Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтаўладальнікі ў рэгіёнах больш не даведаюцца, колькі «транспартнага падатку» яны заплацілі. А значыць, ня змогуць параўнаць, як гэтая сума адрозьніваецца ад той, колькі зь бюджэту вярнулі рэгіёну на добраўпарадкаваньне дарог.

Як паведаміла баранавіцкая газэта Intex-press, рэдакцыя штогод маніторыла сытуацыю з транспартным падаткам, і лічбы былі несуцяшальнымі. Напрыклад, у 2015 годзе на рамонт баранавіцкіх дарог вярнулася 33% ад выплачанай аўтаўладальнікамі гораду транспартнага падатку, а ў 2016 годзе — усяго 18%.

Аднак у гэтым годзе журналістам не ўдалося даведацца, колькі грошай на дарогі заплацілі аўтаўладальнікі Баранавічаў за мінулы год. З пачатку 2017-га дзяржаўная пошліна за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху залічваецца наўпрост у рэспубліканскі бюджэт, і статыстыкі ў разрэзе гарадоў падаткавікі не вядуць, паведамілі выданьню.

Так званы «транспартны падатак» быў уведзены ў Беларусі ў 2013 годзе. Ён абавязвае уласьнікаў аўтамабіляў аплачваць дзяржаўную пошліну за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху. Памер новага падатку — ад 3 да 25 базавых велічыняў, залежыць ад масы аўто і яго прыналежнасьці фізычнай ці юрыдычнай асобе. У сярэднім сума падатку за год да 200 рублёў. У сувязі з гэтым аўтамабілісты сталі ігнараваць тэхагляд: летась каля паловы ўладальнікаў зарэгістраваных у Беларусі аўто не прайшлі тэхагляд.

Мэтай новаўвядзеньня, як было заяўлена, зьяўляецца фінансаваньне будаўніцтва новых і рамонту існых дарог. Пры гэтым 50% сумы ад дзяржпошліны паступае ў рэспубліканскі бюджэт, 50% — у мясцовыя. Аднак, як адзначыў старшыня Асацыяцыі кіроўцаў і ўладальнікаў аўтатранспарту Алег Маркевіч, дакладна невядома, як разьмяркоўваюцца гэтыя грошы:

«Дагэтуль невядома, на што ідуць сродкі, — кажа ён. — Выглядае, што падатак уведзены, каб закрываць іншыя дзіркі — груба кажучы, рамантаваць дубінкі амапаўцам, якія хутка сьціраюцца. У любым выпадку мы гэтыя грошы ня ўбачым, бо падатак віртуальны — каб набіваць дзіравыя кішэні ў іншых галінах».

Ды і дарогі шмат дзе па-ранейшаму застаюцца ў дрэнным стане.

Нядаўна было прапанавана не прывязваць аплату дзяржаўнай пошліны да тэхагляду, а зрабіць яе транспартным зборам, а гадавую стаўку разьбіць на месяцы.

У якіх краінах плацяць падатак на аўтамабіль?

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG