Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палова машын у Беларусі не праходзіць тэхагляд з прычыны «аўтапабору», — экспэрт


Ілюстрацыйнае фота. На станцыі тэхагляду

Каля паловы ўладальнікаў зарэгістраваных у Беларусі аўтамабіляў ігнаруюць патрабаваньне тэхнічнага агляду.

Як заявіў у праграме «Галоўны эфір» на Беларускім тэлебачаньні намесьнік начальніка прадпрыемства «Белтэхагляд» Уладзімер Півульскі, 1 мільён 200 тысяч транспартных сродкаў своечасова не прайшлі тэхагляд.

Падставай да абмеркаваньня сытуацыі стала рэзанансная аварыя 2 сьнежня насупраць гандлёвага цэнтру «Замак» у Менску, калі грузавік ЗІЛ наехаў на пешаходаў, якія ішлі на зялёны сыгнал сьвятлафору. У выніку 11-гадовая дзяўчынка загінула на месцы, чатыры чалавекі трапілі ў шпіталь.

Экспэртыза пацьвердзіла словы кіроўцы: у машыны адмовілі тармазы. Пазьней стала вядома, што ад 2015 году гэты аўтамабіль не праходзіў дзяржаўнага тэхагляду.

«Дагэтуль невядома, на што ідуць сродкі​»

Старшыня Асацыяцыі кіроўцаў і ўладальнікаў аўтатранспарту Алег Маркевіч кажа, што падобную сытуацыю прадказвалі адразу пасьля таго, як у 2013 годзе Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон аб дзяржаўнай пошліне на допуск аўтамабіляў у дарожным руху.

«Пабор на аўтамабіль», як яго адразу ахрысьцілі людзі, спаганяецца падчас праходжаньня тэхнічнага агляду. Уладальнікі аўтамабіляў узростам да 10 гадоў плацяць таксама наперад, бо праходзяць працэдуру раз на два гады.

Памер новага падатку — ад 3 да 25 базавых велічыняў, залежыць ад масы аўта і яго прыналежнасьці фізычнай ці юрыдычнай асобе. У сярэднім сума падатку за год да 200 рублёў.

Алег Маркевіч
Алег Маркевіч

«Улады мусяць перагледзець гэты бессэнсоўны пабор, бо напал у грамадзтве падступае да крытычнай адзнакі, — лічыць Алег Маркевіч.— Аўтамабіліст — гэта сярэдняя кляса ці прынамсі блізкая да яе праслойка. 3 мільёны прыватных аўтамабіляў памножце хаця б на аднаго кіроўцу. Ужо атрымаеце палову з тых, хто мае права голасу».

Паводле Алега Маркевіча, магчыма, дзяржаўная пошліна ўспрымалася б ня так нэгатыўна, каб, па-першае, яе памер быў больш адпаведны заробкам, а па-другое, каб людзям зразумела патлумачылі, куды ідуць грошы.

«Дагэтуль невядома, на што ідуць сродкі, — кажа ён. — Выглядае, што падатак уведзены, каб закрываць іншыя дзіркі — груба кажучы, рамантаваць дубінкі амапаўцам, якія хутка сьціраюцца. У любым выпадку мы гэтыя грошы ня ўбачым, бо падатак віртуальны — каб набіваць дзіравыя кішэні ў іншых галінах. Крыху перафразую нябожчыцу Валерыю Навадворскую, якая казала пра камуністаў, але пасуе і нашым кіраўнікам: даць нашаму ўраду ў арэнду Сахару, то праз год трэба будзе завозіць туды пясок...».

Экспэрт перакананы, што гэта абдываецца праз тое, што ў Беларусі «няма падзелу ўладаў: што хочуць, тое і варочаюць».

На ўліку ў Дзяржаўтаінспэкцыі Беларусі стаіць каля 4 мільёнаў адзінак тэхнікі, уключна зь легкавымі, грузавымі аўтамабілямі, спэцмашынамі, матацыкламі і г.д.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG