Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Запаліць расейскія сэрцы» Адкуль ідуць чуткі аб далучэньні Беларусі


Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка ў Магілёўскай вобласьці, 12 кастрычніка 2018

Калі на Беларусь нападуць, Расея адкажа на гэты напад гэтак сама, як калі б агрэсія адбылася супраць яе самой. Пра гэта днямі заявіў новы пасол РФ у Менску Міхаіл Бабіч і дадаў: «У нас сфармаваныя ўсе кампанэнты, якія неабходныя як для абароны, так і для ўдару ў адказ».

Між тым у расейскіх СМІ шэраг аналітыкаў прадракаюць хуткае далучэньне заходняга суседа да Расеі. Што за гэтым стаіць? Пра гэта — у матэрыяле аглядальніка расейскай службы Радыё Свабода Яраслава Шымава.

Яраслаў Шымаў
Яраслаў Шымаў

Для пачатку — некалькі сьвежых цытат.

Уладзіслаў Іназемцаў, доктар эканамічных навук, дырэктар Цэнтру дасьледаваньняў постіндустрыйнага грамадзтва: «Наступны крок Масквы, каб і далей падаграваць патрыятычны чад унутры Расеі, мог бы палягаць у акупацыі цяпер ужо цэлай краіны — меркаванай часткі „рускага сьвету“, якая пры гэтым пакуль не ўваходзіць у заходнія альянсы. І кандыдат на гэта цяпер толькі адзін — Беларусь. Перш за ўсё, для гэтага ёсьць якая-ніякая аснова — ня вельмі дзейная, але фармальна наяўная саюзная дзяржава, якую можна зрабіць „яшчэ больш саюзнай“. Ёсьць і „маральнае апірышча“: Расея дзесяцігодзьдзямі ўтрымлівае беларускую эканоміку, марнуючы на гэта да 7-8 млрд даляраў на год. Прысутнічае і глыбокае раздражненьне Крамля Менскам — грошы „бацька“ рэгулярна бярэ, але ніякія прапановы Масквы (ад прызнаньня тых самых Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі да разьмяшчэньня на сваёй тэрыторыі расейскіх баз) не знаходзяць водгуку. Аднак ёсьць і галоўная прычына: 2024 год і пошук новай легітымнасьці для „нацыянальнага лідэра“».

Віталь Шкляр, паліттэхноляг: «У 2012-2013 гадах, як і цяпер, улада зайшла ў тупік і сутыкнулася з істотным зьніжэньнем падтрымкі з боку насельніцтва. Тады рашэньне было знойдзенае (ці знайшлося само) — Крым. Варыянт з чарговым „геапалітычным посьпехам“ застаецца, мабыць, адной зь нямногіх стратэгій для Пуціна. Беларусь, вядома ж, значна бліжэйшая расейцам, чым Прыбалтыка. Гэтую краіну, як можа здавацца стратэгам Крамля, наўрад ці стане актыўна абараняць сусьветная супольнасьць, у якой даўно і безнадзейна сапсаваныя адносіны з прэзыдэнтам Лукашэнкам. Асабліва калі Лукашэнка і ўвесь беларускі народ добраахвотна, безь „зялёных чалавечкаў“, пагодзяцца падвысіць узровень інтэграцыі ў рамках саюзнай дзяржавы».

Аляксей Рошчын, сацыяльны псыхоляг: «Здаецца, ужо зразумела, як Крэмль зьбіраецца адыгрываць ачкі: варыянт ізноў выбіраецца „несымэтрычны“. На ўсе правалы і няўдачы яны зьбіраюцца адказаць адным махам, праз... далучэньне Беларусі. І як бы заб’юць усіх зайцаў разам. Беларусь чарговы раз падышла да банкруцтва са сваёй своеасаблівай эканамічнай мадэльлю, пры гэтым прадаваць „бацьку“ ўжо няма чаго — усё, што мог, ён ужо так ці інакш прадаў або заклаў. І адначасова яго падлашчваньне да Кітаю і ЭЗ пачало прымаць ужо зусім пагрозьлівы для расейскіх інтарэсаў характар. Вось і зьявілася ідэя — „бацьку“ прыбраць („дасталі твае фокусы!“). А пад гэтую справу „інтэграваць“ Беларусь аж да поўнага паглынаньня нашай „фэдэрацыяй“. Паводле чутак, Лукашэнку на гэты конт выстаўлены ўжо сапраўдны ўльтыматум».

Акрамя пералічаных, у кастрычніку публікацыі на тэму магчымага «аншлюсу» Беларусі зьявіліся яшчэ на некалькіх расейскіх мэдыя-рэсурсах і ў папулярных Тэлеграм-каналах. На палітычным узроўні апошнімі тыднямі зьдзівіў некалькімі выказваньнямі прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Падчас візыту Ўладзіміра Пуціна ў Магілёў ён нечакана назваў гэты горад «больш расейскім, чым беларускім». А празь некалькі дзён, прымаючы новага пасла Расеі ў Менску Міхаіла Бабіча (якому, дарэчы, раней адмовілі ў агрэмане ва Ўкраіне), Лукашэнка раптам прачытаў яму невялікую лекцыю на тэму беларускай незалежнасьці і пра тое, што «гаварыць пра інкарпарацыю, уключэньне Беларусі ў склад Расеі проста сьмешна».

Пра тое, чым занепакоены Лукашэнка і адкуль узяліся чуткі аб падрыхтоўцы далучэньня Беларусі да Расеі, разважае беларускі палітычны аналітык Юры Дракахруст.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

— Чым абумоўленая такая сэрыя публікацый, адна за адной, у Расеі па, скажам так, «беларускім пытаньні»? За гэтым нешта стаіць, на вашу думку?

— Думаю, што стаіць. Але ня думаю, што стаіць канкрэтны плян інкарпарацыі Беларусі — сілай, або хітрасьцю, або дабрынёй. З боку расейскага кіраўніцтва нейкіх прамых пажаданьняў, патрабаваньняў або пагрозаў у гэтым напрамку мы ня чуем. Але тое, што так дружна ў Расеі такія розныя людзі пачынаюць пра гэта гаварыць і пісаць, наўрад ці выпадкова. Нейкі агонь ці хаця б агеньчык за гэтым дымам ёсьць. Прынамсі, гэта нейкія крамлёўскія размовы: а вось ці не паспрабаваць, а ці не варыянт гэта?

Пра тое, што нешта за гэтымі чуткамі хаваецца, на мой погляд, сьведчыць цэлая сэрыя заяваў Аляксандра Лукашэнкі. Пару месяцаў таму, калі ён прыяжджаў у Гомель, адчытваючы чыноўнікаў, сказаў ім: вы, хлопцы, глядзіце, будзеце дрэнна працаваць, дык мы можам у складзе іншай краіны апынуцца. Здавалася б, а з чаго, што здарылася? Ці вось, прымаючы новага пасла Расеі, таксама раптам чамусьці яго пачаў пераконваць у тым, што незалежнасьць Беларусі — гэта сьвятыня, што ніхто не павінен на яе замахвацца. Але быццам жа ніхто не замахваўся. Пасол ужо дакладна не казаў, што ён замахваецца.

Міхаіл Бабіч і Аляксандар Лукашэнка
Міхаіл Бабіч і Аляксандар Лукашэнка

— На ўсялякі выпадак яму было сказана.

— На ўсялякі выпадак, каб ён быў у курсе. Потым варта прыгадаць зусім нядаўнюю заяву, што калі на нас нападуць, то «сем мільёнаў аўтаматаў раздасьць», кожнаму даросламу беларусу. Хутчэй за ўсё, такія дзіўныя заявы — гэта рэакцыя на нейкія настроі, думкі, пляны, якія дзесьці лунаюць, у нейкіх крамлёўскіх кабінэтах. З гэтых кабінэтаў чуткі даносяцца да Тэлеграм-каналаў, аглядальнікаў, якія на гэта рэагуюць і гэта трансьлююць. Магчыма, нават зь нечаей парады гэта прасоўвае, тут дакладна сказаць нельга.

— Галоўны аргумэнт, які прыводзіцца ў гэтых публікацыях, — маўляў, «аншлюс» — добры спосаб зноў падняць рэйтынг Уладзіміра Пуціна. Ён цяпер ня тое каб нізкі — многія дэмакратычныя палітыкі марылі б пра рэйтынг даверу 48%, але ў параўнаньні з тым, што было раней, ён вельмі нізкі. Вы згодны, што гіпатэтычнае далучэньне Беларусі — гэта такі Крым-2, магчымасьць зноў падвысіць рэйтынг?

Я думаю, што ўсё ж не. Кожны раз, калі рэйтынг падае, захопліваць новую краіну — гэта даволі складана нават для Расеі. Ці правільна зыходзіць з таго, што Пуцін моліцца на гэты рэйтынг? Калі б ён маліўся, то проста ня стаў бы праводзіць непапулярную пэнсійную рэформу. Бо сытуацыя не такая, што калі яе не праводзіць, то разваліцца Расея — гэта ня так. Але Пуцін сьвядома на гэта пайшоў, таму яго стаўленьне да рэйтынгу наўрад ці такое — любой цаной. Што тычыцца крымскага фэномэну, то я паглядзеў цікавыя лічбы Левада-цэнтру: пасьля Крыму, гэта вядома, рэйтынг Пуціна падскочыў. А вось, скажам, пасьля пачатку сырыйскай вайны ён не варухнуўся. Так, ён і так быў вельмі высокі, але сырыйская вайна нічога не дадала.

— Сырыя далёка, а Беларусь блізка, яна для расейскай сьвядомасьці «свая».

Вось якраз у гэтым, на мой погляд, і фокус: яна настолькі свая, што нават яе далучэньне наўрад ці можа запаліць расейскія сэрцы і стварыць адчуваньне, што Расея нешта атрымала, чаго ў яе ўчора не было. Хутчэй можа зьявіцца іншае адчуваньне: а ўжо іх за што? Аляксандар Лукашэнка цалкам відавочна гэтага ня хоча. Ён досыць дасьведчаны і хітры палітык, каб усяляк гэтаму супраціўляцца. Да таго ж, калі глядзець на гэтую справу з расейскага боку, то аб’яднаньне з суседняй 10-мільённай краінай, усімі прызнанай — гэта задача складаная. А што ў Расеі апошнім часам адбываецца са складанымі задачамі, мы бачым: ад Солсбэры да ракеты, якая ўпала.

Я чуў ад некаторых расейскіх палітолягаў такую вэрсію, што ўсурʼёз гэты беларускі варыянт ніхто ў Крамлі не абмяркоўвае. Але ў Крамлі адбываецца «барацьба вежаў», там ужо думаюць пра спадчыну Пуціна, пра 2024 год. У іхным дыялёгу гэта такі пробны шар, гіпатэтычная камбінацыя, якую можна выкарыстоўваць як аргумэнт. Мы бачым, што ў той самай амэрыканскай палітыцы цяперашняя расейская карта не зусім пра Расею — яна пра Амэрыку. Гэтак сама і гэтая беларуская карта ў крамлёўскіх гульнях — не пра Беларусь, а пра Расею. Так людзі з крамлёўскіх вежаў адны з аднымі разьбіраюцца.

— Новы пасол Расеі ў Менску Міхаіл Бабіч сказаў днямі, што Расея абароніць Беларусь у выпадку зьнешняй агрэсіі. Ён таксама вельмі крытычна выказаўся наконт магчымай вайсковай базы ЗША ў Польшчы, якую жартам ужо называюць «Форт-Трамп». Нават калі падыходзіць асабліва скептычна да якіх-небудзь плянаў далучэньня Беларусі, то тут мы маем цалкам канкрэтны сюжэт з патэнцыйным пашырэньнем расейскай вайсковай прысутнасьці на беларускай тэрыторыі. Заява Бабіча — гэта напярэдадні дыпляматычнага наступу Масквы з мэтай «даціснуць» Менск з нагоды пастаяннай расейскай базы ў Беларусі?

— Я думаю, што гэта, вядома, намёк на тое, чаго ў Расеі хацелі б. Што тычыцца «Форт-Трампа», то там яшчэ зусім не вядома, чым справа скончыцца. Нічога пакуль не зацьверджана. Але пакуль рэальна адбываецца перадысьлякацыя ўласна польскіх войскаў, яны падцягваюцца бліжэй да ўсходняй мяжы, выводзяцца на так званы Сувалскі калідор. У Расеі гэта выклікае пэўныя асьцярогі. Але я б усё ж разглядаў гэтую заяву пасла хутчэй як намёк, а не патрабаваньне. Калі ўзгадаць 2015 год, то Менск часам не разумее намёкаў, якія робяцца ў Расеі. А тады гаворка, я нагадаю, ішла ня проста аб намёках, Пуцін тады падпісаў распараджэньне аб тым, што авіябаза расейская ў Беларусі будзе. Але — былі такія пляны і сплылі. Зрэшты, фармальна кажучы, спадар пасол стаяў на гранітным падмурку Дамовы аб калектыўнай бясьпецы, там гэта чорным па белым напісана, што пры нападзе на адну краіну АДКБ усе астатнія павінны яе абараняць. Так што намінальна Бабіч ня сказаў нічога новага. Але фактычна так, ён намякнуў. Калі амэрыканская база ў Польшчы ўзьнікне, то Аляксандру Лукашэнку будзе складана рабіць выгляд, што ён не разумее такіх намёкаў.

— А вось выказваньне зь іншага боку. Кажа памочнік дзяржсакратара ЗША Ўэс Мітчэл, які адказвае ў Дзярждэпартэмэнце за ўсходнеэўрапейскі рэгіён: «Нацыянальны сувэрэнітэт такіх краін, як Украіна, Грузія, нават Беларусь, — гэта заслон супраць расейскага нэаімпэрыялізму». Мы бачым намёкі, як вы іх назвалі, з расейскага боку, і нават не намёкі, а зусім канкрэтныя заявы аб сыстэме прыярытэтаў амэрыканскай дыпляматыі. Што гэта абяцае, на ваш погляд, Беларусі ў будучыні? Лёс поля чарговай геапалітычнай бітвы?

— Беларусь як фарпост супраць расейскага імпэрыялізму, пры тым, што яна ўваходзіць у разнастайныя саюзы з гэтай самай Расеяй, — гэта, вядома, моцна сказана. Насамрэч у ЗША разумеюць, што Беларусь — гэта саюзьнік Расеі, вельмі блізкая да яе краіна. Але пры гэтым для Злучаных Штатаў незалежнасьць Беларусі, хай лукашэнкаўскай, усё ж лепшая, чым, умоўна кажучы, расейскі трыкалёр у Берасьці, чым расейская армія на польскай мяжы. Таму гэта такая даволі складаная што да выкананьня палітыка.

Нейкі індыкатар таго, наколькі гэта важна або ўсё роўна для ЗША — гэта лёс амэрыканскіх санкцый супраць Менску. Іх толькі часткова зьнялі, але цалкам не, у адрозьненьне ад эўрапейскіх санкцый. Калі санкцыі здымуць, тады гэта будзе знак таго, што так, сапраўды пачынаецца нейкая новая палітыка. Але я, шчыра кажучы, думаю, што і тады будуць хутчэй намёкі, жэсты, нейкія вельмі невялічкія крокі.

Сытуацыя зь Беларусьсю — двухсэнсоўная. Гэтая краіна — саюзьнік Расеі, вайсковы, палітычны, эканамічны. Асаблівага жаданьня вырвацца з гэтай арбіты яна не дэманструе. Але дэманструе жаданьне вытрымліваць нейкі балянс, ня хоча быць поўным сатэлітам Масквы. Менск вядзе сваю палітыку ў рэгіёне, у прыватнасьці, у дачыненьні да Ўкраіны. 25-26 кастрычніка ў Гомелі пройдзе форум рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны — гэта таксама жэст, гэта таксама дэманстрацыя. Але на Захадзе разумеюць, што гэта не азначае, што заўтра Беларусь вырвецца з усіх сваіх саюзаў, пойдзе ў NATO, у Эўразьвяз. Там разумеюць, што гаворка ідзе пра падтрыманьне балянсу, і гуляюць у гэтую гульню.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG