Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму для Лукашэнкі выбары — «бакханалія»


«У нас пачынаецца палітычная "бакханалія", якая працягнецца мінімум паўтара года. І выбары парлямэнта, і прэзыдэнта. Яны ніколі не дадавалі стабільнасьці і спакою ў нашым грамадзтве» — гэтая заява кіраўніка дзяржавы, зробленая падчас абнародаваньня шэрагу кадравых прызначэньняў, выклікала жывую рэакцыю публікі. Шмат у каго — сьмех, кпіны над яе недарэчнасьцю і нехлямяжасьцю.

Па-першае, з прычыны яе да пэўнай ступені беспрэцэдэнтнасьці наагул у сьвеце. Цяжка сабе ўявіць, хто б з палітыкаў у сьвеце мог бы публічна так ацаніць самую дэмакратычную працэдуру. Ні Трамп, ні Макрон, ні Мэркель, ні іх менш пасьпяховыя канкурэнты не назвалі б выбары «бакханаліяй». Вынікі выбараў безумоўна гэтых палітыкаў турбуюць, яны радуюцца, калі перамагаюць, сумуюць, калі прайграюць. Але вакханалія — што ж у выбарах такога бакхічнага?

Але, здаецца, нават і аўтарытарныя ўладары звычайна ўсё ж не дэманструюць такой «шчырасьці», як Лукашэнка. Ні Пуцін, ні, напрыклад, Эрдаган ня кажуць, што выбары — пэрыяд хаосу, вайны ўсіх супраць усіх, балянсаваньня на мяжы катастрофы. Для іх гэта — пацьвярджэньне, аднаўленьне іх народнага мандату на ўладу. У прынцыпе, як і для іх дэмакратычных калегаў.

«Бакханалія» як на могілках

Ну а другі момант, чаму выказваньне Лукашэнкі выглядае такім недарэчным — практыка беларускіх выбараў апошніх гадоў і дзесяцігодзьдзяў, а таксама мінімальная веда пра тое, як гэтыя выбары праходзяць і арганізоўваюцца.

Звычайна на выбарах у Беларусі цішыня, як на могілках. Нікому яны асабліва не цікавыя, большасьці нібыта і ўсё роўна, якім будзе вынік. І таму што ён вядомы, і таму што няма асаблівага спадзеву на перамены да лепшага, калі ён будзе іншы.

Для яго любая альтэрнатыва поўнаму кантролю — гэта хаос, пагроза

Ну і ўсё ж вынік вядомы. Сыстэма падліку галасоў працуе, як добра змазаны аўтамат Калашнікава. Здаецца, што прыйдзе на выбары адна Лідзія Ярмошына, дык і тады выбарчыя камісіі — ад участковай да цэнтральнай — адрапартуюць, што яўка — 73.8%, за каго трэба прагаласавала ад прыйшоўшых 69.7%.

Якая бакханалія, які ўраган жарсьцяў, дзе рака віна і натоўп блудніцаў?

Дык чаму ж Лукашэнка так сказаў? Таму што так бачыць сьвет. Для яго любая альтэрнатыва поўнаму кантролю — гэта хаос, пагроза. Пра вылічальныя здольнасьці Ярмошынай ён ведае хіба ня лепш за ўсіх. Але для яго выбары — гэта структурная магчымасьць няўстойлівасьці, рызыка, што нешта можа пайсьці не паводле пляну.

Напамін пра Плошчу

Многія апанэнты Лукашэнкі мяркуюць, што на выбарах усё схоплена, перадвызначана, пралічана і пракантралявана. Ён у гэтым зусім не ўпэўнены.

Ён, ізноў жа як ніхто, ведае якасьць працы дзяржаўнага апарату. Ягоныя словы пра «пафігістычнае» стаўленьне чыноўнікаў да працы, сказаныя ў жніўні падчас разносу ў Воршы — ну гэта ж пра ўвесь апарат. Гэта для вонкавага назіральніка, з-за межаў сыстэмы, на выбарах усё працуе, як гадзіньнік. Для Лукашэнкі — зусім не як гадзіньнік. Працуе як усё. Проста пакуль усе неяк атрымлівалася.

Не самыя выбары, але зь іх нагоды, у сувязі зь імі, пасьля іх, у выніку іх. Для Лукашэнкі самая гіпатэтычная магчымасьць такога разьвіцьця падзеяў, імавернасьць яго — гэта ўжо «бакханалія»

І ёсьць досьвед. І сусьветны, і айчынны. Колькі ў сьвеце было ўладароў, якім здавалася, што выбары ў іх краіне — фармальнасьць, рытуал, што калі нешта іх уладзе і пагражае, дык выбары — у апошнюю чаргу. І колькім зь ім давялося сутыкнуцца з «цудоўнымі выбарамі», калі на першы погляд пусты рытуал ператвараўся ў мэханізм зьмены ўлады. На саміх выбарах ці ў сувязі з выбарамі.

Гэта не правіла. Украінскі Эўрамайдан 2013-2014 гадоў адбыўся па-за якой сувязьзю з выбарамі, «арабская вясна» — ня ў сувязі з выбарамі. Але гэтая сувязь існуе прынамсі нярэдка — «аранжавы» Майдан ва Ўкраіне, грузінская «рэвалюцыя ружаў», нядаўняя армянская рэвалюцыя, расейскія пратэсты на Балотнай 2011-2012 гадоў — усё гэта было зьязана з выбарамі так ці інакш. Ва Ўкраіне і ў Грузіі — дык гэта былі пратэсты пасьля выбараў, у Армэніі — у сувязі з абраньнем прэм’ера ў парлямэнце, у Расеі — у сувязі з адмовай Мядзьведзева ісьці на новыя выбары.

Ну і ёсьць уласны досьвед. Так, у Беларусі была і «менская вясна» 1996 году, і «антыдармаедзкія» пратэсты 2017 году. Але хіба ня самымі маштабнымі і прынамсі самымі «гучнымі» пратэстамі былі дзьве Плошчы — 2006-га і 2010-га гадоў. Не самыя выбары, але зь іх нагоды, у сувязі зь імі, пасьля іх, у выніку іх.

Для Лукашэнкі самая гіпатэтычная магчымасьць такога разьвіцьця падзеяў, імавернасьць яго — гэта ўжо «бакханалія». Нават ня веда пра тое, што нехта будзе спрабаваць падобны сцэнар зрэалізаваць, а ўсяго толькі яго магчымасьць.

Апаратная «бакханалія»

Ёсьць і прынцыпова іншае тлумачэньне. Паводле яго «бакханалія» — гэта наагул не пра электарат. А пра апарат. Вось, скажам, прэзыдэнцкія выбары. Здавалася б, усё зразумела.

Але хіба ўсё? А вось ці патрэбна, каб у бюлетэні быў, скажам, Гайдукевіч — малодшы ці старэйшы? А Статкевіч? Ён асабіста, здаецца, ня мае права, ну дык кшталту яго — трэба ці не? А можа цікава было б, каб быў на выбарах, скажам, Матолька ці кшталту яго. А каго захочуць падсунуць расейскія «заклятыя сябры»? Не, не для таго, каб скінуць Лукашэнку, адно каб «солі на хвост насыпаць». Хаця хто іх ведае, можа і не адно для гэтага. І як гэтаму «кандыдату Пуціна» супрацьдзейнічаць?

І для сыстэмы, для Лукашэнкі гэта рэальныя праблемы. Па кожнай канчатковае рашэньне будзе прымаць, зразумела, ён. Але хто што параіць, хто што будзе прапаноўваць? Зразумела, прапаноўваць будуць толькі самыя давераныя, самыя правераныя, зразумела, усе парады будуць, каб умацаваць сыстэму. Але меркаваньні і сярод іх могуць быць самыя розныя, у тым ліку і супрацьлеглыя. І каго слухаць? І хто мае рацыю?

Ці парлямэнцкія выбары. Досьвед Анісім і Канапацкай — які вынік для сыстэмы? У будучаю палату — запусьціць гэтых жа ці іншых? І колькі? А гэтыя — бізнэсоўцы і тыя, якія ІТ-краіна — яны нам там трэба? А «рускі сьвет» нам там трэба? І ў якой колькасьці? Ці нават проста: хто лепш — намесьнік старшыні гарвыканкаму ці кіраўнік буйнога заводу на тэрыторыі гэтага раёну? За кожны выбар — ёсьць за і супраць, ёсьць людзі ў апараце, якія за адзін варыянт, ёсьць тыя, хто за іншы.

Так, у выніку зьявіцца адзіны сьпіс, яго падпіша Лукашэнка, сыстэма Ярмошынай выдасьць патрэбныя лічбы. Для народу, зразумела, ніякага выбару ня будзе. А вось пры складаньні сьпісу — будзе. І нават барацьба цалкам магчымая.

Прыдумалі ж старажытныя грэкі такую дурасьць — выбары. Суцэльная бакханалія і нічога больш. Але ўвесь сьвет так жыве, што зробіш.

Бакханалія (вакханалія) — крайняя ступень беспарадку. Паходзіць ад лацінскага bacchanalia — сьвята ў гонар бога Бахуса (Bacchus, Вакх, Дыёніс), якое першапачаткова праводзілася адну ноч у сакавіку і толькі сярод жанчын, затым стала больш працяглым, з удзелам мужчын, і было зьвязана з гвалтам і распустай.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG