Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады прапануюць не штрафаваць за нявыплату «аўтапабору»: прыдумалі іншыя санкцыі


Ілюстрацыйнае фота

За нявыплату дзяржаўнага збору за допуск да ўдзелу ў дарожным руху штрафаў ня будзе. Але прадугледзілі санкцыі: парушальнікам прапануюць выстаўляць да выплаты збор у двухразовым памеры.

Пра гэта заявіў міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч у эфіры тэлеканалу «Беларусь-1».

Паводле кіраўніка Міністэрства фінансаў, «дарожны падатак» ня будзе прывязаны да тэхагляду, «гэта будзе плата за допуск да дарожнага руху». Таксама ён ня будзе зьяўляцца падатковай платай, што цалкам выключае магчымасьць прымяненьня якіх-небудзь штрафаў да плацельшчыка за нявыплату гэтага збору.

Максім Ермаловіч
Максім Ермаловіч

«Але ўсё роўна адказнасьць і санкцыі за ўдзел у дарожным руху без аплаты гэтага плацяжу прадугледжаныя, — сказаў Ермаловіч. — Калі будуць выяўленыя факты нявыплаты збору, тады ў павышаным памеры, у двухразовым пакуль прапануецца, гэтая плата будзе выстаўляцца фізычнай асобе».

  • прадугледжаная выплата збору на пэрыяд, пачынаючы з аднаго месяца;
  • аплаціць збор можна праз сыстэму АРІП;
  • пасьля гэтага грамадзянін атрымлівае права карыстацца дарожнай інфраструктурай;
  • памер збору будзе разьлічвацца аўтаматычна самой сыстэмай на падставе зьвестак аб транспартным сродку;
  • інфармацыя аб выплаце будзе перадавацца адпаведным структурам, усім зацікаўленым дзяржаўным органам;
  • будзе весьціся кантроль, у тым ліку з выкарыстаньнем сыстэм фотафіксацыі і відэаназіраньня, якія будуць фіксаваць выкарыстаньне транспартнага сродку бяз выплаты збору.

Дзяржаўная пошліна за выдачу дазволу на допуск транспартных сродкаў да дарожнага руху, якую мусяць плаціць усе ўласьнікі транспартных сродкаў, дзейнічае ў Беларусі з 2014 году. Яна разьлічваецца, зыходзячы з масы аўтамабіля, не залежыць ад году выпуску або маркі аўта і выплачваецца да праходжаньня тэхагляду ў поўным аб’ёме.

Яе ўвядзеньне ў канцы 2013 году выклікала абурэньне ў грамадзтве і нават справакавала акцыі пратэстаў аўтамабілістаў («Стоп-падатак»). Новы падатак адразу ахрысьцілі «аўтапаборам». Шматлікія аўтамабілісты сталі ігнараваць тэхагляд, нягледзячы на штрафы.

З 1 студзеня 2015 году памер падатку на доступ аўтасродкаў да дарожнага руху быў павялічаны.

Цяпер ва ўрадзе распрацоўваюць новую схему выплаты «дарожнага збору» паводле прынцыпу «колькі езьдзіш — столькі плаціш». Сума дзяржпошліны застанецца ранейшай, але пры выплаце яе адразу за год будзе паніжальны каэфіцыент — каля 80% ад «дарожнага падатку».

З парадкам выплаты дарожнага збору вызначацца да 1 лютага 2019 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG