы трапяць фактычна ўсе насельнікі Драздоў.

Хто ж будзе прымаць законы ды пастановы супраць сябе? Куды прасьцей абкласьці яшчэ адным падаткам бязмоўных пэнсіянэраў. Іх вунь як шмат: з кожнага па 100 рублёў — вось і новы лядовы палац. Ці рэзыдэнцыя.

«Ёсьць у рэвалюцыі пачатак, няма у рэвалюцыі канца»

...Лукашэнка, які ў свой час быў ініцыятарам вяртаньня ў каляндар дзяржаўных сьвятаў гадавіны расейскай бальшавіцкай рэвалюцыі, цяпер заклікае пераасэнсаваць дату 7 лістапада. Маўляў, навошта згадваць замах на законную ўладу — няхай гэта будзе сьвята падарункаў, якія робіць дзяржава сваім грамадзянам: фарбуе фасады альбо рамантуе масты.

А мне вось думаецца: можа, і няблага час ад часу нагадваць кіроўнай клясе, якая ўсё больш адрываецца ад народнага жыцьця і побыту, што здараецца, калі чыноўнік, саноўнік, арыстакрат, алігарх усё меней разумеюць краіну, якой кіруюць.

Калі для аднаго цяжкі жыцьцёвы клопат — узьвядзеньне прыватнай верталётнай пляцоўкі на даху чарговага палаца, а для другога — паход у самы танны супэрмаркет, які гандлюе паўгнілой садавіной ды гароднінай. 1917 год, калі памешчыцкія палацы палалі, як кардонныя скрынкі, а іхныя ўладальнікі ледзь пасьпявалі пакаваць чамаданы, каб уцячы калі не ў Парыж, дык хаця б у Стамбул ці Бялград, — напамін менавіта пра гэта.

Не бальшавіцкія ідэалы, а вострае адчуваньне сацыяльнай несправядлівасьці штурхнулі мільёны грамадзянаў колішняй Расейскай імпэрыі сто гадоў таму ў вір клясавай рэвалюцыі. Ды так штурхнулі, што маёмная кляса, якая прывыкла да раскошы і ўладнага панаваньня, не ўратавала ні свайго прывілеяванага становішча, за якое так трымалася, ні ўласнасьці, ні капіталаў, а часам — і ўласнага жыцьця.

...Прыгледзьцеся, ці не стаіць дзе ў адным зь менскіх двароў ленінскі браневічок? Ён, зразумела, абкладзены транспартным падаткам, і рух яму па беларускіх дарогах забаронены. Але хто ў сёньняшняй Беларусі зважае на тую забарону: палова грамадзянаў нахабна езьдзіць, не заплаціўшы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG