Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памочнік дзяржаўнага сакратара ЗША наведае Менск


Эран Ўэс Мітчэл, архіўнае фота

Эран Ўэс Мітчэл, памочнік дзяржаўнага сакратара ЗША ў эўрапейскіх і эўразійскіх справах, наведае Менск 30 кастрычніка, паведамляецца на сайце Дзяржаўнага дэпартамэнту.

Мэта візыту апісаная каротка: сустрэча з высокапастаўленымі беларускімі службоўцамі дзеля абмеркаваньня амэрыканска-беларускай супрацы ў шэрагу глябальных пытаньняў. Пасьля Менску Мітчэл наведае Вільню 31 кастрычніка і Гаагу 1 лістапада.

На пазамінулым тыдні Мітчэл у выступе перад Атлянтычнай радай казаў, што сярод асноўных прынцыпаў палітыкі ЗША ў Эўропе — павага тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту хаўрусьнікаў: Украіны, Грузіі «і нават Беларусі», якія ёсьць «мурам супраць расейскага нэаімпэрыялізму».

***

У канцы жніўня пачала працу новая кіраўніца амэрыканскай амбасады ў Менску — Джэніфэр Мур не амбасадарка, а павераная, пасады амбасадара ЗША ў Беларусі 10 гадоў няма. Мур сказала Свабодзе:

«Калі я буду рабіць сваю працу добра, у Беларусь вернецца амбасадар ЗША».

У сакавіку 2008 году пад ціскам уладаў Беларусі дыпляматычны штат амбасады ЗША ў Менску быў скарочаны — з 35 да 5 чалавек. Так афіцыйны Менск адрэагаваў на эканамічныя санкцыі Вашынгтону, уведзеныя за парушэньне правоў чалавека ў Беларусі. Крыху пазьней кіраўніцтва дыпляматычных прадстаўніцтваў абедзьвюх дзяржаваў таксама на патрабаваньне афіцыйнага Менску было зьніжанае з узроўню амбасадара да ўзроўню часовага паверанага. Апошнім амбасадарам ЗША ў Менску была Карэн Ст’юарт, апошнім амбасадарам Беларусі ў ЗША — Міхаіл Хвастоў.

У чэрвені 2016 году МЗС Беларусі не запярэчыў пашырэньню штату амэрыканскай амбасады да сямі чалавек.

4 траўня 2018 году папярэдні павераны ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі выказаў спадзеў, што амэрыканская амбасада ў Беларусі зноў будзе мець поўны штат, як да 2008 году, але адзначыў, што «працэс яе аднаўленьня вымагае часу, бо ёсьць амэрыканскія патрабаваньні і працэдуры». Акрамя таго, дадаў ён, «у выпадку зь Беларусьсю ёсьць некаторыя працэдуры, якія павінны быць узгодненыя зь беларускім бокам, і гэта таксама залежыць ад пазыцыі беларускага боку».

«Мы працуем над тым, каб амбасадары некалі вярнуліся (беларускі — у ЗША, амэрыканскі — у Беларусь. — РС), але я не магу сказаць дакладна, калі гэта можа адбыцца», — сказаў павераны ў справах ЗША ў Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG